Пошук – велічыня пастаянная. 21.by

Пошук – велічыня пастаянная

07.09.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З Паўлам Шлягам мы сустрэліся літаральна на трэці дзень пасля яго вяртання са Стакгольма. Што там рабіў адзінаццацікласнік з гарадской гімназіі? Прадстаўляў Беларусь у фінале міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу “Stockholm Junior Water Prize”.

Шлях у Швецыю быў даўжынёй у тры гады. За гэты час пачатковая ідэя даследчага праекта па вызначэнні якасці вады, мінуўшы мноства конкурсных этапаў, ацэнак спецыялістаў і экспертаў, шліфоўку і адсейванне непатрэбнага, вырасла ў методыку вызначэння колеру, цвіцення і мутнасці вады, часткай якой стала распрацаваная Паўлам і яго настаўнікам Аляксандрам Дарошкам камп’ютарная праграма.

р 018

– Яшчэ на пачатковым этапе мы вызначылі, што пакуль не існуе метаду вызначэння цвіцення вады, – расказвае Паша пра этапы працы над праектам. – У адным з першых нашых конкурсаў зразумелі, што спосаб вызначэння колеру вады цікавіць не толькі нас, але і многіх іншых. А гэта значыць, што рухацца трэба менавіта ў гэтым напрамку. Устаноўка складаецца з капсулы для размяшчэння ўзору вады са стандартным асвячэннем для атрымання фотаздымкаў. Далей фота загружаецца ў камп’ютарную праграму, дзе і праходзіць яго апрацоўка, вызначэнне забруджанасці вады. Намі былі даследаваны 25 узораў вады з вадаёмаў Петрыкаўшчыны, якія і леглі ў аснову праекта. Гэта метад для хуткага атрымання вынікаў нават у палявых умовах без дапамогі спецыялізаваных лабараторый і спецыялістаў, што само па сабе затратна і доўга.

Аляксандр Дарошка пазначае, што амаль тры гады таму рацыянальнае зерне ў іх праекце ўбачылі на адным з абласных экалагічных конкурсаў. Даўшы ўзнагароду літаральна авансам, заахвоцілі да далейшай працы. Тады была першая прапанова ўдзелу ў нацыянальным адборы для міжнароднага воднага конкурсу, які на той час у восьмы раз арганізоўваўся Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства пры фінансавай падтрымцы кампаніі “Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия”. Гэты першы ўдзел прынёс новыя карэктывы, працу над памылкамі і каштоўны вопыт. Увесь наступны год быў плённым і ў чарговым конкурсе-адборы Павел заняў ІІ месца, саступіўшы перамогу магілёўскаму падлетку з методыкай вызначэння забруджвання вады нітратамі. У той год гэты фіналіст адбору ў Стакгольме стаў другім.

– Едучы ў трэці раз на нацыянальны адбор, дзе канкурэнтамі мне былі яшчэ 15 прац, быў упэўнены, што сёлета Швецыя будзе ў спісе летніх падзей, – узгадвае нядаўнія падзеі юнак. – Не памыліўся. Наперадзе былі тры месяцы напружанай працы. І не столькі над праектам, як у вывучэнні англійскай мовы. Нават маючы сярэдні бал па гэтым прадмеце 8,5,  выступаўшы ў Беларусі з праектам на англійскай мове (такія ўмовы конкурсу), разумеў, што маіх ведаў у гутарковай англійскай надта недастаткова. Усе два гады і тым больш апошняе лета напружана займаўся з настаўнікамі замежнай мовы Таццянай Удод і Вольгай Дарошка.

Паездку ў Швецыю фінансавала тая ж кампанія “Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия”. Суправаджэннем нашаму канкурсанту былі прадстаўнікі Цэнтра экалогіі. А праект давялося абараняць у нефармальных умовах. Канкурсанты знаходзіліся каля дэманстрацыйных стэндаў, да якіх падыходзілі ўдзельнікі і госці конкурсу. І чым даступней і цікавей была гутарка аўтара праекта з імі, тым большымі былі шансы на перамогу.


павел 5

І хаця галоўны прыз конкурсу на гэты раз не быў прызначаны ўдзельніку з Беларусі, Павел атрымаў максімум задавальнення ад зносін з юнымі навукоўцамі з 32 краін свету. У адным пакоі давялося жыць з прадстаўнікамі Японіі і Чылі. А дыплом удзельніка яму ўручала ўласна крон-прынцэса Швецыі Вікторыя (на здымку).

Наперадзе ў адзінаццацікласніка падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання. Ужо сёння ён вызначыўся з профілем. Здаваць тэсты будзе па матэматыцы, фізіцы і беларускай мове. Маючы ўпэўненасць, што ўсе веды карысныя, ніколі не дазваляў сабе быць непадрыхтаваным да ўрокаў, нават у самыя складаныя перыяды падрыхтоўкі да конкурсаў. Таму і скончыў 10 класаў з сярэднім балам 9,3. Праца над праектам не будзе спыняцца. У далейшых планах вучня і яго настаўніка стварэнне сайта, дзе, выкарыстоўваючы іх тэхналогію, вызначэннем якасці вады будуць займацца ўсе жадаючыя. А папаўненне банка ўзораў вады дапаможа ва ўдасканальванні праграмы.

Сёння падрабязна пазнаё-міцца з праектам Паўла Шлягі і Аляксандра Дарошкі можна  на www.youtube.com, дзе можна стаць удзельнікам першаснага аналізу вады ў палявых умовах. Будзьце ў тэме.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара і з сайта гімназіі г. Петрыкава.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Паўлам Шлягам мы сустрэліся літаральна на трэці дзень пасля яго вяртання са Стакгольма. Што там рабіў адзінаццацікласнік з гарадской гімназіі? Прадстаўляў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика