Пункт погляду журналіста: Працавітасць. 21.by

Пункт погляду журналіста: Працавітасць

22.04.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Поле, маё поле!
Як жа мне ты міла!
Як люблю цябе я
З усёй моцы, сілы!

Янка КУПАЛА

Мама. Яе не стала даўно, у верасні. Памерла восенню, у тую пару, калі звычайна ўся была ў рабоце. Шчыравала на калгасных палетках і дома па гаспадарцы як магла. “Жыла не азіраючыся” — такі вердыкт вынеслі суседкі. І не памыліліся.

У яе, як і ў многіх аднавяскоўцаў, была звычайная прафесія — палявод. Гэта пазней іх так пачалі называць, а напачатку — радавымі працаўнікамі. У калгасе выконвалі розныя работы: палолі буракі, капалі бульбу, сушылі сена, выкідвалі гной — усяго не пералічыш. Зараз гэта здаецца дзіўным, бо многае замяніла тэхніка.

Поле па-ранейшаму прадаўжае прыцягваць дагледжанасцю — стужкі буракоў радуюць вока і наганяюць тугу аб дзяцінстве. Мы, вясковыя дзеці, дапамагалі бацькам у свой час іх апрацоўваць. Праца на калгасных палетках лічылася нормай жыцця, адмовіцца не было як — старэйшыя б не зразумелі і не слухалі б нашых адгаворак. Мы працавалі і не ўсведамлялі, што гэта спатрэбіцца ў самастойным жыцці — урокі працавітасці пайшлі нам толькі на карысць.

Чалавек з зямлёю звязвае свае надзеі. Стаіш іншы раз з кошыкам бульбы ў адным канцы разоры і прыкідваеш, колькі спатрэбіцца часу, каб дайсці да другога канца, колькі бульбы накапаеш. А клубні пераліваюцца пад промнямі асенняга сонца, быццам самі просяцца ў кашы…

Як шмат можа падарыць зямля! Нездарма вясковыя людзі заўсёды лічылі яе карміцелькай і з ранняй вясны да позняй восені былі заняты ў полі і на агародзе.

Удзячна лёсу за сённяшнія сустрэчы з вяскоўцамі, да якіх прыводзяць журналісцкія сцяжынкі. У іх столькі шчырасці, адкрытасці і адданасці, што хопіць на дзясяткі-сотні суразмоўцаў. Колькі нялёгкай працы зведалі іх рукі, а яны працягваюць прыносіць карысць не толькі сабе, але і людзям.



Працавітасць заўсёды была ў пашане. Вось толькі рупліўцу вёскі мінулага дваццатага стагоддзя не трэба было прымушаць брацца за справу. Яны вёдалі цану кавалачку хлеба, імкнуліся накарміць дзяцей, бо не дай Божа, каб яны былі галоднымі ці неапранутымі. Дзеці адчувалі на сабе клопат, у жыцці самі сталі добрымі бацькамі і дарадцамі для сваіх дзяцей.

Калыска дзяцінства. Гэта жытнёвае поле з васількамі і блакітным небам з белымі хмаркамі… У якім камп’ютары ці тэлевізары можна ўбачыць гэта і адчуць усю прыгажосць?.. Як хацелася нам, вясковым дзецям, зблізку паглядзець на камбайны, якія пераязджалі з аднаго поля на другое. А тыя, што сядзелі за яго штурваламі, здаваліся нам волатамі.

I гэта сапраўды так: камбайнерамі становяцца людзі, моцна ўлюбёныя ў абраную справу і родную зямлю. Праца нялёгкая: паўнюткі дзень трэба шчыраваць на жытнёвым полі. У час сустрэч яны не любяць бавіць час у гутарцы — на ўліку кожная хвіліна. А вочы свецяцца радасцю, і гэты шчаслівы позірк застаецца з табою надоўга. Адразаючы лусту хлеба, не раз потым успамінаеш усмешлівы твар камбайнера і словы аб сэнсе жыцця.

Поле. Як шмат яно дорыць! У вачах і сёння сінявокі лён-прыгажун. Каб давесці яго да ладу, патрэбна прыкласці шмат старанняў. Нездарма ў народзе гавораць: “Лён любіць паклон”. Давялося назіраць, як шчыруюць вясковыя жанчыны на льняных палетках. Папрацаваць нароўні з імі — наўрад ці атрымаецца. Такая ўжо сялянская хватка — работа спорыцца ў іх руках.

Сакрэт, відаць, у тым, што яны проста любяць зямлю і працуюць на ёй шчыра і ад усёй душы, а яна ў сваю чаргу заўсёды аддзячвае.

Зямля не зменіць і не здрадзіць — яна вяртае чалавеку даўгі багатымі восеньскім ураджаямі і перапаўняе сэрца вялікай любоўю. А гэта не так і мала ў жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Поле, маё поле! Як жа мне ты міла! Як люблю цябе я З усёй моцы, сілы! Янка КУПАЛА Мама. Яе
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика