Карэспандэнты наведалі калонію «Воўчыя норы», дзе адбываюць пакаранні за наркотыкi. 21.by

Карэспандэнты наведалі калонію «Воўчыя норы», дзе адбываюць пакаранні за наркотыкi

24.05.2019 12:58 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У папраўчай калоніі № 22 адбываюць пакаранні мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў (артыкул 328 КК Беларусі). Турму пад Івацэвічамі ў народзе называюць «Воўчыя норы» — па вёсцы, якую спалілі падчас вайны. Дарога ва ўстанову ляжыць цераз лес, найбліжэйшыя населеныя пункты — Даманава і Боркі - за 9 кіламетраў. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў калоніі і паглядзелі, як жывуць тыя, хто аднойчы пераступіў закон.


— Тут я ўжо прыкладна год і сем месяцаў, — знаёмімся з Уладзімірам Стадольнікам.

— Прыкладна?

— У мяне вялікі тэрмін, 12 гадоў, — лічыць па днях бессэнсоўна. Я сам не наркаман і нават ніколі не спрабаваў. У турму трапіў за перавоз кантрабанды. Вага грузу сур’ёзная — 75 кілаграмаў, — згадвае 51-гадовы мужчына. — Амаль тры разы быў жанаты. Апошні проста не паспеў! Планавалі распісацца ў чэрвені, а ў сакавіку мяне «ўзялі».

На пытанне, што падштурхнула парушыць закон, мужчына адказвае неахвотна:

— Раскайваюся. Але навошта зараз шукаць прычыны? Усё роўна нічога не змяніць, — замаўкае. — Матуля і сын — самыя блізкія людзі. Яны не адвярнуліся ад мяне, прабачылі. Падтрымка на зоне патрэбная як паветра.


Тэлефанаваць сваякам можна тры-чатыры разы на месяц. Уладзімір часцей за ўсё звязваецца з 76-гадовай матуляй: «У яе ўзросце кожны званок каштоўны». Ён загадзя прадумвае, пра што будзе расказваць і пытаць, каб усё паспець. Раз на паўгода асуджаным дазволеныя працяглыя спатканні з роднымі, тры разы — кароткатэрміновыя.

Тыя, хто адбывае пакаранне ў калоніі, працуюць на дрэваапрацоўцы, разборцы металу і кабеляў. «Тут розуму шмат не трэба — проста круці гайкі», — лічыць асуджаны. Сам ён па адукацыі юрыст, але па спецыяльнасці, прызнаецца, амаль не рабіў: «У 90-я гады такія паслугі мала каму былі патрэбныя». Мужчына займаўся грузаперавозкамі.

Працоўны тыдзень складаецца з пяці дзён. У суботу і нядзелю, святочныя дні - выхадныя. Рабочыя атрымліваюць зарплату. Частка грошай ідзе на пакрыццё дзяржвыдаткаў і выплату іскаў, калі яны ёсць. Рэшта адпраўляецца на рахунак асуджанага — выкарыстае, калі вызваліцца.

— Я ніякай працы не баюся. Па жыме штангі моладзі фору магу даць! — хваліцца Уладзімір. — Не палю і хлопцам раю. Спортам на аматарскім узроўні займаюся ўсё жыццё. На волі разоў пяць на тыдзень хадзіў у спартыўную залу. Першая жонка маладзейшая за мяне на 12 гадоў, другая — на 11. Мужчына заўсёды павінен быць у добрай фізічнай форме!


Зараз у калоніі № 22 адбываюць пакаранне крыху больш за тысячу асуджаных. Адзін з іх — 29-гадовы Мікіта Сарскоў з Мар'інай Горкі. Хлопцу далі дзесяць гадоў пазбаўлення волі, тры з паловай ён ужо адбыў:

— Я курыў марыхуану. Гэта было даступна ў нашым горадзе. Не з той кампаніяй звязаўся. Віну прызнаў яшчэ на судзе. Вы нават не ўяўляеце, як шкада губляць тут час!

Распарадак дня ў асуджаных просты, але строгі. Пад’ём у шэсць гадзін раніцы, адбой — у 22.00. Харчаванне — тры разы на дзень. Гатуюць яны самі, таму, як жартуюць суразмоўцы, «на кухні ніхто не схалтурыць».

— Першы час каханая дзяўчына прыязджала да мяне на спатканні, перапісваліся. А потым я папрасіў, каб яна ўладкоўвала сваё жыццё без мяне. Не хацеў уцягваць яе ва ўсё гэта, яна вартая большага! — дзеліцца асуджаны.

Мікіта працуе на прамзоне: косіць траву. Участкі вялікія, таму ёсць чым заняцца кожны дзень. Хлопец уладкаваўся сюды нядаўна, да гэтага нарыхтоўваў дровы для кацельні.

— Я скончыў чатыры курсы Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута, вучыўся на эканаміста. У мяне была нядрэнная паспяховасць, сярэдні бал 7−8, — расказвае Мікіта. — Выдатна ведаю англійскую мову. Працягваю вывучаць яе і ў турме па падручніках. Люблю хадзіць у мясцовую бібліятэку.


Што датычыцца адукацыі, то ў калоніі яе можна атрымаць дыстанцыйна. Прапануецца навучанне ў прафесійным ліцэі па спецыяльнасцях сталяр-станочнік, швачка-кравец, газаэлектразваршчык, а таксама ў Мінскім інавацыйным універсітэце. Зараз там лічацца больш за 30 студэнтаў.

— На волі працаваў у краме спартыўнага харчавання, нядрэнна разбіраюся ў гэтай тэме, — працягваем тэму захапленняў. — Увогуле спорт люблю. Займаюся ўсім, чым можна, — футбол, валейбол, баскетбол, цяжкая атлетыка.

Пра планы на будучыню пасля вызвалення Мікіта кажа ахвотна. Ён марыць пра сям’ю і дзяцей. А яшчэ збіраецца паспрабаваць сябе ў прамысловым альпінізме, лічыць гэтую галіну перспектыўнай.


34-гадовы Яўген Русак асуджаны на 11 гадоў:

— Па частцы распаўсюджвання я сваю віну не прызнаў. Ужываў - так, але не больш.

Жэня ў мінулым прафесійны спартсмен. Хлопец гуляў за Нацыянальную зборную па валейболе:

— Траўмаваў сур’ёзна спіну. Нейкі час сядзеў на таблетках, працягваў трэніравацца. Боль не сціхаў. Я выдатна разумеў, што мая кар’ера падыходзіць да завяршэння. Пачаў шукаць суцяшэння ў наркотыках. Думаў вырашыць адну праблему, а ў выніку іх стала яшчэ больш.


На тэрыторыі калоніі пабудаваная царква, куды кожны тыдзень прыязджае святар. Ва ўзвядзенні храма ўдзельнічалі самі асуджаныя. Яны могуць павянчацца там са сваімі жонкамі. Праўда, адбываецца гэта нячаста — раз-два на год.

— З жонкай скасавалі шлюб, калі трапіў у турму. Вырашылі, што так будзе лепей для абаіх. Ведаеце, мне больш шкада сваякоў, чым сябе. Мая правіна прынесла ім шмат слёз. Так не павінна быць, — лічыць хлопец.

Яўген любіць вазіцца з камп’ютарамі. Як выйдзе, думае зрабіць хобі асноўным заняткам: «Трэнерам мяне наўрад ці з такім мінулым куды-небудзь возьмуць. Таму трэба шукаць альтэрнатыву. Але адно ведаю добра — да наркотыкаў не вярнуся».



Днямі ў калоніі адкрылі «спартыўны гарадок». У ім ёсць баскетбольныя і валейбольная пляцоўкі, футбольнае поле, хакейная скрыня, вулічныя трэнажоры і турнікі для заняткаў варкаўтам.

— Мы лічым, што гэтая пляцоўка будзе запатрабаваная ў асуджаных. Спорт для іх — магчымасць адчуць сябе чалавекам, які не імкнецца да крымінальных інтарэсаў, а прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і мае захапленні. Трэніравацца можна будзе ў вольны ад працы і вучобы час, — адзначыў намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі Уладзіслаў Мандрык.

Падчас размовы з рук выпаў аловак, разляцеўся грыфель: «Зламаны аловак — не бяда. Галоўнае — не зламаць сабе жыццё», — падмеціў адзін з асуджаных.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У папраўчай калоніі № 22 адбываюць пакаранні мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў (артыкул 328 КК Беларусі).
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика