"Утылізацыяй займаемся самі". У Магілёве пенсіянерка адмаўляецца плаціць за вываз смецця. 21.by

"Утылізацыяй займаемся самі". У Магілёве пенсіянерка адмаўляецца плаціць за вываз смецця

22.03.2017 12:56 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Магілёве пенсіянерка намагаецца скасаваць дагавор на вываз і абясшкоджванне цвёрдых камунальных адходаў. Кажа, што ўсё смецце сям’я сартыруе і здае, таму грошы з яе ўтрымліваць не павінны. Камунальнікі кажуць, што такі выпадак ужо быў тры гады таму, і мужчына намогся скасавання дагавора — прад’явіў чэкі аб вывазе смецця на палігон, піша газета «Звязда».


Снимок носит иллюстративный характер. Фото: Евгений Ерчак

Жанчына жыве ў прыватным сектары і ўтылізацыяй свайго смецця займаецца самастойна.

— Паперу, пластык і метал здаём у нарыхтоўчыя пункты — муж на гэтыя грошы цыгарэты купляе, — кажа яна. — А расліннасць ідзе на кампост. Нічога лішняга не застаецца. Навошта мне плаціць за вываз адходаў?

Пенсіянерка ўпэўнена ў тым, што мае рацыю, і намерана далей даказваць, што абавязваць усіх плаціць за гэтую паслугу несправядліва. Нават знайшла сабе групу падтрымкі з ліку суседак па вуліцы.

Для камунальнікаў ваяўнічы настрой некаторых прадстаўнікоў насельніцтва — не нагода для вызвалення іх ад налічэнняў за вываз і ўтылізацыю адходаў. Гэта сёння адна з асноўных камунальных паслуг, і плаціць за яе павінны ўсе.

— Калі людзі пачынаюць пярэчыць наконт вывазу смецця, мы ім нагадваем пра Указ № 535 ад 31.12.2015 года «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг» і пра артыкул 29.5 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца, што адмова ад заключэння дагавора са Спецаўтапрадпрыемствам (САПам) на аказанне гэтай паслугі не вызваляе чалавека ад неабходнасці плаціць, — паведамілі ў Магілёўскім упраўленні камунальных прадпрыемстваў.

У сувязі з пераходам на адзіную інфармацыйную сістэму разлікаў за спажытыя жыллёва-камунальныя і іншыя паслугі летась у Магілёве да агульнай базы далучылі і жыхароў прыватнага сектара. Гэта адразу ж выклікала рост колькасці незадаволеных. Калі раней там плацілі за ваду, каналізацыю, ацяпленне і вываз камунальных адходаў па асобных квітанцыях, то зараз за ўсё плацяць па адзінай. Цяпер паслугу стала нязручна ігнараваць.

— Часам даходзіць да смешнага, — расказвае начальнік службы камунальных сістэм і разлікаў Магілёўскага ЦГІС Таццяна Коршунава. — Аднойчы да нас звярнулася жанчына і паведаміла, што яна не жадае плаціць за вываз адходаў таму, што выкідвае іх не ў свой кантэйнер каля дома, а носіць у той, што стаіць на школьным двары. Яна не разумее, што за вываз смецця са школьнага двара таксама нехта плаціць. Або спажывец жадае адмовіцца ад паслугі на падставе таго, што нехта, зарэгістраваны на яго жылой плошчы, там не жыве. Мы гатовы пайсці насустрач, але павінны ведаць, куды той чалавек пераехаў, каб налічыць яму суму па іншым адрасе. Калі ён наогул паехаў з горада на працяглы тэрмін, павінны быць дакументы, якія пацвярджаюць гэты факт. Так патрабуе закон. А ён адзіны для ўсіх.

Сёння кожны жыхар прыватнага сектара штомесяц плаціць 1,33 рубля за вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў. Існуе нарматыў на чалавека, зацверджаны Магілёўскім гарвыканкамам, які складае 2,17 кубаметра ў год.

— Для кожнага рэгіёна інстытутам «Белжылпраект» быў распрацаваны свой нарматыў, — тлумачыць галоўны спецыяліст упраўлення ЖКГ аблвыканкама Марына Падглазава. — Навуковыя супрацоўнікі вывучалі, колькі смецця вывозіцца, перыядычнасць яго вывазу, колькі ўсталявана кантэйнераў, іншыя дэталі. Таму лічба гэта абгрунтаваная.


Снимок носит иллюстративный характер. Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

Камунальнікі правялі неяк эксперымент — паглядзелі «марфалагічны склад» смецця, прывезенага з прыватнага сектара Магілёва. У амаль 100 кілаграмах аказалася 1,4 кілаграма шкла, 0,5 — пластмасы, 1,2 — бруднага поліэтылену, 2,2 — макулатуры, 2,8 — тэкстылю, 10 кілаграмаў драўняных адходаў, 25,3 — арганікі, 5,9 — будаўнічых адходаў, 22 кілаграмы — рознага бруду.

— Кожны крычыць пра тое, што ў яго смецця няма. Але адкуль тады бяруцца гэтыя несанкцыянаваныя звалкі вакол горада? — абураецца намеснік дырэктара Магілёўскага Спецаўтапрадпрыемства Валянціна Плескачова. — І нехта ж амаль 20 гектараў агульнагарадскога палігона насыпаў. Чаму мы павінны бясплатна прыбіраць звалкі, якімі нядбайныя «прыватнікі» завалілі ўсю рэчку Дзебру? Летась мы месяц чысцілі берагі ракі ад смецця. Цягалі мяшкамі па крутым схіле. Гэта называецца «ў людзей смецця няма». Хай з намі пройдуцца па стыхійных звалках і паглядзяць.

Там, дзе прыватны сектар шчыльна мяжуе са шматпавярховай жылой забудовай, камунальнікі ставяць кантэйнеры з разлікам на гэта суседства. І яны заўсёды перапоўненыя. Валянціна Плескачова ўспамінае, як пасля ліквідацыі стыхійнай звалкі ў раёне Карабанаўкі там паставілі два кантэйнеры. І іх не хапала. Часам прыходзілася двойчы на дзень вывозіць смецце. Наогул за мінулы год Спецаўтапрадпрыемствам было вывезена 505 кубаметраў адходаў са звалак — яроў і іншых несанкцыянаваных месцаў.

Камунальнікі прызнаюць той факт, што плата за вываз смецця не павінна быць сярэдняй па краіне. Усе людзі розныя, і падыходы да ўтылізацыі адходаў таксама ва ўсіх неаднолькавыя. Калі ў краіне практыкуецца дыферэнцыраваны збор бытавога смецця і шмат гаворыцца пра карысць другасных адходаў, павінна быць і сістэма заахвочванняў.

Тры гады таму ў Магілёве быў выпадак, калі мясцовы жыхар дабіўся таго, што САП скасавала з ім дагавор на вываз і абясшкоджванне цвёрдых камунальных адходаў. Мужчына звяртаўся ў розныя інстанцыі і нават пракуратуру наконт незаконнасці ўтрымання з яго грошай за гэту паслугу. У якасці рэчавых доказаў прад’явіў чэкі, якія сведчылі, што ён сапраўды вывез на агульнагарадскі палігон неабходны аб’ём смецця. Але сёння адсутнасць дагавора не вызваляе спажыўца ад неабходнасці плаціць за паслугу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камунальнікі спасылаюцца на тое, што за гэту паслугу павінны плаціць усе.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика