Яшчэ год таму Алег стаяў перад прызыўной камісіяй у чаканні адпраўкі на вайсковую службу, а ўжо зараз радавы Гінько можа сам падзяліцца вопытам воінскага жыцця з сённяшнімі навабранцамі.
— З якімі пачуццямі ішоў служыць? Скажам, пра прафесію ваеннага не марыў, – расказвае суразмоўца, – але разумеў, што армейская служба патрэбна кожнаму мужчыну. Пра гэта заўсёды гаварылі і бацькі, а таму нават думак не было ні пра якае там ухіленне. Напэўна, самым вялікім іспытам для навабранцаў з’яўляецца адаптацыя да новага распарадку. Мне, лічу, было лягчэй прывыкнуць да самастойнасці, бо ішоў служыць пасля вучобы ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы. Там асвоіўся з жыццём па-за бацькоўскім домам, без матуліных прысмакаў. Дарэчы, хачу супакоіць будучых салдат – кормяць у арміі добра і, галоўнае, правільна і карысна.
Служыць мне пашчасціла ў так званай тэхнічнай эліце арміі – асобным палку радыёэлектроннай барацьбы, што дыслацыруецца ў Полацку. Зараз нас паўсюдна акружаюць радыёсігналы. І ва Узброеных Сілах працэс кіравання і вядзення баявых дзеянняў звязаны з вялікай колькасцю сродкаў сувязі. Задача войскаў РЭБ – выявіць іх і пры неабходнасці заглушыць. Веды IT-тэхналогій, атрыманыя тут, безумоўна спатрэбяцца ў далейшым жыцці. Асабліва пры выбары далейшай прафесіі.
Яшчэ адзін “плюс” асабіста для мяне – атрыманне вадзіцельскай катэгорыі “С”. Цяпер я вадзіцель-электрык. Дарэчы, бацька таксама быў вадзіцелем у арміі, таму, можна сказаць, я прадоўжыў яго справу.
Паспрачаюся і з тымі, хто лічыць службу “днём сурка”. Так, салдат добра ведае, які распарадак дня яго чакае. Але гэта дысцыплінуе і загартоўвае, вучыць не ныць без прычыны і не скарыцца сапраўдным цяжкасцям. Ёсць і вольны час. Тры разы на тыдзень мы маем магчымасць займацца спортам. Традыцыйнымі сталі спаборніцтвы па футболе і валейболе. Насычаная і культурная праграма. Дарэчы, ваеннаслужачыя карыстаюцца льготамі падчас наведвання, напрыклад, музеяў ці кінатэатраў.
Знаёмства з Алегам Гінько адбылося падчас яго армейскага водпуску, які звычайна даецца адзін раз за службу. Але, па словах салдата, пазачарговую сустрэчу з сям’ёй і сябрамі на малой радзіме можна атрымаць, годна выконваючы воінскі абавязак. Юнак не аднойчы быў гэтым адзначаны.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.