Сёння, у Міжнародны дзень пажылых людзей, віншаванні, шчырыя словы ўдзячнасці і цёплых пажаданняў прымала поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы Людміла Нічыпараўна Палевіч.
Да яе ў аграгарадок Мышкавічы завітаў старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Гейдэль. Ён зачытаў прывітальны адрас Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. У ім было адзначана: “У Кіраўскім раёне, дзе прайшла ўся Ваша працоўная дзейнасць і большая частка жыццёвага шляху, жывуць працавітыя, адкрытыя і сардэчныя людзі. І нават сярод іх Вы вылучаецеся асаблівым стаўленнем да працы. Вы заўсёды жылі і жывяце дзеля таго, каб перадаваць свой жыццёвы і працоўны вопыт тым, хто сёння працягвае Вашы працоўныя традыцыі”.
Было падкрэслена, што нястомная, шматгадовая праца жывёлавода, ініцыятыва, пошук і высокія рэзультаты Л.Н.Палевіч па заслугах ацаніла дзяржава: у ліку іншых працоўных узнагарод яна ўдастоена трох ордэнаў Працоўнай Славы.
У адрас гаспадыні прагучалі найлепшыя пажаданні, былі ўручаны кветкі, падарунак.
Да віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, намеснік дырэктара ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава, галоўны рэдактар раённай газеты “Кіравец” Наталля Хадакова, якая ўручыла падпісны сертыфікат на “раёнку”.
Адбылася шчырая гутарка, падчас якой Людміла Нічыпараўна нагадала гады сваёй працы ў “Рассвеце”, выказала станоўчыя думкі пра сучасныя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі.
Эстафету віншаванняў славутай зямлячкі працягвалі настаўнікі і вучні Мышкавіцкай сярэдняй школы.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.