Невозможное возможно. Мария Шах из Малюшич преодолела судьбу и нашла занятие для души. 21.by

Невозможное возможно. Мария Шах из Малюшич преодолела судьбу и нашла занятие для души

26.08.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Такіх як Марыя Міхайлаўна Шах прынята называць “моцная духам”. Сем гадоў таму з-за хваробы ёй ампутавалі нагу, яшчэ праз некалькі — другую. Прайшоўшы перыяд рэабілітацыі, нягледзячы на цяжкасці, яна кожную раніцу сустракае з аптымізмам, захоўвае любоў да жыцця і амаль штодзень яе рукі працуюць над дзівосамі: вышытымі карцінамі, выявы на якіх жывуць нейкім сваім, патаемным і казачным светам…


Марыі было шэсць, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. У Дольнай Руце, дзе жыла яе сям’я, частымі гасцямі былі партызаны. Бацька дзяўчынкі быў адмысловым гаспадаром, добра глядзеў за коньмі, давяралі яму і партызанскіх скакуноў. А Марыя тым часам назірала за дарогай, каб часам не з’явіліся немцы. Дзіцячая памяць захавала перастрэлку паміж нашымі і фашыстамі, калі кулі, разбіваючы вокны, ляцелі прама ў хату, а маці хавалася разам з дзецьмі пад печчу.



— Траплялі мы і пад бамбёжкі, — успамінае Марыя Міхайлаўна, — часта начавалі прама ў жытнёвым полі. Страшна… У суседніх Пятрыках снарад прама ў хату трапіў, добра, што людзей тады не было. Памятаю, як немцы на танках у вёску прыехалі. Маці мяне на руках трымала, а адзін з фашыстаў прыставіў да маёй галавы палец і, засмяяўшыся, прамовіў: “Пуф!”

Бацьку праз некаторы час разам з другімі вяскоўцамі адправілі ў Калугу на ваенны завод, дзе ён рабіў снарады. Маці стала і за гаспадыню, і за гаспадара. Сама арала, сама жала, за скацінай глядзела. Аднак цяжэй стала жыць як раз не ў вайну, а пасля яе. Пасеяна было мала, млын разбураны, велізарныя чэргі за хлебам. Ратаваліся мёдам…



Толькі ў 10-гадовым узросце Марыя пайшла ў першы клас. Сшыткі, алоўкі, ручкі — усё на вагу золата. Пісалі на абрыўках паперы, на лістоўках, а чарніла рабілі з чырвоных буракоў і кожны дзень насілі з дому ў школу. З вопраткай таксама туга было, хто ў чым хадзіў.

Адразу пасля заканчэння школы Марыя пайшла працаваць у вясковую бібліятэку, неўзабаве выйшла замуж за свайго аднакласніка Жэню. Хлопец тады служыў у марфлоце, і Марыя чакала мужа з арміі два гады. За гэты час у маладой сям’і нарадзіўся сын, і маладая маці разам з малым сабралася да мужа. Служыў ён тады на самай крайняй кропцы Паўночнага Ледавітага акіяна, у горадзе Палярны.



— Ніхто мяне тады не мог адгаварыць. Я сказала, як адрэзала. Паеду — і ўсё! Кахала моцна… А той горад і не горад зусім — плывучая база. Два тыдні жылі на караблі ў малюсенькай каюце. Аднойчы з сынам па пірсе гулялі, убачыў нас у бінокль адмірал — маракі думалі: усё, будуць непрыемнасці, мы ж там без дазволу былі! Аднак, на дзіва, абыйшлося, на другі дзень прыйшоў афіцэр, прынёс ключы ад кватэры, працягнуў мужу: “Жывіце!” А як кантракт у мужа закончыўся, дадому ўсе разам вярнуліся.

Доўгі час сям’я Шах жыла на Навагрудчыне, дзе нарадзіліся двайняты Андрэй і Наташа. Марыя Міхайлаўна працавала эканамістам, потым бухгалтарам, муж узначаліў калгас у вёсцы Навіны. Няўрымслівыя па сваёй натуры, яны аб’ездзілі не толькі Беларусь, пабывалі ў Польшчы, Балгарыі, уздоўж і ўпоперак скалясілі пустыню Сахара.

Марыя Міхайлаўна заўсёды жыла актыўным грамадскім жыццём. Яна — Ганаровы донар СССР, амаль 20 гадоў здавала кроў, каб дапамагчы іншым. Яе рэдкая група — першая адмоўная — выратавала, напэўна, не адно жыццё.

— У нас сям’я была вельмі актыўнай, — Марыя Міхайлаўна прыгадвае маладыя гады, — гаспадарку вялікую трымалі, ні адзін водпуск склаўшы рукі не сядзелі, заўсёды кудысьці ехалі, а цяпер вось прыходзіцца на адным месцы сядзець. Без ног у маім узросце не паходзіш-не паездзіш…




7 гадоў таму ўрачы вынеслі Марыі Міхайлаўне прыгавор: з-за запушчанай трафічнай язвы прыйдзецца ампутаваць нагу. 76-гадовая жанчына перанесла складаную аперацыю і пасля курса рэабілітацыі вучылася жыць па-новаму.

— Пра што думала адразу пасля аперацыі? — Марыя Міхайлаўна з неахвотай успамінае тыя дні. — Жыць не хацелася. Думкі самыя чорныя былі. Аднак дзеці такім клопатам агарнулі, унукаў убачыла. Потым у дачкі Наташы ўбачыла ніткі мулінэ, падумалася: чаму б не заняцца вышыўкай? І справа паціхеньку пайшла.

Сёння сцены ў доме Марыі Міхайлаўны, дзе яна жыве з дачкой, зяцем і ўнукам, упрыгожаны яе карцінамі, да якіх клапатлівая дачка Наталля падбірае рамкі. На канапах — вышытыя падушкі, сурвэткі. Сапраўдны гонар майстрыхі — ікона Багародзіцы з Іісусам, над якой яна працавала паўгода. На стале побач з ложкам — салідны стос кніг, якія Марыя Міхайлаўна літаральна глытае.

— Раманы і дэтэктывы — любімыя жанры, — гаворыць жанчына і з удзячнасцю прымае ад мяне некалькі кніг, якія прывезла ёй з раённай бібліятэкі. — Мне на некалькі дзён хопіць. Газеты люблю, кожную ад вокладкі да вокладкі прачытваю. Чулі, напэўна, анекдоты пра цешчу і зяця? Дык вось, гэта не пра мяне. Зяць Іван Уладзіміравіч — мой сапраўдны сябар. Ён да мяне і сяброў сваіх праводзіць, мы гутарым пра ўсё: што ў свеце робіцца, як раней жылі. Галоўнае ў такім становішчы як маё — гнаць прэч нядобрыя думкі, памятаць, што ў цябе ёсць блізкія людзі, якім, можа, нават цяжэй, чым табе.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такіх як Марыя Міхайлаўна Шах прынята называць “моцная духам”. Сем гадоў таму з-за хваробы ёй ампутавалі нагу, яшчэ праз некалькі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика