"Народны дыпламат" і сябар з фэйсбука. Віцебскі педагог і паэт - пра любоў да мовы і людзей. 21.by

"Народны дыпламат" і сябар з фэйсбука. Віцебскі педагог і паэт - пра любоў да мовы і людзей

25.03.2016 12:44 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння, у Дзень Волі, святкуе народзіны беларускі паэт, перакладчык і педагог Уладзімір Папковіч. Дата шаноўная — 81 год. Але хто яму столькі дасць?


Спадар Уладзімір па-ранейшаму шмат працуе. Пастаянна ў цэнтры ўсіх грамадскіх, культурніцкіх і свецкіх падзей — там, дзе збіраецца ўвесь віцебскі арт-бамонд. Ён так шчыра і прыязна ўсміхаецца людзям, што не ўсміхнуцца ў адказ проста нельга. Моладзь дужа яго любіць і ходзіць за ім літаральна натоўпамі. Бо гэта выкладчык ад Бога. Патрабавальны, але й спагадлівы. Мудры, але не зануда. Нават вядзе старонку ў Фэйсбуку.

Напярэдадні дня нараджэння Уладзімір Антонавіч даў інтэрв'ю TUT.BY.

Пра працу

Педагагічнай працы Папковіч аддаў амаль 60 год. 34 з іх ён працуе выкладчыкам нямецкай мовы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава (раней — педінстытут).

— На пенсію я пайшоў у 75 гадоў. Тры гады прабыў дома. Не скажу, што сумаваў па працы. Бо займаўся перакладамі, пісаў вершы, выдаваў кніжку, карацей, не сядзеў без справы. А пасля патэлефанавалі з універсітэта: «Нам трэба выкладчык, прыйдзіце, калі ласка». Я і вярнуўся. Калі ты ўсё жыццё прапрацаваў педагогам, то цягне — да моладзі, да студэнтаў. Яны цудоўна да мяне адносяцца, ды і я з імі сябрую.

Зараз у мяне 30 гадзін у тыдзень. Гэта цяжка. Раней працаваў у другую змену, а тут даводзіцца ўставаць раніцай — а 6-й ці нават раней. Да таго ж шмат папер, шмат патрабаванняў ад выкладчыкаў і невялікі заробак — за 1,25 стаўкі выходзіць недзе каля 3 мільёнаў рублёў. Працую, бо паабяцаў. Але сёлета — апошні навучальны год, потым пайду ўсё ж на пенсію.

Пра творчасць

— Мая першая кніжка выйшла, калі мне было ўжо 43 гады. У літаратуру я прыйшоў так. Падчас вайны ў нашай хаце ў вёсцы жылі два маладыя хлопцы, партызаны-радысты, яны патрымлівалі сувязь з Масквой. Аднаго з іх звалі Мікола Ваданосаў. Потым ён стаў вядомым беларускім дзіцячым пісьменнікам. Неяк мая сястра Леаніла, настаўніца, была ў Мінску і зайшла да Міколы ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе ён працаваў. І кажа: «Коля, брат піша вершы, але ён такі, што нікому амаль іх не паказвае. Можа, вы іх паглядзіце?». Ваданосаў адказвае: «Няхай дасылае. Я іх глядзець не буду, я ж празаік, а во сядзіць Грыша Барадулін, ён і пачытае».


З Рыгорам Барадуліным. Фота: уласны архіў героя

Злева направа: літаратары Міхаіл Рыўкін, Анатоль Канапелька, Давід Сімановіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Марудаў, Маіна Бабарыка, Уладзімір Хазанскі, Уладзімір Папковіч. Фота: уласны архіў героя

Барадулін выпусціў у свет маю першую кніжку. Гэта быў мой хросны бацька ў літаратуры. Мы з ім пасябравалі. Ён мне казаў: «Ты з Міншчыны, а жывеш у Віцебску, а я з Віцебшчыны, а жыву ў Мінску. Вось такія мы з табой землякі». Я любіў Рыгора Барадуліна і як паэта, і як чалавека. Няхай гэта гучыць некалькі саманадзейна, але мне здавалася, што ў нас ёсць, хоць маленькая, роднаснасць душ.

А перакладамі мне прапанаваў займацца Янка Брыль. У той жа час прапагандавалі беларускую мову. І першае, што мне даручылі перакласці для выдавецтва «Мастацкая літаратура», былі вершы Ёганэса Роберта Бэхера. Гэта быў 1985 год. А ў 1994 годзе пераклаў «Тры таварышы» Рэмарка. Я вельмі гэтага хацеў.

Але гэта быў ужо зусім іншы час, і атрымаў я за гэту працу вельмі мала. Ці давёз я тыя грошы дадому? (смяецца). Тады ўсе літаратары так жылі. Памятаю, Васіль Быкаў у той час напісаў, што атрымаў за сваю кніжку столькі грошай, што змог толькі заправіць машыну. А напрыканцы 70-х, за першыя зборнік вершаў, я атрымаў 900 рублёў. Гэта было нямала. Сярэдні заробак тады быў недзе 120 рублёў. А тут раптам амаль тысяча!

Пра студэнтаў

— Як падбіраю ключыкі да студэнтаў? Па-першае, вялікі вопыт. З 1958 года, пасля вучобы ў інстытуце замежных моў (зараз — лінгвістычны ўніверсітэт), іншай працы, акрамя педагагічнай, я амаль не ведаў. Усё жыццё прайшло ў школе, у тэхнікуме, ва ўніверсітэце…


Уладзімір Папковіч са сваімі студэнткамі. Фота: уласны архіў героя

Лічу сябе патрабавальным выкладчыкам. Калі чалавек выбраў гэту прафесію, то трэба вучыцца, трэба цягнуцца. Замежная мова, асабліва нямецкая, — цяжкі прадмет. Як музыкай ці маляваннем трэба займацца штодзень, так і замежнай мовай.

Цяперашняя моладзь не вельмі разумее: для чаго старацца? Я люблю ім чытаць натацыі, прысвечаныя выхаванню. Шукаю розныя падыходы да сумлення. Маё ж прозвішча — Папковіч. Магчыма, у нашым родзе быў святар. І магчыма, таму ў мяне такое памкненне да асветы, да духоўнасці. Увогуле я першы з нашай сям'і і ўвогуле з вёскі, хто атрымаў вышэйшую адукацыю. З вялікімі цяжкасцямі, бо пасля вайны вучыцца было нялёгка.


Са студэнтамі Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума. Фота: уласны архіў героя

Пра Фэйсбук

— У Фэйсбуку ў мяне каля 800 сяброў. Сярод іх шмат маіх выпускнікоў, якія жывуць і ў Амерыцы, і ў Ізраілі, і ў розных краінах Еўропы (пераважна, у Германіі). І яны неяк за мяне трымаюцца…


З мастаком Уладзімірам Літвінам. Фота: уласны архіў героя

Кампутар у мяне з’явіўся досыць даўно. Я 25 гадоў ездзіў у Германію і ўвесь час жыў у адной і той жа сям'і. Аднойчы гаспадары паставілі мне ў пакой кампутар і прынтар. Паказалі, як карыстацца. І мне спадабалася: тут напісаў, тут жа надрукаваў - і вось табе гатовы дапаможнік на заняткі. Тым больш што ад рукі я ўжо даўно не пішу, бо да кампутара карыстаўся друкаванай машынкай. Друкаваў на трох мовах: па-нямецку, па-беларуску, па-руску.

Трохі пазней асвоіў інтэрнэт: да мяне прыйшоў муж маёй студэнткі, наладзіў мне ўсё ў кампутары і навучыў, дзе што. Зарэгістраваўся з Фэйсбуку. І зноў мне ўсё вельмі спадабалася. Надрукаваў верш — і ў цябе адразу ёсць чытачы. З кніжкі ці будзе столькі?

Але ўпэўніўся, што адзін тэкст, без карцінкі, не вельмі прываблівае людзей. А вось калі ты яшчэ дадасі сваю фотакартку, то лайк паставяць! У соцсетках зручна рабіць і аб’явы. Зараз не трэба тэлефанаваць кожнаму: прыйдзі да мяне на вечарыну ці сустрэчу. Дастаткова зрабіць пост у Фэйсбуку. І ўжо дзясяткі, а то й сотні людзей ведаюць пра тваё мерапрыемства.

Сярод маіх «фэйсбучных» сяброў ёсць, канешне, такія, каго я асабіста не ведаю. Але ў асноўным знаёмыя, з кола інтэлігенцыі. Але калі хто пачынае лаяцца матам ці, прабачце, выпендрывацца, я яго выдаляю з сяброў. І не тлумачу чаму.

Пра родную мову

— Беларуская мова — гэта ад нараджэння. Я ж заходнік. Мой бацька — Антось Іванавіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы, дзе вырас і я — Дварэц, тады Хаценчыцкай воласці Віленскай губерні. Маці Вольга Антонаўна родам з суседняй вёскі Зачарная. Зараз гэтыя мясціны належаць да Вілейскага раёна. А ў 1921 годзе, пасля Рыжскай мірнай дамовы, наша тэрыторыя адыйшла «пад Польшчу», і вёска Дварэц апынулася каля самай мяжы (2 км) на заходнім баку.


Аўтограф ад Рыгора Барадуліна на ягонай кнізе, якую паэт падарыў Уладзіміру Папковічу. Фота: уласны архіў героя

Польскай мовы ў нашай ваколіцы не ведалі, гучала толькі беларуская мова. На ёй размаўлялі і дома, і ўсюды. Вось прыкладна так, як я зараз гавару. І школы былі беларускія. Калі я паступіў вучыцца ў Мінск, трэба было пераходзіць на рускую мову. Гэта было няцяжка, бо я ўсё ж прыроджаны філолаг. Да таго ж вельмі шмат чытаў! Да 20 год, пакуль не кінуўся ў розныя прыгоды — каханне і ўсё астатняе (смяецца) — перачытаў ўсе галоўныя шэдэўры сусветнай літаратуры, у тым ліку рускіх класікаў. Бывала, што чытаў нешта, ні чарта не разумеў, як напрыклад, «Яўгена Анегіна». Але ж чытаў да канца. Такая была вялікая прага да кніг!

Пра Віцебск

— Я заўсёды цёпла ўзгадваю пра Мінск сваёй маладосці. Мне было там вельмі ўтульна: ён быў па-сяброўску вясёлым і добрым, беларускім і яшчэ вясковым, няхай не будзе гэта нікому ў крыўду. Бо будавалі ж Мінск былыя вяскоўцы, і вучыліся там у асноўным сялянскія дзеці.


Але большая частка майго жыцця прайшла ў Віцебску. Я пераехаў сюды ў 1966 годзе. І вельмі цяжка прывыкаў да Віцебска: тут зусім іншая ментальнасць, чым на маёй радзіме. Але гэты горад даў мне многае. Я далучыўся да мясцовай культуры, а яна вельмі багатая.

А што я даў Віцебску? Працаваў. Думаю, прынёс нейкую карысць людзям — даваў ім асвету і выхаванне. Аднойчы літаратар і журналіст Сяргей Рублеўскі напісаў пра мяне, што я «народны дыпламат». Меў на ўвазе, што я ладзіў паездкі ў Германію. Студэнты ездзілі на моўную практыку, а шмат хто з віцебскай інтэлігенцыі - мастакі, музыкі, артысты, пісьменнікі, журналісты, паглядзелі, як там — за мяжой. Мой сябар — жывапісец Фелікс Гумен, жартуе, што «Папковіч многім паказаў Еўропу».

Дарэчы, трапіць за мяжу ў 90-я было нялёгка. Трэба было мець добрую характарыстыку з месца вучобы ці працы. Потым яна ішла ў райкам, потым, відаць, у пэўныя органы… І калі ўсе прапускалі - ты ехаў. Пашпарт выпісвалі на адну паезку, а потым яго забіралі.

Але гэта быў такі час, калі маю ініцыятыву не адвяргалі. Мы стварылі тут беларуска-нямецкае таварыства. Я дасылаў у Германію запрашэнне, яго ўлічвалі ў нашым пасольстве, чалавеку выдавалі візу, і ён спакойна прыязджаў сюды. Часта немцы бывалі ў Віцебску цэлымі групамі, і я ішоў працаваць да іх перакладчыкам. І ўвесь час пытаўся: «А ці нельга прывезці да вас сваіх студэнтаў, каб яны ўбачылі жывога немца і пачулі жывую мову?». Я не хвалюся гэтай сваёй дзейнасцю, проста гэта вядомы факт.

Пра крэда

— Усе мы ведаем у тэорыі, што так і гэтак рабіць нельга, што гэта блага. Але на практыцы возьмеш і паступіш няправільна. Зараз мы са студэнтамі праходзім тэму «Рэлігія». І разважаем: гэта ж якую вялікую волю чалавеку трэба мець, каб выконваць усе запаветы! Каб ніколі не здрадзіць, не зманіць, нідзе не спатыкнуцца, не памыліцца. Гэта ж так цяжка! Таму я не хачу гаварыць высокія словы пра прынцыпы. У кожнага яны свае.


Пра волю

Адзін з вершаў Уладзіміра Папковіча так і называецца — «Пра волю»:

Ці ў лесе, ці ў лузе, ці ў полі -

Гэта яшчэ не на волі.

Ці на спякоце, ці ў золі -

Гэта яшчэ не на волі.

На шпацыры ці ў завуголлі -

Гэта яшчэ не на волі.

Ці з песняй, ці ў дзікім скуголлі -

Гэта яшчэ не на волі.

Калі ж мы бываем на волі?

Без чыстай душы — аніколі.

Уладзімір Папковіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Затым працаваў у гэтым інстытуце выкладчыкам. З 1966 года жыве ў Віцебску. З 1982 года — старшы выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (1981). Лаўрэат прэміі «Сузор'е муз» імя Уладзіміра Караткевіча. Аўтар зборнікаў вершаў «На досвітку», «Зерне», «Самы кароткі цень», «На тым стаю», «Рэшта», «Як ёсць…», кнігі гумару «Вы будзеце смяяцца». У яго перакладах з нямецкай на беларускую выйшлі: вершы Ёганэса Р. Бэхера, раман Рута Крафта «Востраў без маяка», «Закаханы вандроўнік: паэзія нямецкага рамантызму», «Вільгельм Тэль» Фрыдрыха Шылера, «Тры таварышы» Рэмарка, «Хмара» Гудрун Паўзэванг, «Карлік Нос» Вільгельма Гаўфа. На нямецкую мову пераклаў «Тараса на Парнасе» Канстанціна Вераніцына.

Чытайце таксама:

Ад чыноўніка ў аблвыканкаме да апазіцыянера. Як жыве і змагаецца віцебскі дэмакрат Барыс Хамайда

Праз лагеры і электрашок. Як дзеля волі Беларусі патрыёты 1940-х ахвяравалі маладосцю і здароўем

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэдкая студэнтка пройдзе міма Уладзіміра Папковіча, каб яго ні пацалаваць і ні абняць. Рэдкі студэнт не пацісне яму з павагай руку. Моладзь дужа яго любіць і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика