Шматдзетная маці-сірата можа застацца без уласнага жылля. 21.by

Шматдзетная маці-сірата можа застацца без уласнага жылля

31.01.2017 10:04 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Хачу сваё жыллё! Дапамажыце!» — такі крык душы давялося пачуць сёння ў вёсцы Грабёнка Чэрвеньскага раёна ад шматдзетнай маці Святланы Імховік, якая, да таго ж, з’яўляецца сацыяльнай сіратой і выхоўвае дзіця-інваліда. Не падумайце, што ў сям'і зусім няма даху над галавой: яна здымае трохпакаёвую кватэру ў двухпавярховым шматкватэрным доме. Праўда, гаспадар папярэдзіў, што збіраецца выставіць сваю ўласнасць на продаж. Задумаўшыся над далейшым лёсам, з просьбай аб дапамозе Святлана Імховік патэлефанавала найперш на «гарачую лінію» аднаго з тэлеканалаў. Журналісты МЛЫН.BY таксама паспрабавалі разабрацца ў сітуацыіі.


Святлана Імховік з дачкой Ксюшай

… Кажуць, што снарад двойчы ў адну варонку не трапляе. Але жыццё часцяком даказвае адваротнае. Некалькі год таму такім спосабам для паляпшэння сваіх жыллёвых умоў скарысталася сястра Святланы. Быў зняты сюжэт, пасля якога некаторыя чыноўнікі пазбавіліся сваіх пасад, а сям'і выдзелілі кватэру і нават набылі мэблю.

Наколькі рознабакова была разгледжана сітуацыя і наколькі правільным было такое рашэнне, меркаваць не нам. Наша задача — выслухаць абодва бакі і высветліць, ці сапраўды Святлана Імховік прайшла ўсе інстанцыі, а яе, кажучы простай мовай, «пракінулі». Таму перш чым ехаць знаёміцца з маладой жанчынай, мы вырашаем завітаць у кабінет да намесніка старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Алы Шахоцька.

Магчымасці ёсць. Няма жадання імі скарыстацца?!

Якраз у гэтую суботу Ала Канстанцінаўна дзяжурыць на «прамой лініі» райвыканкама. Пакуль няма тэлефанаванняў, гутарым.


Ала Шахоцька

Аказваецца, на сёння ў чаканні жылля толькі на чарзе ў Чэрвеньскім райвыканкаме знаходзіцца 960 чалавек. З іх шматдзетных сем’яў - 48, сірот — 269.

«Мы прааналізавалі, як іншыя шматдзетныя сем'і паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы, — распавядае Ала Канстанцінаўна. — Дык вось за 2014 год знята з уліку іх 7, з пачатку 2015-га па сярэдзіну 2016-га — яшчэ 8. Яны скарысталіся ўсімі сацыяльнымі гарантыямі, паклапаціліся пра будучае дзяцей, аформілі ўчасткі і будуюцца. Што ж датычыцца Святланы Імховік, яна разам з дзецьмі прапісана па месцы жыхарства маці, таксама ў вёсцы Грабёнка.

У доме, дзе яны зараз здымаюць кватэру, насупраць вызвалілася трохпакаёўка, якая належыць СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон». Але справа ў тым, што гаспадарцы вельмі патрэбны спецыялісты жывёлагадоўчай галіны. І гэтая кватэра — для іх. Святлана Уладзіміраўна неаднаразова звярталася з жыллёвым пытаннем у Валявацкі сельвыканкам, у Чэрвеньскі райвыканкам. Што датычыцца матэрыяльнага становішча сям'і, шматдзетная маці сумарна атрымлівае даход на дзяцей і дапамогу на дзіця-інваліда ў памеры 1179 беларускіх рублёў. Плюс разам з імі жыве тата ўсіх дзяцей, які таксама працуе. Але шлюб яны чамусьці не зарэгістравалі.

Святлане Імховік неаднаразова прапаноўвалі ўзяць участак для будаўніцтва жылля на тэрыторыі Валявацкага сельсавета ці Чэрвеньскага раёна. Для такіх сем’яў прадугледжана крэдытнае будаўніцтва пад 1% на 40 год. Акрамя таго, пасля ўводу жылля ў эксплуатацыю па факту будаўніцтва можна скарыстацца фінансавай дапамогай на пагашэнне крэдыту. Калі 3-е дзяцей, пагашаецца 75% сумы крэдыту, 4 і больш — 100%.

З улікам таго, што сама Святлана Уладзіміраўна з ліку дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што выхоўвае дзіця-інваліда, яна магла б скарыстацца яшчэ і субсідыяй на будаўніцтва. Субсідыя даецца па нармаванай жыллёвай плошчы з разліку 20 квадратных метраў на кожнага члена сям'і, што стаіць на ўліку. Усяго іх 5 чалавек. Значыць, яны могуць скарыстацца субсідыяй на будаўніцтва 100 квадратных метраў. І калі б Святлана Уладзіміраўна прыняла ўсе гэтыя меры, яна магла б даўным-даўно палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. А палепшыць іх, між іншым, можна не толькі будаўніцтвам, але і набыццём жылля. Таксама з усімі ільготамі.

Канешне, з улікам таго, што Святлана Уладзіміраўна знаходзіцца на ўліку як сірата, пры наяўнасці вольнага сацыяльнага жылля яна яго атрымае. Па агульнай чарзе заяўніца — 41-я, па асобнай — 21-я. Але ёй неаднаразова тлумачылі, што па жыллёваму Кодэксу сацыяльнае жыллё выдзяляецца толькі на 5 год. Як работнік СВФ «Аграбуд» яна не стаіць на жыллёвым уліку ў гаспадарцы. І тут таксама тлумачэнне таго, чаму ёй тут не могуць выдзеліць жаданую кватэру.

Лічу, што прасочваецца не толькі абавязак дзяржавы клапаціцца пра дзяцей, але, у першую чаргу, і абавязак саміх бацькоў. Проста Святлана Уладзіміраўна чамусьці заняла вось такую пазіцыю…"

Не будзем пераказваць усе нюансы нашай гутаркі. Скажам толькі, што магчымасцяў у маладой маці сапраўды ёсць шмат. А вось чаму яна іх не скарыстоўвае?

Кватэра — для спецыялістаў

Наступная сустрэча непасрэдна ў Грабёнцы. У кабінеце карэспандэнта МЛЫН.BY сустракае дырэктар СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» Арцём Анціфееў.


На гэтай пасадзе ён працуе крыху меней за 2 гады. А Святлана Імховік уладкоўвалася на працу ў гэтую сельскагаспадарчую арганізацыю жывёлаводам у 2011 годзе. Да выхаду ў дэкрэт паспела адпрацаваць каля паўгода. А затым літаральна адзін за адным пайшлі дзеці.

«На працу браў яе не я, таму характарыстыку даць не магу, — зазначае кіраўнік сельгасарганізацыі. — Яе грамадзянскі муж зараз працуе ў нас. Святлана Імховік звярталася з заявай аб выдзяленні ёй жылля. Ведаю, што ездзіла ў Чэрвеньскі райвыканкам і ААТ «Мінскжалезабетон». Але ў нас на чарзе на жыллё яна не стаіць.

Што датычыцца пустой кватэры, куды б яна хацела засяліцца… Яна мэтавая. У гаспадарцы на сёння засталося 80 працаўнікоў. Нам вельмі трэба новыя кадры: механізатары, спецыялісты сярэдняга і вышэйшага звяна. Трэба інжынер і бухгалтар. 30% нашых работнікаў - пенсіянеры. Кватэра гэтая — для спецыялістаў, ужо ёсць на прымеце сям’я. Я ж не магу пакінуць гаспадарку без рэзерву. Трэба, каб развівалася вытворчасць. Чым сёння можна зацікавіць работнікаў, якія будуць працаваць на карысць гаспадаркі? Толькі жыллём.

А ў Святланы ёсць кватэра маці, кватэра свякрухі. Няхай бы афармляла афіцыйна адносіны з грамадзянскім мужам ды жыла б. Гэта як адзін з варыянтаў. А другі - будаўніцтва жылля ці набыццё яго з сур’ёзнай фінансавай падтрымкай дзяржавы. Практычна бясплатна. Каму з нас сёння дадуць магчымасць бясплатна пабудаваць жыллё?!"

Афіцыйна — адзінокая, але побач — мужчына

Добра ведае саму Святлану і яе сям’ю старшыня Валявацкага сельвыканкама Алена Чыканоўская, якая, да ўсяго, таксама жыве ў Грабёнцы. Менавіта Алена Міхайлаўна не аднойчы прапаноўвала заяўніцы будавацца, каб палепшыць свае жыллёвыя ўмовы і ўмовы пражывання для дзяцей.


Алена Чыканоўская

«Яна нарадзілася ў гэтай вёсцы ў шматдзетнай сям'і, — тлумачыць Алена Чыканоўская. —  Бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, дзеці выхоўваліся ў інтэрнаце. Святлана атрымала статус сацыяльнай сіраты, стала на адпаведную чаргу ў райвыканкам. Жыве грамадзянскім шлюбам з бацькам усіх яе дзяцей. У тым жа пад’ездзе жыве яго маці. Спачатку маладыя жылі з ёй у трохпакаёвай кватэры. Затым знялі кватэру на першым паверсе.

Сям’я на ўліку як нядобранадзейная не стаіць. Як мінімум 2 разы на год камісійна мы яе наведваем.І кожны раз я прапаноўваю ёй зямельны ўчастак, тлумачу пра ўсе перавагі будаўніцтва: участак бясплатны, ільготнае крэдытаванне, пагашэнне крэдыту… Але ў адказ чую катэгарычнае «Не! Хто мне будзе будаваць?!» Але нават калі шлюб з татам усіх дзяцей, з якім Святлана сёмы год жыве разам, і не аформлены, яна ж усё роўна не адна! Ну вось жа, мужчына побач! Гэта тата ўсіх тваіх дзяцей. Клапаціцеся пра іх будучыню разам! Будуйце сваё жыллё. Але чамусьці Святлана лічыць, што ёй павінны выдзеліць яго бясплатна.

А чаму б не распісацца з бацькам сваіх дзяцей? Афіцыйна ён нежанаты, але ў яго ёсць жыллё. Чаму б не прапісаць туды сваіх дзяцей?! Па дакументах атрымліваецца, што жанчына — адзінокая маці, няпоўная сям’я. Але ж гэта няпраўда…"

Трэба да ўсяго прыкласці рукі


У старасты вёскі Грабёнка Аксаны Гнедчык сітуацыя была крыху падобнай. Яна таксама выхоўвалася ў інтэрнаце, мела статус сіраты. Нарадзіла і выхавала дваіх дзяцей, вывучыла дачку і вучыць сына платна. І ўсяго дабівалася сама — разам з мужам. Пры асаблівасцях працы — без выхадных, замест адпачынку кампенсацыя (Аксана працуе загадчыцай мясцовага магазіна), яны з мужам трымалі падсобную гаспадарку, абраблялі ўчастак.

«Мая пазіцыя такая: каб нешта мець, чалавек сам павінен прыкласці намаганні, — зазначае Аксана Гнедчык. — Я толькі цяпер зразумела: маладосць прайшла, а я нідзе не была, нікуды не выязджала. Толькі праца, праца, праца. Бо ведала, што мы з мужам павінны забяспечыць сваіх дзяцей. Мы набылі дом. Самі да ўсяго прыкладалі рукі і разлічвалі на сябе. Было такое імкненне і жаданне.

Асабіста я лічу, што на пачатковым этапе і дзецям-сіротам, і шматдзетным сем’ям дапамагчы трэба. Але менавіта дапамагчы, а не рабіць за іх. Канешне, раней было бясплатнае жыллё, толькі ж зараз такога няма. Затое ёсць добрая магчымасць пабудавацца па ільготнаму крэдыту…"

«Як жыллё атрымаем — адразу распішамся!»

Гэтыя двухпавярховыя дамы, пабудаваныя ў Грабёнцы за савецкім часам, зусім непрыглядныя звонку, а дзесьці і з такім жа ўладкаваннем пад’езда знутры. Тым не менш кватэры яны маюць годныя для пражывання.


У гэтым упэўніваемся, заходзячы разам са старшынёй Валявацкага сельвыканкама Аленай Чыканоўскай да сям'і Імховік. Святлана запрашае прайсці ў залу. Да мамы, крыху сарамацячыся незнаёмых, тут жа падбягае гарэза Ксюша, залазіць на ручкі.

Скажам адразу: спадабалася нам Святлана. І як жанчына, і як маці, і як субяседніца. Талковая, бачна, што дзяцей любіць. Ну, і як сацыяльную сірату зараней яе шкадуем.


Даволі нядрэнная і гэтая здымная кватэра. Праўда, асноўная мэбля тут гаспадара. Затое ёсць у сям'і добры тэлевізар, камп’ютар, мабільнік, аўтамабільчык для малых, цацкі.

Просім Святлану расказаць пра сябе. Пра сваё сацыяльнае сіроцтва яна распавядае даволі спакойна — звыклася. Падкрэслівае, што супраць абортаў. Таму і ёсць ужо ў яе Аляксей (5 год), Віктар (3,5 года), Ксюша (2 гады) і Вікторыя (1 год).


— Святлана, а чаму не распісваецеся з татам усіх сваіх дзяцей? — пытаемся.

— Дык я стала на чаргу як сірата, — тлумачыць наша суразмоўца. — Калі б распісалася, згубіла б чаргу. А вось як толькі атрымаем кватэру, адразу распішамся!

На пытанне, чаму не жылі са свякрухай у яе трохпакаёўцы, маладая жанчына тлумачыць, што ўсё ж гэта не жыццё, хаця нічога дрэннага пра той перыяд сказаць не можа. Але ж дзяцей шмат, будуць, маўляў, узнікаць канфлікты. Ды і свайго жылля хочацца.

Цікавімся, чаму не жадаюць пабудавацца — з такімі-то ільготамі? У адказ чуем, што няма калі гэтым займацца. Маўляў, штомесяц са старэйшым дзіцём-інвалідам, ляжыць па 2 тыдні ў Бараўлянах. І цяпер трэба ехаць на аперацыю на воку. А як жа тата дзяцей? А хтосьці там сказаў, што калі нераспісаныя, дык ён і не зможа займацца будаўніцтвам.



Мімаволі заўважаем, што вось гэта «людзі сказалі» неяк пераважвае тлумачэнні афіцыйных асобаў, да якіх звярталася Святлана. Чаму так?!

Нядаўна гаспадар здымнага жылля, дзе сям’я жыве ўжо 4 гады, папярэдзіў, што выстаўляе яго на продаж. Дык чаму б не замовіць дзяржаўную ацэнку і не набыць яго, цікавіцца Алена Чыканоўская і пачынае ў чарговы раз распавядаць аб працэдуры. Так, паварушыцца самім прыйдзецца, і пэўную суму напачатку ўкласці. Святлана задумваецца. Алена Міхайлаўна яшчэ раз нагадвае пра перавагу свайго жылля ў выніку будаўніцтва ці куплі. А службовае і сацыяльнае — гэта ж часовае. А пасля зноў канфліктная сітуацыя?

Падчас нашай гутаркі не абышлося і без Святланіных слёз. Разумеем: стамілася ад усіх клопатаў, ад перажыванняў за дзіця-інваліда, ад здымных кватэр…

Але напрыканцы нашай размовы, як нам падалося, яна не так ужо і настойвала на выдзяленні той службовай кватэры. Хаця, па яе меркаванню, гэта самы просты і лепшы варыянт. А галоўнае — хуткі. Але і над будаўніцтвам уласнага жылля ды купляй гэтай кватэры Святлана паабяцала нам падумаць. І напачатку — спытацца ў гаспадара пра яе кошт.

Здаецца, нарэшце довады старшыні Валявацкага сельвыканкама Алены Чыканоўскай былі пачутыя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
… Кажуць, што снарад двойчы ў адну варонку не трапляе. Але жыццё часцяком даказвае адваротнае.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика