Убрана – 742 га
Намалочана – 2454 тоны
Ураджайнасць – 33,1 ц/га
У КСУП “Відзіборскі” ў гэтым годзе асаблівы статус – яны з’яўляюцца гаспадарамі раённага свята “Дажынкі-2018”, куды 26 жніўня з’едуцца пераможцы і прызёры раённага спаборніцтва.
Тут будуць гасціць лепшыя з лепшых прадстаўнікі гаспадарак раёна, якія ўнеслі значны ўклад у жніво.
Адначасова з заканчэннем палявых работ, завяршаюцца і работы па добраўпарад-каванні населеных пунктаў. Хоць гаспадарка і носіць назву “Відзіборскі”, але ж рухавік яе знаходзіцца ў Асаўцах.
Чым вылучыўся ў гэтым годзе КСУП “Відзіборскі” на фоне астатніх гаспадарак раёна? Тым, што тут змаглі палепшыць ураджайнасць у параўнанні з 2017 годам на 0,6 ц/га – з 32,5 ц/га павялічылі да 33,1 ц/га. Прыростам ураджайнасці у раёне таксама можа пахваліцца і ААТ “Кароцічы”, дзе дадалі 0,3 ц/га.
У гаспадарцы адзначылі камбайнера Івана Міхайлавіча Хлебаўца, які правёў за рулём агрэгата дванаццаты сезон. Ра-зам з памочнікам Пятром Анатольевічам Зялёнкіным на камбайне КЗС-10 у гэтым годзе яны ўбралі 300 га і намалацілі 910 тон збожжа. Да гэтага паказчыку можна дадаць і 110 га убранага рапсу, адкуль яшчэ ўзялі 217 тон. На гэтым камбайне Іван Міхайлавіч правёў дзевяць сезонаў. А працуе ён у гаспадарцы яшчэ больш – з 1991 года.
– Вельмі часта даводзіцца працаваць да апоўначы, – расказвае Іван Хлебавец. – Напрыклад, завяршаем адно поле, застаецца невялічкі кавалачак, і каб ранкам не гнаць тэхніку амаль упустую, стараемся ўбраць яго. Заканчваў бы і пазней, калі б прыйшлося.
Сярод лепшых работнікаў гаспадаркі лічыцца і родны брат Івана Хлебаўца – Мікалай, які разам з Сяргеем Раманавічам Пракапчуком на ЗСК-20 перапрацавалі 1400 тон збожжа. З іх 1000 тон – на фураж і 400 тон – на насенне. Мікалай Хлебавец працуе ў гаспадарцы з 1986 года, а Сяргей Пракапчук – з 2000 года. Гэта ўжо даволі зладжаны дуэт работнікаў, які ведае і адказвае за свой фронт работ з высокім прафесіяналізмам. У дзень нашай сустрэчы Мікалай Міхайлавіч з Сяргеем Раманавічам рыхтавалі насенне азімага жыта. І ад таго, як яны выканаюць сваю работу, будзе залежыць наступны ўраджай.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота
Аўтара