Чарговае свята Вялікай Перамогі мы сустракаем з пачуццём глыбокай павагі і ўдзячнасці да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія адстаялі мір і свабоду на нашай зямлі. Радзеюць, на жаль, іх рады, і тым больш каштоўнымі для нас становяцца ўспаміны жывых сведкаў страшных падзей вайны як напамін нам, нашчадкам: тое, што давялося перажыць ім, не павінна паўтарыцца ніколі…
Адным з тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, змагаўся з ворагам за шчаслівую будучыню наступных пакаленняў, — кіраўчанін Рыгор Іванавіч Куцілкін. Так сталася, што для яго, расіяніна, Беларусь стала назаўсёды другой радзімай. Сёлета, у сакавіку ветэран вайны і працы адзначыў сваё 94-годдзе. 70 вёснаў ён сустрэў у Беларусі і амаль усе — на Кіраўшчыне, якую бязмерна палюбіў. Ніколі не сцерці з памяці гады ваеннага ліхалецця. Яны і дагэтуль трывожаць душу ветэрана…
Сям’я Куцілкіных, якая пражывала ў в.Пятроўка Куйбышаўскай вобласці, рана засталася без гаспадара. Рыгору, старэйшаму з дзяцей, рана давялося стаць дарослым, каб замяніць бацьку, дапамагаць маці гадаваць траіх малодшых братоў і сястру. Цяжкае, беднае дзяцінства перарасло ў трывожнае юнацтва. У 1941-м, калі грымнула вайна, яму і яго аднакласнікам споўнілася ўсяго па 16. Літаральна ўвесь клас у снежні гэтага года быў прызваны на фронт: юнакі — у дэсантныя войскі, дзяўчаты — у зенітныя. Амаль усе неўзабаве загінулі ў жорсткіх баях.
Вайсковая геаграфія Куцілкіна была шырокай. Разам з аднапалчанамі Рыгор Іванавіч біў ворага на Карэльскім перашыйку, у Польшчы. Неаднаразова даводзілася глядзець смерці ў твар, губляць баявых таварышаў. Быў паранены, мусіў лячыцца ў шпіталі, а потым зноў імкнуўся на перадавую, каб перамагчы фашысцкую нечысць. У Памераніі 12 мая 1945-га, дзе яшчэ ішлі баі, атрымаў кантузію і зноў трапіў у шпіталь. Так для Рыгора Куцілкіна скончылася вайна, праз якую ён прайшоў мужна і стойка. Баявы шлях байца адзначаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалём “За адвагу”.
Пасля выздараўлення Рыгор Куцілкін паступіў і паспяхова скончыў Казанскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча далёкай авіяцыі. Малады афіцэр быў накіраваны ў авіяцыйны полк у Бабруйск. Але кар’еры лётчыка не суджана было збыцца: перашкодзілі былыя армейскія раны. Працаваў у Бабруйску ва ўпраўленні сувязі. А неўзабаве яму прапанавалі пасаду начальніка раёна электрасетак у Кіраўску. Так
Рыгор Куцілкін звязаў свой лёс з Кіраўшчынай, у развіццё якой унёс значны ўклад.
За 26 год кіраўніцтва РЭС было зроблена нямала. Былі электрыфікаваны гарадскі пасёлак, сельскія населеныя пункты. Прадпрыемства выйшла ў лік лепшых арганізацый у сваёй галіне. Як кіраўніка і як чалавека Рыгора Іванавіча заўсёды вызначалі высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць, інтэлігентнасць, сціпласць, добразычлівасць, за што ён заўсёды карыстаўся вялікай павагай і даверам. І нездарма побач з баявымі ўзнагародамі на грудзях ветэрана заззяў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Увесь жыццёвы шлях Рыгора Куцілкіна — баявы і працоўны — гэта прыклад высокага патрыятызму, адказнасці за даручаную справу. З ветэранам прыемна размаўляць. Напярэдадні Дня Перамогі да яго з віншаваннямі завіталі вучні СШ №1. Рыгор Іванавіч падзяліўся ўспамінамі аб сваёй баявой маладосці, расказаў пра тыя якасці і высокія пачуцці, якія павінны быць уласцівы сапраўднаму грамадзяніну і патрыёту і без якіх савецкім людзям не ўдалося б перамагчы ў той страшнай вайне. Самая запаветная мара ветэрана — каб ніколі чалавецтва не ведала жахаў вайны. А прадстаўнікам маладога пакалення былы воін-франтавік даў жыццёвы наказ: цаніць і берагчы гэты крохкі мір, які быў заваяваны вельмі высокай цаной.
Аляксандр ХАХЛОЎ.