Верылі, што заўтра будзе лепш. 21.by

Верылі, што заўтра будзе лепш

27.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У Беларусі Вялікая Айчынная вайна закранула сваімі чорнымі крыламі амаль кожную сям’ю. Пра гэты, самы жудасны, перыяд нашай гісторыі трэба расказваць сучаснаму маладому пакаленню, каб ведалі, каб помнілі і каб не паўтарылася… Лепш за ўсё пра падзеі той ужо далёкай вайны могуць расказаць, канешне, іх непасрэдныя сведкі, хоць некаторыя з іх і былі тады зусім малымі дзецьмі. Але ж у дзіцячых успамінах часам захоўваюцца самыя цікавыя і адметныя падзеі і факты.

Жыхарка вёскі Балашэвічы Алена Рыгораўна Долбік была зусім яшчэ малая, калі пачалася вайна: усяго толькі чатыры гады споўнілася. Яе бацьку Рыгора Філімонавіча ў першы ж дзень вайны прызвалі на фронт. Але хутка сфарміраваныя часці нават не паспелі ўступіць у бой з ворагам: фашысцкія самалёты разбамбілі савецкія войскі. Бацька праз нейкі час, крыху паблытаўшыся па лесе, прыйшоў дадому, але прабыў у вёсцы нядоўга і сам зноў пайшоў даганяць адступаючую Чырвоную армію. Жонка Арына Сяргееўна, ціха плачучы, угаворвала яго застацца дома, а ён усё ж пайшоў…

— Я свайго бацьку, можна сказаць, і не ведала, — расказвае Алена Рыгораўна. — Мае ўспаміны пра яго вельмі смутныя. Але ж памятаю, што, калі разбілі яго вайсковую часць, ён прыйшоў чамусьці не да нас у хату, а да сястры. Мы з мамаю зайшлі да цёткі Лукер’і, а бацька сядзеў на печы і еў хлеб з малаком. Потым ужо пайшлі да нас. Бацькі пра нешта размаўлялі, але мне, малой, гэта было нецікава. А вось цікава было разгледзець мужчыну, які стаў за некалькі тыдняў “чужым”. Тата сядзеў за сталом на лаўцы, а я хадзіла вакол яго: падысці баялася. Ён кажа: “Дачушка, хадзі ж да мяне”, а я ўцякаю да мамы. Але ўсё ж такі бацька ўзяў мяне на рукі. І вось гэты момант, а яшчэ яго цёмныя, крыху кучаравыя валасы запомніліся мне на ўсё жыццё і сталі адзіным успамінам пра тату. З вайны ён не вярнуўся — прапаў без вестак.

Падчас вайны ў нашай вёсцы стаяў варожы гарнізон, немцы жылі па хатах вяскоўцаў. У нас, праўда, ніхто не жыў: хатка была вельмі маленькая. У нашай малой хатцы стаяла маленькая печ, быў стол, лаўкі, драўляны ложак. Ад лаўкі, што была каля печы, да ложка перакінулі дошкі, на іх паслалі сяннік, напханы саломаю. На ложку спаў брат (ён жа мужчына — яму і месца лепшае), а на дошках — мы з мамаю.

 Хатка наша стаяла апошняя ў самым канцы сяла. Далей былі пясчаныя горы, а потым лес. Восенню 1943-га вельмі часта да нас у двор прыходзілі пераначаваць паліцаі і немцы. Напэўна, страшна ім было ісці ноччу па лесе далей на Глуск. А мама вельмі баялася, што нас могуць пазабіваць. Таму, калі хто чужы быў на двары, яна замыкала дзверы, але ўсё роўна ноч не спала. Аднойчы ў дажджлівы халодны восеньскі вечар немец прыйшоў нават да нас у хату. Сеў на лаўку і сядзіць моўчкі. Мы з братам (ён за мяне старэйшы на два гады) ужо спаць хочам, а мама кажа: “Дзеткі, не спіце, пагуляйце яшчэ трошкі”. Баялася яна: невядома, якія там думкі ў галаве ў таго немца…

Падчас вайны ў нас была даволі вялікая гаспадарка: падаткі ж трэба было плаціць новай уладзе. Мама адна ўсю працу на сваіх плячах цягнула. Ад нас дапамогі яшчэ небагата: малыя. Трымалі каня, карову, авечак, свіней, гусей, курэй. Садзілі, канешне, агарод, жыта, бульбу. Па вёсцы хадзіў стараста (не ведаю, праўда, як часта) і збіраў падаткі прадуктамі. Прыкладам, часцей за ўсё людзі аддавалі яйкі, сала.

Вельмі добра памятаю, як вызвалялі вёску. Наша мама якраз у той дзень абсыпала (уцяпляла) пограб. Прыйшоў немец ды кажа: “Лезь са сваімі кіндэрамі вось туды ўніз, бо будуць вельмі страляць і снарады ляцець, пазабіваюць вас”. І на самой справе, з гармат стралялі так, што зямля калыхалася. А калі заціхла страляніна, па вёсцы пайшлі немцы — адыходзілі на захад. Іх сабралася ў Балашэвічах вельмі многа: здавалася, што калоне, якая ішла па вясковай вуліцы, не будзе і канца. Я столькі людзей, колькі і жыву, больш не бачыла. Мама нам казала: “Паглядзіце, дзеткі, колькі ж гэтай нечысці па нашай зямлі хадзіла”. Акупанты перш хацелі ісці на Глуск, але, відаць, з таго боку ўжо наступала Чырвоная армія, і яны павярнулі на раку да Побліна. Шмат іх патапілася ў Пцічы пры пераправе: броду ж яны не ведалі. Праз некаторы час на вуліцы пачуўся радасны вокліч: “Красныя ідуць!” У вёску прыйшлі два салдаты з аўтаматамі (можа, разведчыкі), на грудзях — накрыж дзве стужкі з патронамі. Людзі выбягалі з двароў і цалавалі, абдымалі тых салдат. За імі ўжо ішла Чырвоная армія: радасці вяскоўцаў не было канца. За арміяй на захад пайшоў і наш конік: нейкі ваенны вывеў з двара, ускочыў на яго ды і паехаў. На мамін плач нехта з салдат сказаў: “Не перажывай, жанчынка, твайго каня ўсё роўна ў цябе не будзе, яго ў калгас забяруць, дык хай Чырвонай арміі паслужыць”.

Пасля вызвалення лягчэй жыць нашай сям’і не стала, увогуле, як і іншым вяскоўцам. Бандыты, якіх шмат блукала па наваколлі, скралі ў нас карову і авечак. Малака, хлеба на стале не было — галадалі… Мама пайшла на працу ў адноўлены калгас. Калі жала жыта, назразае ціхенька каласкоў, дома іх перамеле, спячэ з той мукі коржык памерам з далонь і падзеліць на тры часткі. Але не пароўну: наша з братам частка заўсёды была нашмат большая за маміну. За тое, што сям’я засталася без кармільца, мама атрымлівала пенсію: усяго 12 рублёў. Хутка пасля вызвалення я пайшла ў школу. Чатыры класы скончыла, і мама сказала: “Ты дзяўчына, з цябе хопіць і гэтай адукацыі”. З 14 гадоў я пайшла працаваць у калгас. Але, нягледзячы на цяжкую працу са світанку да захаду сонца, на галечу і нават голад, мы жылі, пераадольвалі ўсё і верылі, што заўтра будзе лепш…

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з архіва Алены Долбік

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі Вялікая Айчынная вайна закранула сваімі чорнымі крыламі амаль кожную сям’ю. Пра гэты, самы жудасны, перыяд нашай гісторыі трэба расказваць сучаснаму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика