Сярод каналаў і мастакоў
07.08.2018
—
Новости Общества
|
Паездка ў горад на Няве ўжо была чацвёртай. Вядома, уражанні ад архітэктуры Санкт-Пецярбурга, помнікаў і каналаў рэк – неверагодныя, але ў гэты раз усё было інакш. КНІГІ НА ДРЭВЕ ... Рускі інтэрнат называўся “Бібліятэка”. З пасылам, што ў гэтым месцы збіраюцца людзі, якія любяць чытаць. У цэнтры агульнай кухні на сцяне палічка аформлена ў форме дрэва – яркі сімвал літаратуры, замест яблыкаў – кнігі. У кутку стаіць фартэпіяна, побач вісяць некалькі гітар. Па вечарах тут можна пачуць самыя разнастайныя музычныя матывы. Яшчэ з упрыгожванняў – карціны, намаляваныя пражываючымі. Моладзь збіралася за вячэрай. Дзяўчына з кароткімі светлымі валасамі заўсёды чытала кнігі пра “дзэн”, хлопец, ваенны, увесь час жартаваў. Яго нізкі харызматычны голас упіўся мне ў памяць, здаецца, назаўжды. Яшчэ адзін высокі, злёгку рудавалосы, таксама прымусіў звярнуць на сябе ўвагу. Інтэлектам, строгім носам, упэўненым голасам і... паэзіяй. Прадстаўнічы малады паэт, з жывымі вачыма. Надвор’е не заўсёды цешыла цяплом, таму час змяркання мы часта праводзілі ў нашым часовым прытулку. Аднойчы за фартэпіяна села дзяўчына, у акулярах Гары Потэра, – яна спрытна і хутка стукала па клавішах, як змагла ацаніць, вельмі складаныя творы, якія я ніколі яшчэ не чула. З размовы даведалася, што яна прыехала паступаць у музычную кансерваторыю і заўтра ў яе іспыт. У мінулым годзе ёй не хапіла аднаго бала для паступлення. А выкананы віртуозны твор, напісаны самой дзяўчынай, па яе словах, у імпрэсіяністычным стылі. Да нашага дыялогу далучыўся вышэйназваны паэт. І тут высветлілася, што ў самым прыгожым горадзе, у адной з самых творчых кухняў, у гэты дажджлівы вечар за кубкам гарачай кавы сабраліся беларусы. Ліза прыехала са Жлобіна, хлопец з арыгінальным імем Усцін з Мінска, і мы з мамай з Петрыкаўскага раёна. Гутарка была жывой і дынамічнай. Мы абмяркоўвалі жыццё і творчасць. Усцін чытаў нам свае вершы. У цэлым, наш хостэл сабраў, на мой погляд, самую эрудыраваную, смелую, крэатыўную публіку з тонкім пачуццём гумару. Кожны дзень, сыходзячы на прагулкі, мы чакалі вяртання дадому, каб пасмяяцца ад душы. І я хачу сказаць усім, хто кажа: “Моладзь ўжо не тая, вось у наш час ...” Не, яна тая! З перспектывамі і талентамі, амбіцыямі і характарам, са смагай прызнання і незалежнасці.
ПОМНІК ЭКСКУРСАВОДАМ! Асобнай тэмай хацела б вылучыць мясцовых экскурсаводаў, якія сваімі апавяданнямі пераносім нас на некалькі стагоддзяў таму. У паўночнай сталіцы шмат помнікаў сапраўды вялікім людзям, але экскурсаводам чамусьці яшчэ няма. Хоць менавіта яны прыхільнікі вялікай гісторыі, фанаты сваёй працы, прамоўцы ўзроўню выкладчыка мастацтва ў элітным універсітэце, якія даюць глыбокія веды турыстам. Яшчэ хвіліну назад мы былі пагружаныя ў часы Аляксандра Пушкіна, блукалі па яго кватэры, бачылі канапу, на якой правёў апошнія гадзіны жыцця вялікі паэт, а вось ужо ідзём па вуліцы са стракатымі вітрынамі, а міма нас – людзі ў татуіроўках і пірсінгах на ўсё цела, а прадстаўнікі некаторых субкультур зусім здзіўляюць: пачынаючы ад адзення, заканчваючы вампірскімі лінзамі. Санкт-Пецярбург – горад кантрастаў. Былую сталіцу Расіі абавязкова варта ўбачыць, каб хоць трохі зразумець гісторыю народа, убачыць работы Да Вінчы ў Зімовым Палацы або не менш вялікага Айвазоўскага ў Рускім музеі, рабочы кабінет аўтара “Меднага вершніка”, панараму горада ў 360 градусах з каланады Ісакіеўскага сабора.
З НЕЎСКАГА НА КАРАБЕЛЬ Самая галоўная экскурсія, як мне здаецца, – начная. Тут вы на камфартабельным аўтобусе наведаеце галоўныя вуліцы, дакранецеся да помніка Пятру Вялікаму, патрэце боты цара і яго вернага спадвіжніка Аляксандра Меньшыкава, кінеце манетку ў Чыжыка-Пыжыка, каб дасягнуць сваіх мэтаў, затым спусціцеся на палубу карабля, які праімчыць вас пад усімі разводнымі мастамі пад музыку з фільма “Дзеці капітана Гранта”. Вось ужо цуд – глядзець на веліч інжынернай думкі стваральніка. Ацаніць фасады будынкаў і Петрапаўлаўскай крэпасці варта з боку Нявы. У начны час іх падсвятляюць пражэктары, што надае Піцеру яшчэ большую таямнічасць. Сонная і бязлюдная раніца на Неўскім праспекце – асобная славутасць. Актыўныя турысты бяруць каву ў тэрмасе з сабой і сустракаюць світанак ў самым цэнтры культурнай сталіцы. Вуліцы, між іншым, пачынаюцца ад легендарнай Нявы. Не забывайце, што большасць музеяў робяць добрую зніжку на экскурсіі беларусам. Дзяцям і студэнтам квіткі прадаюцца па самай прывабнай цане. Час ад часу праводзяцца бясплатныя экскурсіі па некаторых храмах. З папулярных дзеючых пакуль працуе толькі Казанскі сабор. У Пецярбургу кожны дом, кожная вулачка, лаўка і каменьчык дыхаюць гісторыяй. Што перашкаджае вам убачыць Паўночную Пальміру? Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паездка ў горад на Няве ўжо была чацвёртай. Вядома, уражанні ад архітэктуры Санкт-Пецярбурга, помнікаў і каналаў рэк – неверагодныя, але ў гэты раз усё было інакш....
|
|