Улада адкрыта да дыялогу
25.07.2018
—
Новости Общества
|
19 ліпеня, у рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы, адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Аляксандра Грыцука, галоўнага ўрача УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілія Юзэфовіча і намесніка начальніка Івацэвіцкага РАУС Ігара Пастушына з калектывам ДУ “Целяханскі псіханеўралагічны інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”.
Найперш старшыню райвыканкама Аляксандра Грыцука цікавілі праблемы, якія тычацца Целяхан, і работнікаў і спецыялістаў інтэрната ён заклікаў не саромецца задаваць пытанні.
Напачатку галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч (на здымку), пазнаёміў прысутных са станам дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне і на Целяханшчыне. “Вынікам рэалізацыі ў мінулым годзе мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” стала дасягненне асноўнага зводнага мэтавага паказчыка праграмы – чакаемай працягласці жыцця – 74,4 года, – казаў галоўны ўрач. – Чакаемая працягласць жыцця насельніцтва Івацэвіцкага раёна за першае паўгоддзе бягучага года склала 72,7 года і не дасягнула планавага паказчыка. Раён спецыфічны, на тэрыторыі яго два інтэрнаты для састарэлых, дзве папраўчыя ўстановы, што адмоўна ўплывае на статыстыку смяротнасці і нараджальнасці. За паўгода сёлета памерла ў раёне 430 чалавек, на аднаго больш, чым летась. Нарадзілася 245 дзяцей (плюс 7 дзяцей да аналагічнага перыяду мінулага года). На Целяханшчыне за мінулы год нарадзілася 59 дзяцей, памерла 107 чалавек, а сёлета за 6 месяцаў нарадзілася 37 дзяцей, а пайшло з жыцця 55 чалавек”.
Асноўная прычына смяротнасці людзей працаздольнага ўзросту – хваробы сістэмы крывацёку, траўмы і атручэнні, новаўтварэнні. Па гэтым класе хвароб адбываецца рост смяротнасці і сёлета, акрамя таго, расце смяротнасць па класе хвароб нервовай сістэмы і органаў страўнікавай сістэмы.
Ад аналізу статыстыкі размова накіравалася на абмеркаванне праблем Целяханскай бальніцы. Галоўны ўрач падкрэсліў, што УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” ставіць мэтай не знізіць значымасць Целяханскай бальніцы, а ўдасканаліць яе работу. Удасканаленне аховы здароўя ў раёне ажыццяўляецца з улікам сучаснага падыходу па прыярытэтным развіцці амбулаторнага этапа з пашырэннем функцый сярэдняга медперсаналу і ўкараненні ў стацыянар замяшчальных тэхналогій. У сценах Целяханскай бальніцы вядзецца рамонт, пасля якога плануецца скарачэнне 10 сацыяльных ложкаў па прычыне іх няпоўнай запатрабаванасці, а 30 ложкаў лячэбных застануцца працаваць, як і раней. “Пагаршэння медыцынскага абслугоўвання жыхароў Целяханшчыны не будзе, – заверыў галоўны ўрач Васілій Юзэфовіч. – Паліклініка і дзённы стацыянар будуць размешчаны на другім паверсе, чакаецца, што будуць працаваць тры кабінеты тэрапеўтаў, акушэр-гінеколага, стаматолага… У перспектыве плануецца пашырыць рэгістратуру, каб было два акенцы, кабінеты ўрачоў аснасціць камп’ютарамі, каб па Целяханскай бальніцы стала працаваць лакальная сетка. Узнаўляецца работа ліфта, і з 1 верасня, ёсць упэўненасць, ён запрацуе, а 9 чалавек медыцынскага персаналу, якія вызваліліся ад абслугоўвання сацыяльных ложкаў, будуць працаўладкаваны на месцы, умацуецца пост хуткай дапамогі начным пастом. Мэта – развіваць амбулаторную службу і ў стацыянары стварыць лепшыя ўмовы”.
Васілій Міхайлавіч, карыстаючыся выпадкам, гаварыў аб тэндэнцыі развіцця медыцыны ў краіне, што па Рэспубліканскай праграме да 2020 года плануецца ажыццяўленне пераходу тэрапеўтаў на агульнаўрачэбную практыку па прынцыпе работы “сямейнага ўрача”. Гэты факт зацікавіў прысутных і з залы папрасілі падрабязней растлумачыць, як гэта бачыцца. Васіль Юзэфовіч патлумачыў, што сямейнага доктара будуць больш вучыць разбірацца ў хваробах вузкіх спецыялістаў: неўролага, ЛОР-урача, афтальмолага, каб ён мог аказваць дапамогу, назначаць лячэнне, выдаваць ліст непрацаздольнасці па гэтых хваробах. Пашыраюцца яго паўнамоцтвы, але і расце адказнасць”, – казаў ён.
Галоўны ўрач раёна падкрэсліў, што за апошнія 10 гадоў новыя тэхналогіі значна паўплывалі на якасць аказання медыцынскай дапамогі. Развіваецца эндаскапічная хірургія, лапараскапічныя аперацыі праводзяцца гінеколагамі, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на ўстаноўку лічбавага мамографа, запланаваны сродкі на рамонт кабінета і ўстаноўку дадзенага апарата для даследаванняў малочнай залозы ў жанчын. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база і Целяханскай бальніцы – у маі сюды перададзены гематалагічны аналізатар.
Таксама ўваходзіць у практыку відэакансультаванне хворых з урачамі Брэста і Мінска. Укараняецца ўсё шырэй сістэма “Электронны рэцэпт”, можна са свайго камп’ютара не выходзячы з дому заказаць талон да любога ўрача. У Івацэвіцкай цэнтральнай паліклініцы у кожным кабінеце ўрача ўстаноўлены камп’ютар, аснашчаны праграмным забеспячэннем рабочага месца ўрача, у поўным аб’ёме завершаны мантаж лакальнай сеткі па паліклініцы, аддзяленнях стацыянара, педыятрычным і стаматалагічным аддзяленнях паліклінікі. Такую ж работу плануецца ў перспектыве правесці і ў Целяханскай гарадской бальніцы.
Члены калектыву Целяханскага псіханеўралагічнага інтэрната цікавіліся ці плануецца набыццё Івацэвіцкай паліклінікай тамографа, на што галоўны ўрач адказаў: “Нагрузка на тамограф павінна быць 150 тысяч насельніцтва, а ў нас ў раёне амаль утрая менш пражывае людзей. Каштуе тамограф каля 5 млн. долараў, таму яго набыццё не плануецца ў бліжэйшы час. Для пацыентаў Івацэвіцкага раёна выдзяляюцца месцы для абследаванняў у Баранавічах. Для планавых чарга на 2-3 месяцы, але для экстранных – няма праблем”.
Дырэктар інтэрната Іван Дзядок казаў, што складана знайсці ўстанове ўрача-псіхатэрапеўта, у якім маецца вострая патрэба, але вырашыць яе не так проста нават ва ўзаемадзеянні з вышэйстаячай інстанцыяй. Будуць прыняты ўсе намаганні, каб вырашыць гэтую праблему. Целяханская бальніца будзе ўмацавана ўрачом-рэнгенолагам (сёлета ён удзе праходзіць тут інтэрнатуру) Пытанні былі і па праходжанні медаглядаў у Івацэвіцкай паліклініцы – не атрымліваецца за дзень прайсці ўрачоў і атрымаць допуск, і галоўны ўрач Івацэвіцкай ЦРБ абяцаў вывучыць пытанне і дапамагчы выправіць незразумеласць.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук рэзюмаваў: “Целяханская бальніца – аб’ект павышанай увагі. У бліжэйшыя два гады ім будзем займацца ўшчыльную, больш дасканала. Грошы ўкладваюцца на рамонт, каб была ад гэтага аддача і мяркуючы па тым, што вымалёўваецца, будзе зроблена лепш і для работы ўрачоў, і для лячэння хворых”.
У прамове намесніка начальніка Івацэвіцкага РАУС Ігара Пастушына чырвонай ніткай гучала, што ў прафілактыцы злачынстваў, здзейсненых у сферы сямейна-бытавых адносін, павінны быць зацікаўлены ўсе грамадзяне. Актыўная жыццёвая пазіцыя людзей – гэта найлепшая дапамога работнікам РАУС. Не было б тых забойстваў на глебе п’янства, гандлю самагонам, калі б суседзі, блізкія своечасова білі ў набат і праяўлялі нераўнадушнасць. Злачыннасць на глебе п’янства характэрна і для Целяханшчыны. Біч п’янства – рэалізацыя спіртных напояў з “кропак”. Значная колькасць такіх закрыта, канфіскавана 10 самагонных апаратаў, але знаходзяцца і такія, якія, заплаціўшы штраф, прадаўжаюць сваю справу. За такімі “дзеячамі” ўстанаўліваецца нагляд на працягу пяці гадоў і час ад часу “кропка” правяраецца.
Ішла гаворка і аб кафэ-бары “Брыз” у Целяханах, які прыцягвае моладзь з розных населеных пунктаў, бо працуе да чатырох гадзін раніцы, але ў той жа час гэта месца частых скандалаў і здарэнняў, галаўны боль пасёлка. “Моладзі трэба “выпусціць пару”, ім няма дзе падзецца, вось яны і едуць у Целяханы, але кантроль трэба ўзмацніць, каб яны не біліся і не ганялі п’янымі за рулём, – казаў старшыня райвыканкама. – Цудоўнае свята “Целяханскі бічаўнік” ладзіцца ў гэтых мясцінах. Бальніца хутка атрымае добрыя ўмовы для работы, а ад вас (звярнуўся ён да прысутных у зале) хачу ўзаемаразумення, падтрымкі і актыўнай жыццёвай пазіцыі. Мы адкрыты для дыялогу”.
Размова была доўгай і эфектыўнай. Людзі задавалі актыўна надзённыя пытанні і набалелыя і атрымлівалі адказы, праўдзівыя, без нязбытных абяцанняў.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 ліпеня, у рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы, адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Аляксандра Грыцука, галоўнага ўрача УАЗ “Івацэвіцкая...
|
|