«З дзецьмі трэба дамаўляцца». 21.by

«З дзецьмі трэба дамаўляцца»

21.09.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Лемяза Марыя МікалаеўнаКожны чалавек марыць пра штосьці сваё. У кагосьці гэта бліскучая кар’ера. У іншага – дом, пабудаваны па апошнім слове тэхнікі. А ў Марыі Мікалаеўна Лемяза з аграгарадка Альшаны марай было мець вялікую сям’ю.

І зусім не палохалі яе безліч работы і штодзённы клопат. Бо яна сама гадавалася ў мнагадзетнай сям’і. Для маці была не толькі дачкой, а і памочніцай, бо самая

старэйшая з 13 дзяцей! 

У самой жа Марыі шасцёра дзяцей. З гэтай нагоды сёлета ў жніўні яна атрымала ордэн Маці.

Нягледзячы на тое, што большая частка жыцця Марыі праходзіць у рабоце і турботах, яна выглядае вельмі молада. Раіць усім часцей усміхацца і да ўсяго ставіцца з пазітывам. Успамінае, што з жартаў пачалося і знаёмства з будучым мужам Мікалаем. Яна была з сяброўкай, ён са сваім сябрам. Сустрэліся на базары, пагаварылі аб тым-сім, пасмяяліся. А потым стала заўважаць яго часцей. Аказваецца, Мікалай рабіў усё магчымае, каб даказаць дзяўчыне сілу свайго кахання. Вынікам стала вяселле, на якім гуляла ўся вялікая радня жаніха і нявесты. 

Дарэчы, да вяселля дзяўчына часу не марнавала. Пасля школы паступіла і скончыла Баранавіцкі тэхналагічны каледж па спецыяльнасці цырульнік і нават паспела папрацаваць у Сямігосцічах і Рамлі.

Калі на свет з’явілася першая дачушка Эвеліна, усе астатнія справы адышлі на другі план. Тым больш, што яшчэ праз год нарадзілася Таццяна. Маладая маці гадавала дачушак, вельмі дапамагаў муж. Вось, бывае, кажуць, што да шлюбу хлопец адзін, а пасля – другі, маўляў, горшы робіцца. А вось у Марыі – наадварот: з кожным годам толькі мацнела каханне. Жанчына адчувала сябе шчаслівай, тым больш даведалася, што хутка будзе яшчэ адно дзіця. Але тут сям’ю чакала вялікае выпрабаванне.

Спачатку цяжарнасць праходзіла як звычайна. Калі не было і сем месяцаў, пачаліся экстранныя роды. А потым усё, як у тумане. Трэцяй нарадзілася таксама дзяўчынка – вельмі кволая з нясуцяшальнымі дыягназамі. Урачы не давалі ніякіх прагнозаў, што яна і некалькі месяцаў пражыве.

Бальніцы, рэцэпты, лекі, урачы, працэдуры… Здавалася, быццам гэта нейкі дрэнны сон. Марыя адчувала сябе спустошанай, адзінокай, быццам на ўсёй планеце ёсць толькі яна адна. Хоць і падтрымлівалі родныя, знаёмыя, муж таксама спяшаўся пасля работы дадому, каб дапамагчы, даць хоць гадзіну-другую перадыхнуць жонцы.

— У адзін момант я зразумела, што хачу нарадзіць дзіця. Калі нарадзілася Волька, у мяне з’явіліся сілы змагацца далей. Быццам за плячыма выраслі крылы.

Хачу заклікаць усіх жанчын, каго напаткала такое ж выпрабаванне. Не замыкайцеся ў сабе, не хавайцеся ад усіх. Так можна звар’яцець. Я таксама штодзень задавала адно і тое ж пытанне: за што? Ты шкадуеш сябе, лічыш не такой, як усе. Нават на вуліцу не хацела лішні раз выходзіць. Пакуль не зразумела: што я проста АБАВЯЗАНА быць моцнай, і ў першую чаргу, для маёй хворай дзяўчынкі. І я вельмі хачу, каб мая гісторыя дапамагла камусьці.

Сям’я змагалася, як магла. Надзейку вазілі на ўсемагчымыя абследаванні, паказвалі сталічным дактарам. Чакалі, што яна абавязкова паправіцца. Але цуда не адбылося. Ва ўзросце двух гадоў дзяўчынка памерла. Марыя і зараз памятае яе вочы. Як і памятаюць яе старэйшыя сястрычкі. Нясцерпны боль з часам сціхаў. Трэба жыць далей.

Яшчэ праз два гады ў сям’і нарадзіўся першы сыночак – Рувім, зараз ужо другакласнік. Апошнія два таксама хлапчукі – Сяргей і Міхаіл, якім пяць і чатыры гады адпаведна. Прызнаецца, што пакуль дзеці былі малыя, яшчэ не так адчуваўся бег часу. А калі пайшлі ў школу, здаецца, стрэлкі ў гадзінніку хутчэй ідуць. Пакуль паспееш прывесці ў парадак валасы дзяўчат, ужо трэба з хаты выходзіць. Бывае, нават паснедаць не атрымліваецца. Рувім – хлопец самастойны, школу любіць, але больш бавіць там час з сябрамі, чым за заняткамі. А вось дзяўчаты, наадварот, самастойныя і старанныя вучаніцы. Нават прафесіі сабе выбралі ўжо. Нягледзячы на тое, што ў сям’і многа работы, яны ніколі без уважлівай прычыны не прапусцяць заняткі.

І калі ў школе вучаць школьным прадметам, то дома Марыя імкнецца прывіць дзецям дабрыню, сціпласць, спагадлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. У яе сям’і было так: дзеці паважалі сваіх бацькоў, разумелі, што кожная капейка даецца дзякуючы іх мазалям і ніколі не клянчылі нічога. Катэгарычна ставіцца жанчына і да таго, што ледзь не з першага класа ў дзяцей апошнія мадэлі смартфонаў.

— Мы ж неяк хадзілі ў школу без сродкаў сувязі. Нават стацыянарныя тэлефоны не ва ўсіх дома былі. Але ж нічога з намі не здарылася. Мы сваім дзецям не забараняем, мы размаўляем і тлумачым, што да чаго. Яны ж ужо асобы, няхай і малыя. Слава Богу, пакуль удаецца дамаўляцца з імі. Гэтак жа і з абноўкамі: мы купляем толькі тое, што сапраўды неабходна. Дзеці хутка вырастаюць і  што потым рабіць з гурбамі адзення? Выкідаць?

Гэта тычыцца і ежы, якая гатуецца ў сям’і. Есці трэба тое, што ёсць, а не спадзявацца на прысмакі з магазіна. Гэта не значыць, што нашы дзеці цукеркаў не бачаць, проста яны разумеюць, што гэта хутчэй як бонус і паўнацэнны абед імі не заменіш.

Паколькі муж Марыі – чалавек заняты, займаецца рамонтам машын, не так часта даводзіцца дзесьці адпачываць усёй сям’ёй. Звычайна, сустракаюцца яны ў час вячэры за вялікім сталом. За якім ёсць час і абмеркаваць надзённыя справы, і пачаставацца любімай сямейнай стравай – піцай, якую Марыя гатуе не горш, чым у піцэрыі.

 

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны чалавек марыць пра штосьці сваё. У кагосьці гэта бліскучая кар’ера. У іншага – дом, пабудаваны па апошнім слове тэхнікі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика