22 жніўня пасля 16 гадзін у аператыўна-дзяжурную службу Кіраўскага РАУС паступіў зварот аб прапажы 5-гадовай дзяўчынкі, інваліда 3-й групы (ДЦП) ў пасёлку Скачок. Маленькая бабруйчанка гасціла ў бабулі. На некаторы час дзяўчынка засталася без нагляду дарослых і самастойна пайшла ў невядовым накірунку. Самастойна знайсці яе родныя не змаглі, таму былі вымушаны звярнуцца ў міліцыю.
Як расказаў намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Вячаслаў Каранкевіч, да пошукавых мерапрыемстваў апераіыўна і дружна прыступілі супрацоўнікі раённай міліцыі, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама мясцовыя жыхары, якім быў неабыякавы лёс дзіцяці. Улічваючы ўсе акалічнасці, удзельнікі пошукавых мерапрыемстваў, у першую чаргу, імкнуліся праверыць патэнцыяльна небяспечныя месцы: лес, кустоўе, вадаёмы, блізка пралягаючыя аўтамабільныя дарогі да надыходу цемнаты. Паралельна праводзіўся ўважлівы абход падваравых тэрыторый.
На шчасце, больш чым праз тры гадзіны дзяўчынка была знойдзена ў адным з двароў пасёлка, дзе яна заснула ў саломе. Малышку перадалі бацькам, медыцынская дапамога ёй не спатрэбілася.
Гэтая трывожная гісторыя скончылася шчаслівым фіналам. Аднак, бацькам варта нагадаць, што дзеці далёка не заўсёды ўсведамляюць пра небяспеку, якая можа іх напаткаць дома ці на вуліцы. Таму яны ні ўякім разе не павінны заставацца без нагляду.
Фота прадастаўлена Кіраўскім РАУС.