Шлюб, даўжынёю ў 70 гадоў!. 21.by

Шлюб, даўжынёю ў 70 гадоў!

21.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

article4023.jpg

 – Пойдзем, мая прыгажуня! – пяшчотна, але гучна звярнуўся Рыгор Сяргеевіч Шабацька да сваёй ужо цяпер сляпой жонкі Таццяны Мацвееўны, калі мы папрасілі сямейную пару перайсці ў другі пакой, каб сфатаграфаваць сярод вышытых падушак юбіляраў дабрадатнага вяселля з вёскі Выганашчы.

Таццяна Мацвееўна толькі крыху ўсміхнулася ў адказ на камплімент. А Рыгор Сяргеевіч падаў ёй руку, як галантны кавалер, лёгка і бадзёра. “Мы  з табой, мая прыгажуня, яшчэ і станцуем на наша вяселле – 70 гадоў разам, а мне цябе цалаваць хочацца!..”

Сапраўды, такога важкага юбілею сумеснага жыцця, каб пара пражыла 70 гадоў у шлюбе, не прыпомню ў сваім жыцці. Вялі-і-і-кая рэдкасць не толькі ў раёне – у краіне! Нездарма за такі вялікі адрэзак часу такі шлюб называюць дабрадатным, багатым, бла-слаўлёным Богам.

Вяселле Шабацькаў

– 12 чэрвеня 1948 года, на Тройцу, у нас у вёсцы было чатыры вяселлі. У нас, у Паўла Савуціна, у Яўстафія Жука і ў Мікалая Куратніка. Мы і Павел Рыгоравіч са сваёй жонкай  вянчаліся ў Целяханскай царкве. Вянчанне каштавала 300 рублёў. А я бацюшку завёз рыбы, дзень касіў траву вакол царквы і 100 рублёў заплаціў. Мне выйшла танней, – успамінае Рыгор Сяргеевіч сваё вяселле. – Насілі тады што? Штаны і сарочкі сваёй работы, пафарбаваныя ў алешыну, а на вяселлі я быў апрануты ў ваеннае адзенне, у якім бацька прыйшоў з фронту ў 1946 годзе, – у гімнасцёрцы, галіфэ і ботах. А мая прыгажуня – у спадніцы і кофце ў гарошак, на нагах – чорныя паўбацінкі.

– Якія тады былі ўборы адзення пасля вайны? Нішчымніца на стале і бядота вакол. Вёска была спаленая ў вайну… – дадае Таццяна Мацвееўна. – Вяселлі спраўлялі мы сваім дзецям па чатыры дні, а наша – адзін дзень было. Што на стале было? Мяса было, тварог са смятанай, кансервы, кісель, яблыкі цёртыя…

– Самагонку купляці на вяселле я лодкаю ездзіў да Ляхавіч. У перадзелку папаў, але прывёз.  Гарэлкі тады мала пілі, – дадае Рыгор Сяргеевіч. – Самагонку і потым ніколі ў жыцці не гнаў. Ездзіў, як трэба было край, да знаёмага ў Раздзялавічы.

– Як выбіралі сабе жонку? – цікаўлюся.

– У сям’і нашай было пяцёра дзяцей. Калі я пайшоў у першы клас, то ў той жа год пачаў малаціць жыта з дзедам. Вось і выбіраў дзяўчыну, каб работніца была, як я. Хадзіў да адной – гультаяватая, доўга спіць, маці ёй есці варыць, падае… – не падыходзіць. А ў маёй прыгажуні бацька быў працавіты, маці працавітая і дачка такая ж. Грошай тады ніхто не даваў, таму жонку браў, каб азадак голы не быў – каб прала, ткала… Дарэчы, і прозвішча маёй жонцы не давялося мяняць, яна ў дзявоцтве таксама Шабацька.

Жылі маладыя першы час з бацькамі. Бацькоўскі дом Таццяны Мацвееўны быў недалёка, і першы час яна на бліны да бацькоў бегала. Не паспелі маладыя намілавацца, як восенню 20 кастрычніка 1948 года забралі Рыгора Сяргеевіча ў працоўную армію на Украіну на тры гады – працаваць у шахтах.

– Як забіралі ў армію, калгаса яшчэ не было, а вярнуўся ў 1951 годзе, то жонка і бацька працавалі ўжо ў калгасе і дачцэ старэйшай было ўжо больш за два гады, – успамінае Рыгор Сяргеевіч. – Мяне ўзялі працаваць учотчыкам. Першы старшыня быў Яўгеній Аляксеевіч Няхаеў, былы танкіст, на фронце падчас бою абгарэў у яго твар, а потым старшынёй стаў Іван Гардзеевіч Мялік.

Дзівавалася, слухаючы Рыгора Сяргеевіча, – такая памяць! Усіх па імені і прозвішчу памятае, даты – не толькі год, а і дзень, і месяц, усе дэталі падзей жыцця… І гэтыя дэталі яскрава сведчаць пра ўнутранае святло людзей таго часу, як яны раней моцна працавалі.

“Спаборніцтва”  з брыгадзірам

Рыгор Сяргеевіч расказаў пра выпадак, як ён паспаборнічаў з брыгадзірам.

– Я з касцамі працаваў, а брыгадзір (не буду гаварыць яго прозвішча) з жанкамі жыта ўбіралі. Вечарам абмералі, а ён толькі два гектары зжаў, а трэба ўбіраць яшчэ 15. Яго выклікалі “на кавёр”, і ён папрасіўся памяняцца са мною. Трэба дык трэба. На наступны дзень раніцай ён ужо пайшоў з касцамі, а я – з жанкамі. Але вечарам напярэдадні я абышоў кожную хату і прасіў нават бабулек выйсці жаць жыта. Некаторыя жанкі бялізну замачылі, каб заўтра мыць, а я іх прашу: “Я вам заўтра сам вады нанашу мыць бялізну, толькі выйдзіце, бо нельга марудзіць, пакуль надвор’е”. Назаўтра выйшлі ўсе: старыя і малыя. Вечарам абмералі – 8 гектараў. Жанкі кажуць, калі будзе барыш, то заўтра скончым талакою. Я пайшоў да старшыні і кажу, што заўтра дажынкі будуць. Ён не паверыў, але паабяцаў барыш. Вось ужо на апошнім снапе кветку зрабілі, жанкі сталі ў чаканні барышу песні спяваць, а старшыні з горада няма і няма. Ахрып-
лі мае дзяўчаты, сонца заходзіць… Ажно едзе Няхаеў. Я яму далажыў, то ён пайшоў да суседкі, дзе кватараваў, і пазычыў у яе грошай на барыш. Назаўтра мяне выклікаюць і кажуць, каб я займаў месца брыгадзіра. Я сумеўся: ён партыйны, а я – не. Нядобра будзе, калі беспартыйны партыю “апазорыць”. І маё сумленне не дазволіла мне заняць месца брыгадзіра.

Расказваў Рыгор Шабацька, як старшыня калгаса яго адпраўляў вучыцца на асемянатара.

– Жонка махае кулаком – не едзь вучыцца, а як я мог чалавека падвесці? Старшыня хацеў на калені ўпасці, так прасіў, не мог я дапусціць такога, каб чалавек перада мною на калені ўстаў, паехаў і зіму правучыўся ў Няхачаве ў райплемстанцыі. Аклад залежаў ад колькасці пагалоўя. Мне плацілі 52 рублі і за кожнае цяля пры-плоду – 55 капеек, потым сталі плаціць больш. Так я да першага красавіка 1988 года адпрацаваў асемянатарам. Старшыня Фёдар Фёдаравіч Сацішур прасіў яшчэ па-
працаваць, ды здароўе мяне падвяло. Годам раней паламаў нагу, і далі завялікую дозу наркозу. Чатыры месяцы ў бальніцы быў, але стала галава і ногі трэсціся, што з мяне за работнік, і я пайшоў на пенсію.

Хату без піларамы

будавалі…

– Хату самі будавалі? – пытаюся.

– Амаль што сам, – адказвае гаспадар. – Але як было. Лес пасля вайны давалі людзям будавацца. Але так атрымалася, што мяне камісія абмінула. Не далі… Пайшоў да старшыні – далі пяць кубоў. Потым яшчэ два, і яшчэ два… Зруб, кроквы і шчыт паставілі з братамі Васілём і Фёдарам Куратнікамі, і Пятром Шабацькам. Заплаціў ім 1500 рублёў і тры барышы: як закладвалі хату, як балкі клалі і як “кветку” на каньку паставілі. Астатнюю работу ўдваіх з бацькам парабілі. Піларамы не было – усё ўручную, шыферу не было, то напачатку накрылі дом чарапіцаю, а потым перакрывалі шыферам. Чацвёртага снежня 1960 года малодшая дачка Марыя нарадзілася, а ў 1961 годзе перайшлі ў сваю хату.

Рыгор Шабацька быў да работы, як кажуць, бы дурны. Сваю хату шчыраваў, дапамагаў і іншым вяскоўцам будавацца. Трымалі вялікую гаспадарку, дзве каровы, чацвёра свіней… Аднаго кабана здаў вагою ажно ў 319 кілаграмаў!

– Есці было што, мяса, сала, грошай таксама хапала, – дадае і дачка Марыя, якая прыехала праведаць бацькоў з Гошчава.

Шчаслівы

Рыгор Сяргеевіч лічыць сябе шчасліўчыкам небеспадстаўна.  У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ён быў яшчэ хлапчуком і пасвіў з сябрам па лесе кароў, здарылася ім аднойчы ўцякаць ад немцаў у балота. Гэта было ў 1943 годзе. Вакол свісталі кулі. Сябра тады забіла, а ён застаўся цудам жывы.

І яшчэ адзін выпадак у жыцці быў не выпадковы. Калі Рыгору Сяргеевічу было ўжо за 70 гадоў, ён раптам захварэў. Моцна, што злёг і развітваўся ўжо з жыццём. Урачы не маглі знайсці прычыну, і сіл у яго не было падняцца з ложка амаль два гады. Сталі ў дадатак і праблемы са зрокам: на адно вока – катаракта, на другое – глаўкома. І неяк ноччу ў роспачы мужчына стаў прасіць Бога, каб забраў яго, каб не мучыліся блізкія, даглядаючы яго ляжачага.

А пад раніцу сніцца ці мроіцца, не сказаць: жанчына ў чорным падыходзіць да яго і кажа: “Рыгор, табе яшчэ не пара. Мы ўсё ведаем пра людзей, я адтуль. Ты не залежвайся, бо будзеш жыць доўга”. Рыгор Сяргеевіч яшчэ запытаўся: “Хто ты?”, але адказу не было. Ён вырашыў пагля-дзець у яе твар, а яна павярнулася і растварылася…

Раніцай жонка не паверыла сваім вачам – Рыгор, хістаючыся, устаў з ложка і даплёўся да канапы. Пасля таго выпадку ён стаў адкрыта верыць у Бога. Паступова расхадзіўся і да сённяшняга дня на ногі не скардзіцца. А на вока адно зрабілі ўдалую аперацыю – стаў бачыць. І дачцэ малодшай казаў: “Марыйка, лепш быць глухому, чым сляпому. Дзякуй, дачушка, што на аперацыю прывезла”.

Першага красавіка Рыгору Сяргеевічу Шабацьку споўнілася 90 гадоў, а ў яго жонкі Таццяны Мацвееўны такі юбілей будзе ў наступным годзе. Жывуць Шабацькі ў в. Выганашчы далёка ад цэнтра.

– Хто б мог падумаць, што пасля той хваробы бацька ўстане, – здзіўляецца дачка Марыя. – А ён малайчына, устаў. І яшчэ сёлета ўсе дровы перапілаваў. Загартоўка некалішняя.

Марыя паказала бацькаву лыжку – з 1942 года, з самалёта, што ўпаў у лесе. Паламалася аднойчы, дык прыварылі, бо бацьку яна дарагая.

Сакрэт сямейнага шчасця Шабацькаў

– Характарам падышлі, – кажа гаспадар. – Жонка мяне не надта любіла цалаваць, а я абдыму яе і пацалую… Людзі зайздросцілі нам, “падцкоўвалі”, каб сварыліся, а жонка верыла мне. Яна пайшла на пенсію ў 50 гадоў і яшчэ 22 гады брала ў калгасе дзялку буракоў палоць. Вышывала, ткала, вязала, журавін па два мяхі збірала прыгажуня мая.

Вядома, не ўсё гладка складвалася ў жыцці. Але Рыгор Сяргеевіч Шабацька дараваў усім, ні з кім не сварыўся. Мо, таму Бог пасылаў на шляху яго жыцця лю-дзей, якія за яго заступаліся, дапамагалі вырашаць складаныя пытанні, “разрульвалі” сітуацыю. Такім чалавекам, якому назаўсёды ўдзячны Рыгор Сяргеевіч, стаў Васіль Сцяпанавіч Шляжка, які працаваў намеснікам старшыні гаспадаркі. Дзякуючы яго прафесіяналізму Шабацька атрымаў даплату за выслугу гадоў і ў выніку – дастойную пенсію.

– Бацька на нас ніколі не крычаў, нават голасу не павышаў, але ўсе мы яго слухаліся, – казала дачка Марыя. – Працаваць не прымушалі, але мы бачылі прыклад перад сабой і стараліся рабіць так, як бацькі. І заўваг баць-
ка ў твар не выказваў. Мог маме сказаць: “Марыя ногці нафарбавала, нашто гэта”. А тады мама мне перадае бацькавы словы, і я разумею – не падабаецца бацьку, не трэба.

– Дзеці харошыя выраслі ў нас, працавітыя,  – дадае Рыгор Сяргеевіч. – Марыйка ў мяне ўдалася. У першы клас пайшла, а пасля ўрокаў бегла да маці дапамагаць бульбу капаць, а пасля бульбы яшчэ ў лес забяжыць ды грыбоў на вячэру сабярэ! Працавітыя. Наталля вось без мужа ўжо каторы год, ногі баляць, а наварыць нам есці ў печы і штодзень едзе на веласіпедзе ў другі канец вёскі да дзяцей сына (у яго жонка памерла). Вось на вяселле наша ў выхадныя прыедзе Каця з дзецьмі і ўнукамі, Наталля прыйдзе  з сынам і ўнукамі, Коля ўжо з Мінска прыехаў, каб я сам не вазіў ваду тачкаю, каб бульбу паліваць, блізняты Зіна і Міша – з дзецьмі і ўнукамі, і Марыйка зноўку прыедзе, сваіх возьме. Сям’я: шасцёра дзяцей, 11 унукаў і 13 праўнукаў.

На развітанне, а з хаты нас не выпусцілі, пакуль не пачаставалі смачным супам з печы, Рыгор Сяргеевіч узнёсла сказаў:

–  Маладым жадаю, каб кахалі адзін аднаго, паважалі, не пілі гарэлку. Я жадаю, каб наша жыццё квітнела, і краіна наша. Каб наш Прэзідэнт мог перад іншымі народамі пахваліцца, што ў Беларусі людзі жывуць не тое, што да ста, а да 180 гадоў!

Рыгор Сяргеевіч казаў так упэўнена, што, можа, і здарыцца на людскім веку калісьці такі цуд доўгажыхарства.

Валянціна БОБРЫК.

Фота Валерыя Міскевіча.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Рыгор Сяргеевіч і  Таццяна Мацвееўна Шабацькі адзначылі дабрадатнае вяселле...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика