Наперад у мінулае. 21.by

Наперад у мінулае

02.10.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Не так даўно аматараў традыцыйнай культуры парадаваў Міжнародный фестываль “Кліч Палесся”. А напярэдадні на Петрыкаўшыне адбылося не менш цікавае мерапрыемства. 16 верасня бліз вёскі Беседкі, на ўскрайку лесу, дзе маўклівай сведкай страшных часоў ваеннага ліхалецця стаіць шэрая агнявая кропка, прайшло адкрыццё памятнай дошкі ў гонар загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў.

Надвор’е радавала сонцам і свежымі подыхамі ветру. На полі перад лесам шматлюдна – вахту памяці падтрымалі і школьнікі, і дарослыя. Большая частка публікі прыбыла да Беседак з суседніх Калінкавіч і Мазыра аўтапрабегам, што зладзіла мазырская арганізацыя РГА “Белая Русь”. Пра сцэнарый мерапрыемства можна было здагадацца па ваеннай форме – рэканструктары рыхтаваліся да інсцэніроўкі бою: удакладнялі дэталі з піратэхнікамі, насыпалі ў пілоткі патроны, капалі акопы. Побач у сучасным абмундзіраванні як пераемнікі патрыятычных традыцый назіралі за імі кадэты. Вакол, нібы пчолы, мітусіліся фатографы і аператары ў пошуках каларытных кадраў.

Цырымонія пачалася з прамовы намесніка старшыні райвыканкама Дзяніса Хулупа. Невялікі, але ёмісты экскурс да тых жудасных гадоў зрабіў старшы прапаршчык, інструктар-экскурсавод “Лініі Сталіна” Павел Смірноў. Ён запэўніў: насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што баявых дзеянняў напачатку вайны тут, як быццам не было, існуе шмат доказаў адваротнага. Сістэма абароны Мазырскага і іншых умацаваных раёнаў не была пакінута ці, больш таго, зруйнавана яшчэ да вайны, яна выконвала сваю баявую задачу да апошняга. Менавіта дзякуючы гэтаму ачагі супраціўлення існавалі, згодна з дадзенымі нямецкіх карт, ажно да 26 жніўня. Яго словы падцвердзіў і дырэктар Колкаўскага сельскага Дома культуры, заснавальнік і кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба “Бетонны мерыдыян Палесся” Мікалай Грушко, што знайшоў у час даследавання агнявых кропак надпіс на сцяне “… Мы яшчэ вернемся”,  датаваныя двадцатымі чысламі жніўня 41-га. Камусьці гэты факт можа падацца слабым пацвярджэннем рэчаіснасці, але давайце ўзгадаем гісторыю абароны Брэсцкай крэпасці, на сцяне якой надпіс “Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма. 20/VII-41.” доўгі час быў амаль адзіным сведчаннем супраціўлення апошняга ачага абароны крэпасці.

Гучная каманда адправіла рэканструктараў на зыходныя пазіцыі. Каля ДАКа неслі службу мотастралкі падраздзялення НКУС. З узлеску да іх падыходзіла калона мясцовых жыхароў, што ратаваліся ад вайны. Сярод грамадзянскіх асоб у ёй знаходзіліся і байцы Чырвонай Арміі. Праверыўшы дакументы, бежанцаў адводзяць за бункер, дзе людзям аказваюць неабходную дапамогу – кагосці пояць вадой, хтосьці мае патрэбу ў перавязцы.

Санітарны інструктар заўважае ў аднаго з “мясцовых” на шыі нямецкі жэтон. Агрэсары часцяком закідвалі ў тыл дыверсантаў пад выглядам мясцовых жыхароў для падрыўной работы – знішчэння ліній сувязі, арганізацыі выбухаў на складах і мастах. Чэкісты затрымліваюць шпіёна і адводзяць яго на допыт. У гэты час другі бежанец пускаецца наўцёкі, салдаты Чырвонай Арміі спяшаюцца за ім у пагоню.

Неўзабаве на дарозе з’явіліся нямецкія матацыклісты, што трапілі пад абстрэл савецкага боку і ў хуткасці зніклі, але гэтага было дастаткова, каб вызначыць размяшчэнне абаронцаў. Наспявала ваеннае сутыкненне. Перад атакай захопнікі нанеслі па пазіцыях Чырвонай Арміі артылерыйскі ўдар. З лесу паказаліся фашысты, чырвонаармейцы перайшлі ў контратаку. Перастрэлка перайшла ў рукапашную.

На гэтым кульмінацыйным моманце выгнання захопнікаў рэканструкцыя скончылася. Прысутныя дзякавалі за яскравае аднаўленне тых далёкіх і страшных падзей сябрам ваенна-гістарычных, рэканструктарскіх суполак “Пошук” з Калінкавіч і Мазыра, “53 мотастралковы полк НКУС” з Гомеля, “Эпоха” з Мінска і, канечне, мясцоваму “Бетоннаму мерыдыяну Палесся” з Колак.

Імправізаваную чырвоную стужку да памятнай дошкі перарэзалі намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп і старшыня Мышанскага сельскага Савета Ірына Баяшэнка. Хвіліна маўчання, воінскае раўненне да агнявой кропкі і вось ужо школьнікі нясуць да памятнай дошкі вянкі як сімвал памяці і ўдзячнасці за мірнае неба над галавою.

Перад прысутнымі выступілі старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Фёдар Жукавец, ваенны камісар Аляксандр Адамоўскі, cтаршыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Мікалай Жукоўскі і старшыня Калінкавіцкай РАС ДТСААФ Сяргей Равінскі.

Шмат было ўзгадана, шмат наказаў падрастаючаму пакаленню было дадзена. Напрыканцы мерапрыемства Мікалай Грушко разам з удзельнікамі мерапрыемства падзякаваў адміністрацыі абласнога філіяла энергазбыту, ляснічаму Уладзіміру Гурыновічу, Мышанскаму цэнтру культуры і адпачынку, старшыні Мышанскага сельсавета Ірыне Баяшэнка, члену савета Мазырскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Мікалаю Глебаву.

Прысутныя яшчэ доўга не разыходзіліся. Нехта цікавіўся ваеннай тэхнікай і зброяй, хтосьці няспынна фатаграфаваўся з рэканструктарамі. Адусюль было чуваць пра яскравыя ўражанні ад пабачанага бою. Здаецца, такі гістарычны ўрок не толькі запомніцца гледачам, але і дасць свой плён.

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

20180916-IMG_1680_2

20180916-IMG_1683_2

20180916-IMG_1727_2

20180916-IMG_1791_2

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не так даўно аматараў традыцыйнай культуры парадаваў Міжнародный фестываль “Кліч Палесся”. А напярэдадні на Петрыкаўшыне адбылося не менш цікавае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика