Добры прыклад Генадзя Мухі. 21.by

Добры прыклад Генадзя Мухі

01.10.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Гледзячы на гэтага падцягнутага і маладжавага мужчыну, ніяк не скажаш, што ён ужо некалькі год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, больш таго: у наступным годзе рыхтуецца адзначыць даволі салідны юбілей. Між тым гэта так: Генадзь Муха работу ў Глускім лясгасе пакінуў у 2011 годзе, пры гэтым адпрацаваўшы два гады ў статусе пенсіянера. Аб сабе там пакінуў станоўчыя водгукі не толькі як пра выдатнага токара, майстра сваёй справы, але і як пра актыўнага і паспяховага ўдзельніка ўсіх спартыўных спаборніцтваў — і галіновых, і раённых.

Як гаворыць сам Генадзь Сідаравіч, у яго дома цэлая тумбачка медалёў за спартыўныя дасягненні: сабрана ўсё, што заваяваў у спартыўнай барацьбе дзесьці з 1970-х гадоў. Пры гэтым асобна і спецыяльна спортам не займаўся, працяглымі трэніроўкамі сябе не нагружаў, адзначае ён, аднак заўсёды вёў і да гэтага часу вядзе актыўны лад жыцця. Ну і ніколі не адмаўляўся ад удзелу ў спаборніцтвах: з гатоўнасцю выступаў за сваё прадпрыемства. Зрэшты, сувязі з ім не страціў і зараз: па-ранейшаму ездзіць са спартыўнай камандай лясгаса і прыносіць ёй заліковыя ачкі. Як сам прызнаецца, любіць лёгкую атлетыку, лыжы, стральбу, прычым як з вінтоўкі, так і з лука. Чаму некаторыя яго равеснікі, а тым больш маладзейшыя мужчыны аддаюць перавагу стаянню пад магазінам або ляжанню на канапе, ён ніяк не разумее. Вакол столькі цікавага, прыемнага і карыснага для душы і цела… Ёсць стадыён і спартзалы, працуе басейн, шмат што можна і патрэбна рабіць дома, у садзе і агародзе. Прычым не трэба напінацца з апошніх сіл, каб аж падаць, перакананы Генадзь Муха, фізічная актыўнасць, з чым бы яна звязана ні была, павінна, па-першае, проста быць, а па-другое, прыносіць задавальненне. Дзеля ўласнага задавальнення, а не для таго, каб набіць халадзільнік дзічынай, ходзіць ён на паляванне: тут табе і прыгажосць лясная, і азарт з адрэналінам, і руху колькі заўгодна — часам не адзін дзясятак кіламетраў наматаць за дзень давядзецца.

Рух — гэта жыццё, сказаў на развітанне Генадзь Сідаравіч, а жыццё можа і павінна быць насычаным, разнастайным, і такім яго для сябе робіць сам чалавек. Узрост гэтаму не перашкода, і нейкіх асаблівых умоў тут не патрэбна. Галоўнае — жаданне жыць актыўна і цікава. І гэта нармальнае жаданне звычайнага нармальнага чалавека, а менавіта такім і лічыць сябе наш герой, таму шчыра здзівіўся, што пра яго вырашылі напісаць у газеце. Дык мы якраз і пішам пра такіх, хто жыве побач з намі, жыве сярод нас. Праўда, адны з’яўляюцца страшным папярэджаннем (іх імёны мы не называем), другія ж — добрым прыкладам для іншых. Генадзь Муха — прыклад добры.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гледзячы на гэтага падцягнутага і маладжавага мужчыну, ніяк не скажаш, што ён ужо некалькі год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, больш таго: у наступным годзе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика