Красуецца гэта драўляная лаўка на астановачным пункце ў Рагіні, а фотаздымак у рэдакцыю даслаў жыхар аграгарадка.
Паглядзіце, як добра яна тут прымасцілася. Незвычайна і эканомна – інакш не скажаш. Толькі не ўпрыгожвае аднаножка грамадскае месца, а наадварот. Нават не ведаеш, журыцца ці жартаваць.
Стаіць лавачка і паглядае, ці прыйдзе яе час. Але ж не едуць яе рамантаваць. Не атрымліваецца пакуль, мусіць, у тых, хто абслугоўвае гэтыя кропкі. Дык чаму ж справу не ўзяць у свае рукі, напрыклад, тым жа мясцовым жыхарам ці таму, хто ўвасобіў гэты вобраз на фота? Няўжо сярод рагінцаў не знойдзецца ахвотніка падладзіць лаўку? Гэта ж дробязь, і зрабіць яе можна самім, проста і бескарысліва, а не чакаць з мора надвор’я.
Зрэшты, наводзіць парадак у сваім родным куточку, хоць па крупінцы, – неблагая справа. Так і тут. Вось і паглядзім, ці стане лавачка на дзве нагі, ці так і застанецца кульгавай.
Максім ЗУБАР