На прыступках рэйхстага пакінуў вайну. 21.by

На прыступках рэйхстага пакінуў вайну

28.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

– Жывы! Я застаўся жывы… Мы выжылі! – цела ахапіла дрыжанне, з якім падлетак справіцца не змог. Нясцерпна захацелася плакаць, прыціснуцца да матулі. Але нельга – ён салдат.

Аляксандру Пырко толькі споўнілася 15 гадоў, калі ён ступіў салдацкімі ботамі на прыступкі рэйхстага. Надпісы, імёны… Ішоў, каб і сваё імя тут пакінуць, ды так і не змог. Пакінуў там усё, што навязала яму вайна – жорсткасць, нянавісць, ахвяраванне. У той момант нешта ажыло ў ім, перавярнула светаўспрыманне, зразумеў, што няма на свеце нічога каштоўней за чалавечае жыццё. Узгадаў усіх тых, хто мог бы стаяць тут з ім побач, стаяць пераможцам, але не дайшоў…

IMG_8917_1

… Аляксандра з матуляй і двух яго братоў разам з іншымі се-м’ямі партызанаў фашысты пагналі ў Чорнае балота. Кемлівы і спрытны, ён змог збегчы. А душа балела па родных, якія засталіся там, у Азарыцкім лагеры. Многа дзён, мінаючы нямецкія пасты, праз незамерзлыя балаты дабіраўся да партызанаў, дзе быў яго старэйшы брат Валодзя. У атрадзе і яму знайшліся абавязкі. Добра арыентуючыся на мясцовасці, ён мог хутка і надзейна трымаць сувязь з іншымі атрадамі, хадзіў на занятыя немцам тэрыторыі. Яго дзіцям у атрадзе ніхто не лічыў, давяралі складаныя і сур’ёзныя справы. І не шкадавалі. Аднойчы давялося першаму прайсці праз мост на Пцічы, каб высветліць, ці не замініраваны ён. Так перавёў па ім увесь атрад.

Не раз здаралася літаральна цудам застацца жывым. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся, калі немцы акружылі іх полк, які трымаў  у Акцябрскім раёне “вароты” для вываду ў тыл партызанскіх сем’яў. Падлетак бег пад праліўным дажджом куляў, якія ірвалі на ім адзенне, плавілі валасы, але выжыў. Прабіраючыся па горла праз сцюдзёныя лютаўскія балоты, уплаў праз Пціч, дабраўся да атрада, паведаміў пра тыя страшныя падзеі. Потым былі адмарожаныя ногі, пагроза ампутацыі. Але ўрачы ў Мышанскім шпіталі паставілі яго ў строй ізноў.

– Сем месяцаў стаяў фронт на Пцічы, – расказвае ветэран. – У Хусным – мы, у Млынку – немцы. Вестак пра родных у мяне не было, ведаючы пра жахі Азарычаў, быў упэўнены, што маці і браты загінулі. Ад бацькі, якога дэмабілізавалі ў 41-м, вестак не было ўсю вайну. Так я стаў сынам палка. Прайшоў свой ваенны шлях ад Млынка да Германіі. Са сваёй табельнай зброяй – пісталетам – і ваеннай папкай выконваў абавязкі сувязнога. Нават грошы плацілі, 300 рублёў, палову – на ўкладную кніжку, астатняе на рукі. У Германіі ўжо былі агульнавайсковыя маркі. Немцы, адступаючы, знішчалі ўсе запасы харчавання. Мясцовае насельніцтва галадала. За два боханы хлеба можна было купіць баян.

Людзей фашысты забіралі з сабою на Захад. Жанчын, якія заставаліся, заражалі сіфілісам. Нам дазвалялася слаць пасылкі дадому, не больш шасці кілаграмаў. На той час я ўжо ведаў, што маці з братамі выжылі пасля тыфу, якім іх заразілі ў лагеры, вярнуліся дадому, у разбураны і галодны Млынок. Стараўся хоць чым-небудзь іх падтрымаць.

IMG_8937_1

Сваю першую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі – Аляксандр Фядотавіч не атрымаў. Кажа, вайна ж была, недзе згубілася. А вось загад пра прадстаўленне яго да ордэна зачытаны быў. Справа была так. Пад Шаўляем на вызваленых тэрыторыях савецкіх салдат рассялялі па хутарах. У падвале іх дома Аляксандр знайшоў падазроныя прадметы, аказалася, што будынак замініраваны. Вызвалі снайпераў, іх узвод эвакуіравалі. А літаральна праз некалькі гадзін у паветра ўзляцеў суседні хутар з нашымі салдатамі. Пільнаму хлопцу была дадзена належная ўзнагарода.

Толькі ў канцы жніўня 1945 года Аляксандр вярнуўся дадому. Аказалася, што бацьку ў пачатку вайны на фронт не забралі, а накіравалі працаваць на электрастанцыю ў Свярдлоўск. Пасля вызвалення Ленінграда перакінулі на будоўлі гэтага пакутнага горада. Бацька забраў сям’ю да сябе. Там пятнаццацігадовы салдат з медалём “За перамогу над Германіяй” сеў за парту вучня 5 класа школы працоўнай моладзі. Днём працаваў, увечары вучыўся. Працаўнікам тады давалі кілаграм хлеба ў дзень, 300 грамаў – вучням. Сям’я пабудавала свой дом. Але хвароба заспела бацьку. Язва страўніка літаральна з’ядала яго на вачах. Было вырашана вярнуцца на радзіму. Потым у Мазыры яму зрабілі аперацыю і бацька застаўся жыць.

– Вучыцца вельмі хацелася, – узгадвае дзяцінства Аляксандр Фядотавіч і пачынае цытаваць на памяць урывак з “Песни о вещем Олеге”. – Пісалі на старых газетах, калі такія знаходзілі, быў адзін падручнік на ўвесь клас. Вучоба мне давалася лёгка. Потым і Чырвонабярэжскі тэхнікум скончыў з трыма пяцёркамі па дзяржэкзамене, адзіны з курса.

– Швідкі хлопец быў ён, – далучаецца да нашай гутаркі Кацярына Зосьеўна – верная спадарожніца ўсе 65 гадоў. – На два гады быў маладзейшы за мяне, але сур’ёзны, самастойны, з медалямі, і на працы паважаны. Завідны жаніх. Ды і разумны, усё з лёту запамінаў, ва ўсім разбіраўся. І дзеці ў бацьку ўдаліся. А мне таксама трэба было быць яго вартай. Працавала на ферме даяркай. Па 15-18 кароў уручную выдойвала, тады даільных апаратаў у нас не было. Многа разоў была пераможцам сацспаборніцтва, тройчы выбіралася дэпутатам мясцовага Савета. А гаспадар мой трыццаць гадоў адпрацаваў у нашым калгасе імя Варашылава, потым пчаляром. Дзеці ўсе тут, недалёка. Сын Валодзя ў Петрыкаве, працаваў ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва. Валера ў чалюшчавіцкай гаспадарцы, неаднойчы быў перадавіком і запрашаўся на “Дажынкі”. Дачка Ларыса ў Пцічы працуе ў дзіцячым садку. Ужо і чатырнаццаць праўнукаў маем. Сёння вось ужо без дапамогі абыходзіцца на можам, хварэем. Унучка Наташа жыве з намі, даглядае. Шкада, што нельга ёй аформіцца, каб хоць стаж працоўны ішоў, пра грошы ўжо не кажам. Цяжка быць абузай сваім дзецям.

– Галоўнае свята для мяне ўсё ж Дзень Перамогі, – прыняўшы віншаванні з надыходзячым Днём Незалежнасці, гаворыць ветэран. – Тады, у ліпені 44-га, вестка пра вызваленне Мінска была чарговай у шэрагу добрых навін. Не святкавалі. Ехалі праз сталіцу: руіны, толькі дарогі прачышчаныя. А сёння Мінск – наш гонар. І гэта ўсё за тэрмін аднаго чалавечага жыцця. Ганаруся. І рады, што ёсць такое свята – Дзень Незалежнасці. Ведаю, што аснова яго – тая наша Перамога, 9 мая.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
– Жывы! Я застаўся жывы… Мы выжылі! – цела ахапіла дрыжанне, з якім падлетак справіцца не змог. Нясцерпна захацелася плакаць, прыціснуцца да матулі. Але нельга – ён...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика