КУВП «Манькавiчы»
Убрана – 1111 га
Намалочана – 4500 тон
Ураджайнасць – 40,5 ц/га
Правільная арганізацыя работы на жніве – гэта адзін з галоўных пунктаў, які дапамагае правесці ўборачную ў тэрмін, з мінімальнымі затратамі. І вельмі важна, каб у галаве ўсяго працэсу стаяў чалавек, які ўмее і можа кіраваць, размяркоўваць рэсурсы, даваць заданні тым, хто гэта выканае лепш і хутчэй за іншых.
Начальнік вытворчага ўчастка № 3 КУВП “Манькавічы”, што размешчаны ў аграгарадку Белавуша, Леанід Макаравіч Гудны вось ужо 17 гадоў працуе ў гаспадарцы. Нарадзіўся ў Манькавічах. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта прыйшоў у КУВП “Манькавічы”, дзе пачаў працоўны шлях у ролі слесара. А 10 гадоў назад быў назначаны кіраўніком Белавушскага ўчастка.
– Складанасці жніва ды і наогул усяго сельскагаспадарчага працэсу – патрэбна хутка, аператыўна рэагаваць на любую сітуацыю. Затрымкі, замінкі тут быць не павінны. Самі падумайце – “паляціць” у час жніва дэталь у камбайне, а ты прамарудзіш і не закажаш яе своечасова. Усё. Час страчаны. Як для ўборачнай кампаніі, так і для людзей. Асабліва адчувалася гэта сёлета, калі літаральна выхоплівалі ў надвор’я кожны метр спелай збажыны, — гаворыць Леанід Макаравіч.
Менавіта дзякуючы аператыўнасці і правільнаму тайм-менеджменту камбайны гаспадаркі адводзілі час толькі на тэрміновы рамонт па дробязях – 10-15 мінут і зноў у поле.
На ўборцы бывалі дні, калі камбайны выходзілі ў поле нават на адну гадзіну: паспець да дажджу ўбраць хоць крыху. Бывала такое, што выязджалі экіпажы і ў 16 гадзін. Усе былі напагатове ў любы час, бо ведалі, што ад іх работы залежыць вынік.
Пра добра наладжаны працэс догляду пасеваў, апрацоўку глебы, падкормкі і наогул адносіны да зямлі гавораць лічбы. Ураджайнасць сёлета 40,5 цэнтнера з гектара. Хаця магло быць і больш. Напрыклад, у мінулым годзе сабралі 47,5 цэнтнера з гектара. Але практычна адсутнасць вясны, калі зіма адразу перайшла ў лета, неспрыяльна адгукнулася на фарміраванні будучага ўраджаю.
Паралельна са жнівом ішла падрыхтоўка і да будучага ўраджаю. Ужо зараз на ўчастку прыбрана ўся салома, рыхтуецца глеба пад азімую сяўбу. Практычна тыдзень, як вядуць уборку кукурузы. На кукурузным полі і сустрэлася з Леанідам Макаравічам, які паказаў не толькі вырашчанае, а і расказаў пра работу людзей.
– У нас шмат маладых і адказных работнікаў. Працуюць добра, ведаюць, што да чаго. Таму і вынік бачым. Павел Уладзіміравіч Храпіцкі, Мікалай Міхайлавіч Сімончык, Віталь Адамавіч Шапаваленка, Генадзь Васільевіч Яхнавец, Валерый Юр’евіч Харавец, Анатоль Сяргеевіч Пачко і многія іншыя вылучыліся на ўборцы.
І зараз механізатары і вадзіцелі гаспадаркі не сядзяць на месцы, работы працягваюцца ў розных напрамках з раніцы да вечара.
І ў такім жа тэмпе праходзіць рабочы дзень і начальніка ўчастка. У 7 гадзін ён ужо на планёрцы ў канторы КУВП “Манькавічы”. У 7.45 пачынае сваю планёрку на ўчастку ў Белавушы. А далей увесь светлавы дзень у клопатах. У час уборкі звычайна дахаты вяртаўся пасля 22 гадзін. Бывала, што і пасля 24.
Таццяна СЕГЕН
Фота
аўтара