Каморка для любімага мужа
18.03.2017
—
Новости Общества
|
Беражыце мужчын! Памятаю, у адной жаночай кампаніі я толькі заікнулася, што рыхтую журналісцкі матэрыял на вышэйназваную тэму, як адразу пачула абуранае: — О, божухна, ну колькі ўжо можна пісаць пра гэта! «Беражыце мужчын!.. Беражыце мужчын!..» Чаго іх берагчы?! Яны што, хрустальныя? Няхай лепш яны нас берагуць! І сапраўды, заклік берагчы мужчын час ад часу з’яўляецца на старонках перыядычных выданняў, бадай, гадоў ужо сорак. Дзесьці напрыканцы сямідзесятых мінулага стагоддзя папулярны часопіс «Огонек» надрукаваў верш Людмілы Шчыпахінай, які так і называўся «Беражыце мужчын!»: Берегите, женщины, мужчин! Есть на это тысячи причин: Их предрасположенность к износу, К алкоголю, к атеросклерозу… Женщины, учитесь привыкать Понимать мужчин и опекать. Понапрасну их не раздражайте, Стряпайте, Работайте, Рожайте! Чтоб мужчина вдруг не занемог, Упрекать его не дай вам бог! Выводы науки ненапрасны: Перегрузки для мужчин опасны!.. І гэтак далей. Што тут пачалося! «Огонек» літаральна захліснуў шквал пісьмаў, у асноўным іранічных, злосных, нават гнеўных. Верш пачалі абыгрываць, пісаць на яго пародыі… Дыскусія перакінулася на старонкі іншых выданняў, у размову ўступілі спецыялісты — урачы, псіхолагі, сацыёлагі… І аказалася, што берагчы мужчын яшчэ, вой, як трэба! Бо калі ў 30 гадоў мужчын і жанчын амаль пароўну, то к 65 — мужчын у 1,5 раза менш за жанчын, а сярод доўгажыхароў адзін мужчына — ажно на 20 жанчын!.. Нярадасная перспектыва для ўсіх нас. Але ж у сумных лічбах статыстыкі вінаваты не толькі войны і лакальныя канфлікты, асноўны ўдар якіх прымаюць на сябе мужчыны, не толькі небяспечныя мужчынскія прафесіі, не толькі інфаркты і інсульты, якія чамусьці часцей выбіраюць моцны пол… Што б ні казалі, а нам, жанчынам, трохі лягчэй у жыцці. Бо заўсёды ёсць на каго перакласці адказнасць за тыя цяжкасці, няўдачы і нястачы, якія час ад часу звальваюцца на нашу галаву, ёсць каго зрабіць «крайнім», папракнуць, «папілаваць»: гэта ты не зрабіў, не абараніў, не забяспечыў!.. І як бы муж ні стараўся, рэдка калі жонка пахваліць, маўляў, ён і без пахвалы абавязаны!.. Акрамя таго, мы, жанчыны, так доўга змагаліся за тое, каб мужчыны паважалі нас, што неяк самі забыліся на тое, што мужчын таксама трэба паважаць. А ці можа сябе годна адчуваць мужчына, якога жонка бясконца папракае, высмейвае, ганіць, а нярэдка — і пры людзях? …Ведала жанчыну, якая ў свой час пастаянна расказвала сваякам, суседзям, знаёмым, што яе муж — гад, сапсаваў ёй жыццё, што яна пакіне яго, абавязкова пакіне і будзе жыць толькі з дзецьмі і дзеля дзяцей. А муж узяў і раптам памёр. І ўсё жыццё ў гэтай жанчыны адразу пайшло наперакасяк: і дабрабыт, і гаспадарка, і жаночы лёс. А дзецям, як толькі яны выраслі, маці стала не надта і патрэбна. І на старасці гадоў яна сказала: «Не, праўду людзі сцвярджаюць — лепш муж саламяны, чым дзеці залатыя». Так што трэба берагчы іх — саламяных, хрустальных, залатых… А каханых мужчын — тым больш! Каморка для любімага мужа Неяк чытала сучасную жаночую прозу. Апавяданне было простае, але цікавае. Адчувалася, што аўтарка піша пра ўласнае жыццё. Гераіня апавядання, маладая гаспадыня і жонка, маці траіх дзяцей, у пятніцу з вечара рыхтуецца да выхаднога дня: плануе, як напячэ пірагоў, як яны з мужам будуць гуляць з дзецьмі… І тут дадому прыходзіць муж і літаральна з парога крычыць: «Дзе мае гумовыя боты? Я заўтра з сябрамі еду на рыбалку!». Жанчына спрабуе растлумачыць мужу, што ў яе зусім іншыя планы на гэты дзень і добра было б, каб ён іх падзяліў. Але муж, увесь ахоплены прадчуваннем заўтрашняга рыбацкага задавальнення, нават не чуе яе слоў. Гераіня апавядання ў роспачы прыгадвае, як калісьці, перад замужжам, маці папярэджвала яе: «Ён ніколі не зразумее тваёй душы…». Заканчэнне і высновы апавядання былі для мяне нечаканымі. Хаця… Калі сумленна пакапацца ў закутках памяці, можна прыгадаць штосьці падобнае і са свайго жыцця. Памятаю наш першы сумесны адпачынак з мужам. Ён толькі-толькі скончыў вайсковае вучылішча, прыехаў — прыгожы, статны, у новенькай форме, як кажуць, з іголачкі. Так хацелася схадзіць з бравым афіцэрам у кіно, у парк, на танцы — нават проста каб пакрасавацца. А ён у першы ж дзень адпачынку зняў форму і павесіў у шафу, а сам лёг на канапу перад тэлевізарам. Адпачынак прыйшоўся якраз на Маскоўскую алімпіяду. І пачалося: футбол, гандбол, валейбол, баскетбол, рэгбі, плаванне, лёгкая атлетыка… За вокнамі — ліпень, сонца, квецень, радасць, забавы!.. А муж не адліпае ад тэлеэкрана. Вось быў жах для маладой жонкі! Добра разумела, што гэта спартыўная «хвароба» не часовая, а на ўсё жыццё: муж аказаўся апантаным балельшчыкам. Вядома, мужава хобі ніяк не адпавядала маім эстэтычным захапленням і ўяўленням пра адпачынак — мяне вабілі тэатр, мастацкія выставы, выдатныя фільмы, пазнавальныя тэлеперадачы. Ну і што заставалася? Сесці і плакаць «Гаварыла ж мне мама, гаварыла!..» ці кожны раз высвятляць, што глядзець увечары — хакейны матч або кіно пра каханне, ці наогул развесціся з фармуліроўкай «Не сышліся характарамі і поглядамі»? Дзякуй Богу, хапіла розуму вельмі хутка зразумець, што захапленне спартыўнымі відовішчамі — не горшая з мужчынскіх «хвароб». І што наогул гэты мінус вельмі лёгка ператвараецца ў плюс: муж штовечар дома, хай сабе і на канапе, але перад жончынымі вачамі і заўсёды пад рукой — то дзіця прыгледзіць, то мясарубку пакруціць… А што тычыцца тэматыкі тэлеперадач, дык аказалася, што глядзець хакейны турнір ці чэмпіянат свету па біятлону не менш захапляльна, чым тыя ж КВЗ ці «Што? Дзе? Калі?». А пазней купілі ў дом другі тэлевізар, і праблема рознасці густаў наогул адпала. Ёсць такія выразы: мужчынскія цацкі, мужчынскія гульні… Адны з прадстаўнікоў моцнага полу ў вольны час любяць хадзіць на рыбалку, другія — на паляванне, трэція — на футбол, чацвёртыя — на піва, пятыя — у гараж… Пералік мужчынскіх цацак можна доўжыць і доўжыць. Тут будуць і аўтамабіль, і матацыкал, і лодка, і кампутар, і фотаапарат, і венік для лазні… І чым бы «вялікаўзроставае дзіця» ні цешылася, жонкі звычайна не задаволены. Як быць?.. Неяк прачытала, што ў Японіі, дзе вельмі шануюць сямейныя традыцыі, знайшлі спосаб, каб жонкі не дужа нерваваліся з‑за хобі і захапленняў мужоў. Японскія вучоныя распрацавалі гуканепранікальную камеру, нешта накшталт куфра плошчай 2,5 квадратных метра, якую лёгка размясціць у любым кутку пакоя сярэдніх памераў. Муж, зачыніўшыся ў такой каморцы, можа смела рабіць усё, што яму захочацца: уключаць музыку на поўную моц, гучна спяваць, пілаваць, свідраваць, раскідваць шкарпэткі і іншыя рэчы — адным словам, цешыць сваю мужчынскую душу. Можа, і нам пашкадаваць сваіх мужоў і падарыць ім на дзень нараджэння ці на 23 лютага па такой каморцы? Хаця ж рэчка з рыбалкай і гараж з аўтамабілем там усё роўна не размесцяцца… Кожнай жанчыне — па шчасцю! Не, усё ж такі, як бы жанчыны ні стараліся, ні намагаліся, ні храбрыліся, якіх бы пасад і званняў у працы ні дасягалі, а ў жыцці пакуль што так: ёсць у сям’і мужчына — добры, спраўны гаспадар, клапатлівы муж і бацька — ёсць у сям’і лад і дастатак. На гэты конт нават прытча існуе. У адным доме жылі маці і дарослая дачка. Жылі без мужоў і ўсю работу — і жаночую, і мужчынскую — рабілі ўдзвюх. Спраўляліся, таму мелі дастатак. Праўда, весялосці асаблівай у доме не было — калі там за работай весяліцца? Ды і з кім?.. Вось аднойчы пад вечар стукае нехта ў дзверы. — Хто там? — пытаецца дачка. — Багацце. Пусціце мяне ў дом! — адказвае голас за дзвярамі. — Мама, пусцім багацце ў дом? — Дык мы ж, здаецца, і так нябедныя… Не адчынілі… Праз гадзіну зноў нехта стукае. — Хто там? — пытаецца дачка. — Здароўе, — адказвае ўжо другі голас. — Мама, пусцім здароўе? — Мы, дачушка, дзякуй Богу, няхворыя… Не адчынілі… Хутка — новы стук! — Хто там? — пытаецца дачка. — Шчасце, — зноў чыйсьці голас. — Мамачка, давай пусцім у дом шчасце! — Дачушка, хіба нам з табой кепска жыць? Не адчынілі… Гадзіны не прайшло — яшчэ стук! — Хто там? — Мужчына. Пусціце да вас жыць! — Ой, дачушка, хутчэй адчыняй! — падхапілася старая. — Будзе ў доме мужчына — будуць у ім і багацце, і здароўе, і шчасце! Тамара Бунта Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беражыце мужчын! Памятаю, у адной жаночай кампаніі я толькі заікнулася, што рыхтую журналісцкі матэрыял... |
|