На мінулым тыдні падчас правядзення ў цэнтральнай раённай бальніцы сходу па выніках работы за 2018 год адбыліся ўрачыстыя праводзіны галоўнага ўрача ЦРБ Алены Круцько, якая 31 студзеня па ўласным жаданні завяршыла сваю дзейнасць на гэтай пасадзе ў сувязі з пераездам на іншае месца жыхарства, у г.Гомель, і пераходам на іншую работу ў сістэме аховы здароўя.
Удзячныя словы за значны ўклад у развіццё аховы здароўя раёна, выніковую дзейнасць галіны выказаў Алене Круцько старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў.
Алена Аляксееўна ў цэлым 38 год адпрацавала ў сістэме аховы здароўя, амаль 15 год — у Кіраўскім раёне на пасадзе галоўнага ўрача ЦРБ. Яна зарэкамендавала сябе прафесіяналам сваёй справы, адказным, прынцыповым кіраўніком, выдатным арганізатарам, чалавекам актыўнай жыццёвай пазіцыі. Пад яе кіраўніцтвам умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя раёна, палепшыліся аснашчанасць сучасным медыцынскім абсталяваннем і кадравае забеспячэнне. Калектыў ЦРБ, яе падраздзяленняў, медработнікі не раз выходзілі на перадавыя пазіцыі ў рэспубліцы, вобласці, раёне.
Плённай была дзейнасць А.А.Круцько як члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна па праву ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды — медаля “За працоўныя заслугі”.
Аляксандр Бутараў уручыў Алене Круцько Падзячнае пісьмо райвыканкама з пажаданнямі поспехаў на новай рабоце і ўсяго добрага ва ўласным жыцці.
Далей Алене Аляксееўне выказала ўдзячнасць ад імя дэпутацкага корпусу раёна намеснік старшыні прэзідыума райсавета дэпутатаў Наталля Шапавалава — за высокі ўзровень работы на пасадзе кіраўніка ЦРБ, актыўную грамадскую дзейнасць, увагу пытанням добраўпарадкавання тэрыторый устаноў аховы здароўя, дзякуючы чаму цэнтральная раённая бальніца была заўсёды ў лідарах адпаведнага раённага конкурсу, і ўручыла Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў.
Шмат шчырых, цёплых слоў прагучала ў адрас галоўнага ўрача ад калег па працы. Адзначаліся яе прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і калектыву, чулыя адносіны да людзей.
Алена Круцько выказала глыбокую ўдзячнасць кіраўніцтву райвыканкама за сумесную выніковую работу і ўзаемаразуменне, аказваемую галіне аховы здароўя фінансавую падтрымку.
Яна таксама адзначыла, што ў дасягнутых поспехах асноўная заслуга — калектыву ЦРБ, у якім працуюць граматныя спецыялісты, добрасумленныя, чулыя людзі.
Алена Аляксееўна пажадала, каб Кіраўскі раён заўжды трымаў высокую планку лідара і ўпэўнена рухаўся наперад, да новых дасягненняў!
Фота Максіма МІКЕШЫНА.
На здымках: Падзячныя пісьмы Алене Круцько ўручаюць старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў і намеснік старшыні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў Наталля Шапавалава.