Маё жыццё атрымалася. 21.by

Маё жыццё атрымалася

28.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Відэаролік у сетцы “Одноклассники” пра славутасці гарадскога пасёлка Капаткевічы ўжо назбіраў больш за 21 тысячу праглядаў.
Яго стваральнік Анатоль Антанішын падрабязна распавядае на відэа пра любімы край і раскрывае таямніцы некаторых назваў папулярных месцаў Капаткевічаў.
Улічваючы, што населены пункт сёлета адзначае 450-годдзе, кароткаметражны фільм прыйшоўся дарэчы. Сёння з яго стваральнікам мы пазнаёмімся бліжэй.

Антонішін, Копаткевічі

КАПАТКЕВІЧЫ З ПТУШЫНАГА ПАЛЁТУ

– У геаграфічным плане пасёлак знаходзіцца ў выдатным месцы, – пачаў Анатоль. – Продкі былі мудрыя, выбраўшы гэтае месца для пражывання. Рака вельмі ўпрыгожвае наш пасёлак. Паглядзеўшы відэа, вы ў гэтым цалкам пераканаецеся.

Зняць фільм пра Капаткевічы з вышыні птушынага палёту была ідэя майго сына Дзмітрыя. Прыехаўшы сюды ў пачатку мая, на працягу трох дзён зрабілі аэраздымку з квадракоптара. Самі не чакалі, што нам адкрыюцца такія маляўнічыя панарамы. А далей на працягу трох тыдняў манціравалі.

На дасягнутым не будзем спыняцца – жадаем працягнуць здымаць, але ўжо ў іншым накірунку – напрыклад,   апавяданні людзей пра свае лёсы, землякоў.

Старэйшае пакаленне сыходзіць і трэба паспець даведацца пра цікавыя факты. А наогул, у 1963 годзе ў Капаткевічах здымалі мастацкі фільм паводле рамана Івана Шамякіна “Крыніцы”. І мне пашчасціла 16-гадовым хлапчуком зняцца ў масоўцы.

Менавіта тады я звярнуў увагу на працу рэжысёра і аператара, пастаянна круціўся каля іх.

ПАМЯТАЮ, ЯК АДБУДОЎВАЎСЯ ПАСЁЛАК

Бацькі былі простымі працаўнікамі. Як і ўсе жыхары. Сябе адношу да дзяцей пасляваеннага пакалення, якія нарадзіліся праз паўтара года пасля заканчэння вайны.

Памятаю, як адбудоўваліся Капаткевічы, якія былі цалкам спалены фашыстамі ў 1943 годзе за сувязь жыхароў з партызанамі.

У наваколлі былі бачныя сляды баёў, якія праходзілі пры адступленні немцаў. Мы з сябрамі з цікавасцю бывалі там. Знаходзілі зброю і боепрыпасы. Часам гэтыя вылазкі на месцы баёў аказваліся трагічнымі. Некалькі маіх сяброў падарваліся на снарадзе.

НЕАДНАЗНАЧНЫ ЧАС

Мой дзед Максім Антанішын першым арганізаваў калгас у Капаткевічах, быў яго старшынёй, затым старшынёй Капаткевіцкага сельскага Савета. Добры, пісьменны і справядлівы чалавек. Наватар.

У лістападзе 1937 года па лжывым даносе быў арыштаваны і ў снежні таго ж года як “вораг народа”   расстраляны. У 1959 годзе быў рэабілітаваны пасмяротна.

НАСТАЎНІКІ – МАЙСТРЫ  СВАЁЙ ПРАЦЫ

У Капаткевічах былі дзве школы: беларуская і руская. Я вучыўся ў беларускай. Памятаю сваю першую настаўніцу Кацярыну Цылько (Арыновіч).

У 1956 годзе школы аб’ядналі, пабудаваўшы новую – цагляную. Трохпавярховая школа стала сярэдняй. Першым дырэктарам быў строгі Самуіл Басок. Усе яго пабойваліся. Былы франтавік, танкіст, быў паранены. А яго жонка Эсфір Барысаўна выкладала ў нас нямецкую мову.

З самага пачатку ўсе настаўнікі былі майстрамі сваёй працы:  Рыгор Цылько закахаў у гісторыю, Іван Арцюх – настаўнік гісторыі – цікава выкладаў старажытны свет.

 Наша школа дала мноства вядомых людзей краіне, і наш клас у тым ліку. Гэта перш за ўсё лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч,  Уладзімір Тарасевіч – прафесар, доктар хімічных навук, Леанід Удавіхін – вядомы энергетык, Мікалай Ягораў – вядучы інжынер касмічнай галіны, Аляксандр Нікіфараў – заслужаны работнік Міністэрства шляхоў зносін.

Многія мерапрыемствы ў Капаткевічах праходзілі з удзелам вайскоўцаў з Мышанкі. Спаборніцтвы паміж нашымі школамі, асабліва па футболе, суправаджаў вайсковы аркестр.

ПАХОД З ГІСТОРЫЯЙ

Класным кіраўніком некалькі гадоў быў у нас настаўнік фізкультуры Рыгор Кузьменка. Аднойчы мы пайшлі ў паход. Шмат чаго расказаў настаўнік пра жахі вайны, бо бачыў яе на ўласныя вочы.

Яго сын Леанід авіятар, скончыў лётнае вучылішча і па гэты дзень лётае штурманам у транспартнай авіяцыі. Мы з ім сябруем, маем зносіны праз інтэрнэт.

ЗДАЎ МАКУЛАТУРУ – КУПІЎ ФОТААПАРАТ

У 14 гадоў захапіўся фатаграфіяй. У школе быў фотагурток, кіраваў ім наш капаткевіцкі фатограф Яўген Гераська. А фотаапарат свой першы купіў на грошы за здадзеную макулатуру, каляровыя металы. Здавалі гэта на прыёмны пункт “Лебядзісе”, бо прозвішча прыёмшчыцы было  Лебедзева. Фотаапарат шыракаплёначны “Аматар” каштаваў 12 рублёў.

ХУЛІГАН МЯСЦОВАГА ЗНАЧЭННЯ

Што ўтойваць, прымаў удзел у бойках і войнах “вуліца на вуліцу”. Шмат нерваў папсаваў бацькам. Былі прагулы, двойкі, візіты бацькоў у школу за нездавальняючыя паводзіны. Мяне нават не адразу прынялі ў камсамол.

Пасля заканчэння школы адразу пакінуў бацькоўскі дом і, як здарылася, назаўжды.

Спроба была паступіць у Крэмянчугскае лётнае вучылішча, не прайшоў па конкурсе. Працаваў пасля на заводзе токарам, потым – армія.

…І ўсё ж такі я знайшоў сваё месца – паступіў у Ноўгарадскі педагагічны інстытут, на гістарычны факультэт.

З ДЗЯЦІНСТВА МАРЫЎ ПРА АВІЯЦЫЮ

25 гадоў сумленна аддаў доўг Радзіме па абароне нашых рубяжоў – служыў на Далёкім Усходзе, Забайкаллі, Манголіі, Германіі, Паўночным Каўказе. Скончыў Іркуцкае авіяцыйнае вучылішча.

Службу ў Ваенна-паветраных Сілах СССР без сціпласці можна назваць самым цікавых этапам у жыцці.

Пасля звальнення ў запас прыехаў ужо на пастаяннае месца жыхарства ў Гомель, дзе працаваў у школе № 61 з тэатральна-мастацкім ухілам настаўнікам гісторыі.

СЯМ’Я ЎСЁ ВЫТРЫМАЛА

У Манголіі служыў у аддаленым гарнізоне Сайн-Шанд, у пустыні Гобі ... Жылі ў палатках у спякоту +45 у ценю... Вада была прывазной і выдавалася строга па норме .

... Забайкальскія стэпы. Клімат рэзка кантынентальны. Улетку ссохлая трава, а зімой вятры і мінус 50 марозу, пастаянныя вятры. І пры такіх кліматычных умовах неабходна было несці службу.

Нізкі паклон маёй жонцы Серафіме Фёдараўне. Як і многім іншым афіцэрскім жонкам, якія перанеслі ўсе нягоды афіцэрскай службы савіх мужчын. Дзеці часта школы змянялі. Сын памяняў 7 школ, дачка – 6, і тым не менш абодва вучыліся добра.

Сын выдатна скончыў школу і ваеннае вучылішча, ваенную акадэмію з чырвоным дыпломам.

Ён пайшоў па маіх слядах – служыў у ВПС. Службу скончыў у Генеральным штабе Расіі.

ПРА СЯБЕ СУЧАСНАГА

Па сямейных абставінах у пачатку двухтысячных пераехаў жыць у горад Цвер, бо адтуль мая жонка.

У мінулым годзе стаў лаўрэатам усерасійскага фотаконкурсу “Лепшыя фатаграфіі Расіі”. Сур’ёзна займаюся лыжным спортам. Штогод прымаю ўдзел у спаборніцтвах “Лыжня Расіі”. А ўлетку – веласпорт, штодзённыя велапрагулкі па лясах і далінах.

Маё жыццё атрымалася, радуюся поспехам сваіх дзяцей і ўнукаў. Віншую Капаткевічы і яго жыхароў з юбілеем. Жадаю ўсім здароўя і даўгалецця!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота з асабістага архіва Анатоля Антанішына.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Відэаролік у сетцы “Одноклассники” пра славутасці гарадскога пасёлка Капаткевічы ўжо назбіраў больш за 21 тысячу праглядаў. Яго стваральнік Анатоль Антанішын...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика