Людзі Смаргоншчыны: Валянцін Мядзвецкі. 21.by

Людзі Смаргоншчыны: Валянцін Мядзвецкі

10.08.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Смаргоні, напэўна, ніхто не ведае, што дырэктар “Смаргоньгаза” Валянцін Мядзвецкі нарадзіўся ў цэнтры Еўропы. Уяўляю, як вы зараз пачняце перабіраць у памяці краіны, тэрыторыі якіх падпадаюць пад геаграфічны цэнтр. А ён знаходзіцца ў Беларусі, у Глыбокскім раёне Віцебскай вобласці. Там каля возера, як жартуе Валянцін Іосіфавіч, з кітайскай ці карэйскай назвай Шо ўстаноўлены нават адпаведны сімвалічны знак. А папярэднічалі гэтаму разлікі беларускіх вучоных з прадпрыемства “Белкосмааэраграфія”, выкарыстоўвалася нават спецыяльная камп’ютарная праграма. Пазней такі ж знак размясцілі ў Полацку, які знаходзіцца ў 50-ці кіламетрах ад пункта, вызначанага вучонымі. Зроблена гэта было з камерцыйнай мэтай.

Валентин Медвецкий.jpg

Глыбоччына – малая радзіма Валянціна Мядзвецкага – гэта край шматлікіх прыгожых азёр. Каля самога райцэнтра іх пяць. Але герой нашага аповяду нарадзіўся крыху ў іншым месцы, паблізу вялікага возера Доўгае, працягласць якога 6 кіламетраў. Толькі не гэтым яно набыло сваю вядомасць, а тым, што глыбіня вадаёма месцамі дасягае 53 метраў. Гэта самае глыбокае возера ў Беларусі. Паколькі вёска Галінова, у якой правёў сваё дзяцінства Валянцін Мядзвецкі, знаходзіцца побач з самым глыбокім беларускім вадаёмам, то хлопчык разам са сваімі равеснікамі пастаянна прападаў там падчас летніх канікулаў: лавіў рыбу, ракаў, купаўся і загараў.

Калі Валянцін Мядзвецкі скончыў 8 класаў, яго старэйшы родны брат ужо вучыўся ў Наваполацку. Ён і прапанаваў малодшаму паехаць туды, паступіць у тэхнікум. Валянцін выбраў спецыялізацыю “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Вучыўся добра, за поспехі партрэт юнака быў змешчаны на тэхнікумаўскую Дошку гонару. А яшчэ вясковы хлопец заняўся там спортам, за некалькі гадоў стаў “накачаным”, як атлет, адстойваў гонар тэхнікума на розных спаборніцтвах.

Потым была тэрміновая служба ў арміі. Валянцін Мядзвецкі спачатку трапіў служыць ва Украіну, у сяржанцкую школу, якая на той час знаходзілася ў горадзе Асцёр. “Вучэбка” была паказальнай, таму курсантаў муштравалі пастаянна. Пасля бегатні ў касцюмах хімічнай аховы (Валянцін Мядзвецкі быў хімікам-разведчыкам) адзенне прыходзілася літаральна выкручваць. Далейшая служба праходзіла ў Венгрыі, вайсковая часць знаходзілася ў горадзе Папа. Перад “дэмбелем” хлопцу прапанавалі прадоўжыць службу прапаршчыкам у гэтай вайсковай часці, але Валянцін Мядзвецкі не прыняў прапанову.

Дома юнак доўга не быў, паехаў у Наваполацк, дзе сустрэўся з аднакурснікамі па тэхнікуму, вырашылі паступаць у інстытут, які знаходзіўся ў гэтым жа горадзе. Экзамены былі здадзены паспяхова, пачалася вучоба. На гэты раз Валянцін Мядзвецкі выбраў спецыялізацыю “цеплагазазабеспячэнне”.

Па карце ў Смаргонь

Пасля заканчэння вучобы Мядзвецкага размеркавалі на працу ў Гродна. Ён зайшоў ва ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзе тагачасны начальнік гэтай службы Барыс Батура (пазней працаваў ва ўрадзе, быў губернатарам Магілёўскай вобласці) параіў маладому спецыялісту, які на той час быў ужо жанаты, выбраць для працаўладкавання іншы горад, паколькі ў абласным цэнтры прыйдзецца доўга стаяць у чарзе на атрыманне жылля.

Дома ў сястры, якая жыла ў Гродне, Валянцін Мядзвецкі ўзяў карту Беларусі і пачаў шукаць, з якога кутка Гродзенскай вобласці яму будзе бліжэй дамоў – на Глыбоччыну. Пры гэтым звяртаў увагу на тое, каб паблізу была чыгунка. Так выбраў Смаргонь.

У Смаргонскім ЖКГ Валяніціна Мядзвецкага прызначылі начальнікам ЖЭСа. Праз тры месяцы яго выклікаў першы сакратар гаркама партыі Іосіф Велькашынскі і прапанаваў пасаду галоўнага інжынера жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Валянцін Іосіфавіч пачаў адмаўляцца, бо не меў вопыту працы ў гэтай сферы, але пачуў у адказ: “Я табе загадваю!”- “Дык я ж беспартыйны”, - прамовіў Мядзвецкі. І калі ў партыю тады ён так і не трапіў, то стаць галоўным інжынерам угаварылі.

Якраз на той час у ЖКГ пачалося аб’ядненне: да гэтай службы пачалі далучаць прадпрыемства ацяпляльных сістэм, водаканал, гасцініцу, лазні, іншыя падраздзяленні, якія былі самастойнымі. Валянцін Іосіфавіч адпрацаваў 16 гадоў у ЖКГ на пасадзе галоўнага інжынера. Потым Мядзвецкага прызначылі начальнікам ДРБУ-134.

Вясною 2003 года аб’явілі аб падрыхтоўцы Смаргоні да 500-годдзя з дня яе ўтварэння. “Я тады зусім мала спаў, з 6 раніцы да 23 вечара быў на працы. Ні суботы, ні нядзелі вольнай, паколькі працоўнаму калектыву ДРБУ-134 дастаўся вельмі вялікі аб’ём работ. На дапамогу былі запрошаны брыгады дарожнікаў з суседніх раёнаў і Навагрудка. Я яшчэ ўзяў на працу чалавек 100 часовых работнікаў. І мы зрабілі вельмі прыгожымі вуліцы Гагарына, Пятра Балыша, Камінскага, Леніна. “Гроднааблдарбуд” нават выдзеліла свае грошы на рэканструкцыю дарожнай сеткі ў Смаргоні. Час падганяў, таму працавалі і ў дажджлівае надвор’е. Для гэтага купілі некалькі рулонаў цяплічнай плёнкі, з якой зрабілі нешта накшталт вялікіх палатак, і пад гэтым покрывам ставілі бардзюры, укладвалі тратуарную плітку”.

З 2008 года Валянцін Мядзвецкі ўзначальвае працоўны калектыў мясцовай газавай гаспадаркі. Раней гэта быў “Смаргоньміжрайгаз”, у склад якога ўваходзіла ашмянскае структурнае падраздзяленне. Цяпер назва новая “Смаргоньгаз”, дзейнасць якога распаўсюджваецца і на Астравецкі, Іўеўскі раёны. Асноўная задача для газавікоў – безаварыйная эксплуатацыя газавых сетак і абсталявання. Як адзначыў Валянцін Іосіфавіч, работа складаная, прыходзіцца пастаянна быць у напружанні, паколькі газ з’яўляецца выбухованебяспечным.

З прыходам Валянціна Мядзвецкага ў газавую службу быў рэканструяваны адміністрацыйны будынак, створаны належныя ўмовы для работнікаў. Чыста і акуратна на тэрыторыі, пафарбаваны ўсе пабудовы, складскія памяшканні. Дарэчы, добрую памяць аб сабе Валянцін Іосіфавіч пакінуў і ў ДРБУ-134. Гэта была яго ініцыятыва пабудаваць новы адміністрацыйны будынак, бо раней кантора месцілася на тэрыторыі арганізацыі, над рамонтнай майстэрняй, на другім паверсе. Атрымаўся сапраўдны двухпавярховы церамок своеасаблівай архітэктурнай формы.

“Будоўля - маё хобі, – кажа Валянцін Мядзвецкі. – Улічваючы тое, што ў мяне прыватны дом, у якім жыву ўжо 5 гадоў, то прыходзіцца нешта дабудоўваць, перабудоўваць. Цёплым надвячоркам іншы раз хаджу пехатою некалькі кіламетраў. Для больш далёкіх падарожжаў ёсць спартыўны веласіпед. Так што сваё 60-годдзе я сустракаю ў добрай фізічнай форме і задаволены тым, што калісьці выбраў правільную дарогу ў жыцці”.

Да сказанага вышэй застаецца толькі дадаць, што Валянцін Мядзвецкі другі тэрмін запар абраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Ён сустракаецца са сваімі выбаршчыкамі, выслухоўвае іх пажаданні, аказвае садзейнічанне ў вырашэнні праблем.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Смаргоні, напэўна, ніхто не ведае, што дырэктар “Смаргоньгаза” Валянцін Мядзвецкі нарадзіўся ў цэнтры Еўропы. Уяўляю, як вы зараз пачняце перабіраць у памяці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика