Аграгарадок Райца стаў трэцім месцам, куды пасля Карэліч і Міра наведалася пастаянна дзеючая раённая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У будынку Райцаўскага сельсавета сустрэліся мясцовыя жыхары, якія шукаюць працу, з дэпутатамі, кіраўнікамі і спецыялістамі, якія эфектыўна і аператыўна дапамагаюць карэліччанам вырашаць такія пытанні ўжо не першы год.
Напачатку паседжання старшыня раённага Савета дэпутатаў і камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Аляксандр Віктаравіч Шкадаў акцэнтаваў увагу на тым, што задача ўсіх прысутных не прымусіць чалавека працаваць, а пагаварыць з ім, зразумець усе абставіны, даць практычныя парады і дапамагчы знайсці правільнае выйсце з сітуацыі.
За дапамогай у працаўладкаванні звярнуліся 5 чалавек. Як зазначыў старшыня Райцаўскага сельсавета Валерый Фёдаравіч Бабко, такая колькасць звязана з тым, што на вёсцы чалавек можа нідзе не працаваць, але мець свой уласны надзел і таму не трапляць пад дзеянне Дэкрэта №3.
Безумоўна, свая зямля – гэта выдатна, але пастаянны заробак – яшчэ лепш. Такой думкі прытрымліваліся ўсе завітаўшыя на сустрэчу з камісіяй жыхары Райцаўскага сельсавета.
⮚⮚ Гісторыі 58-гадовага Вячаслава і 44-гадовага Валерыя – падобныя. Абодва мужчыны ўжо каля шасці гадоў задзейнічаны на сезонных работах і, як правіла, на зіму застаюцца без працы. Камісія вырашыла наконт гэтых выпадкаў звярнуцца да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, каб тыя на некалькі месяцаў працаўладкавалі грамадзян.
⮚⮚ Пытанне аб занятасці для 30-гадовага Аляксандра запатрабавала ад камісіі больш дэтальнага разгледжання. Малады хлопец меў за плячыма толькі базавую школу, працаваў рознарабочым у індывідуальнага прадпрымальніка, але ж на дадзены момант застаўся і без гэтага заробка. Як растлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Наталля Сцяпанаўна Гоцка, варыянт з перанавучаннем тут не актуальны, бо ў чалавека няма наогул прафесіі. Таму спецыялісты будуць шукаць установу, дзе маладому чалавеку змогуць даць першапачатковую прафесійную адукацыю.
⮚⮚ 57-гадовы Уладзімір працаваў на трактары, затым пастухом, але ж праз пэўныя абставіны, у тым ліку і здароўе, ужо амаль 2 гады знаходзіцца ў пастаянным пошуку вакансій. Мужчына вельмі хацеў працаваць вартаўніком. Але ж каб атрымаць такое месца, трэба адпавядаць шэрагу сур’ёзных патрабаванняў. Таму камісія прапанавала Уладзіміру альтэрнатывы.
⮚⮚ У 59-гадовага Аляксандра сітуацыя аказалася адной з самых складаных. Мужчына даглядае старэнькую маці, інваліда 1-й групы, але ж па некаторых прычынах не можа аформіць гэты статус афіцыйна. Прадстаўнікі ўлады, РАУС і раённай бальніцы паабяцалі паспрыяць у вырашэнні дадзенага пытання.
❕ Нагадаем, што прыём грамадзян камісіяй ажыццяўляецца двойчы ў месяц: кожную другую і чацвёртую сераду ў 15.00 у памяшканні Карэліцкага райвыканкама альбо на выездзе (час і месца, калі ласка, удакладняйце).
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара