На кулінарны савет, што праводзіцца ў райста раз у квартал, гэтым разам для абмеркавання сумяшчальнасці інгрэдыентаў, каларыйнасці, працаёмкасці прыгатавання кухары з рэстарана “Беразіна”, кафэ “Шарм”, “Александрыя”, “Кава і ежа”, закусачнай “Лепім самі”, сталовай аграгарадка Крулеўшчына прадаставілі дваццаць новых страў, якія, мяркуецца, з’явяцца ў меню названых аб’ектаў грамадскага харчавання напярэдадні навагодніх святаў.
Аўтарытэтная камісія ў складзе намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Марыны Клімовіч, старшыні райста Юрыя Ючкавіча, начальніка аддзела грамадскага харчавання Ганны Палячонак, іншых спецыялістаў ацэньвала таксама і прыгажосць, і адпаведнасць сучасным патрабаванням у падачы страў. І тут майстры-кулінары таксама пастараліся: ад дэманстрацыйнага стала нельга было адарваць вачэй. Разам з тым, варта адзначыць, што ніякіх складаных нарэзак і ўпрыгажэнняў, якія займаюць шмат часу і якімі проста стракацяць зараз майстар-класы ў Інтэрнэце, не было, але гэта зусім не перашкодзіла стравам, калі так можна выразіцца, выглядаць стыльна, не кажучы ўжо пра апетытнасць. Некаторыя з іх, у тым ліку і салаты, зручна будзе падаваць нават на фуршэтны стол.
Марына Клімовіч адзначыла спектр цэнавага ўзроўню страў, што з’яўляецца правільным і актуальным. Так, хтосьці з наведвальнікаў можа замовіць, да прыкладу, марынаваны язык, смажаніну са свініны з шампіньёнамі, салаты “Архідэя” ці “Букет смаку” ў лавашы, а камусьці прыйдзецца даспадобы больш танныя, але не менш смачныя “Фасолька ў шубцы”, салата “Разынка”, курыная грудка “Эксклюзіў”.
Новую выпечку на савет прадаставіў і кандытарскі цэх, у тым ліку і папулярныя зараз кейк-попсы – шакаладны з арахісам, а таксама з какосам. Прыгожа глядзеліся і звыклыя ўжо заварныя пірожныя, якія майстры цэху афармляюць у выглядзе лебедзяў.
Цікавымі ідэямі ў прыгатаванні і падачы страў на кулінарных саветах дзеляцца як вопытныя, з немалым стажам работы кухары, так і маладыя, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях у гандлёвай сферы, а гэта, несумненна, толькі на карысць агульнай справе і на радасць нам, спажыўцам.
Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.