2238 дзён доўжылася вайна ў Афганістане. У складзе абмежаванага кантынгенту ў Афганістане ваявалі каля 30 тысяч беларусаў. Ураджэнцы Магілёўшчыны – не выключэнне. Частка хлопцаў так і не вярнулася дадому...
Раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз ветеранаў вайны ў Афганістане” існуе ўжо больш за 20 гадоў. Па словах яе старшыні Юрыя Сафронава, арганізацыя аб’ядноўвае ветэранаў вайны ў Афганістане і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, членаў іх сем’яў і сем’і загінуўшых, незалежна ад наяўнасці “членскага” білета.
– У раёне пражываюць 55 воінаў-інтэрнацыяналістаў, – адзначае Юрый Сямёнавіч. – Мы заўсёды цесна кантактуем, падтрымліваем адзін аднаго. Трэба сказаць, што нашы хлопцы знайшлі сваё месца ў жыцці, ва ўсіх – работа, сем’і. Я ўпэўнены, усе мы не толькі з гонарам выканалі інтэрнацыянальны абавязак, але таксама з адказнасцю выконваем грамадзянскі і чалавечы.
Работа ў раённай арганізацыі вядзецца па двух асноўных напрамках. Першы – сацыяльная абарона войнаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў і членаў іх сем’яў. Ім аказваецца прававая, маральна-псіхалагічная дапамога. На кантролі – пытанні комплекснага правядзення медыцынскага абслугоўвання членаў арганізацыі, выдзяленне і забеспячэнне пуцёўкамі ў шпіталь, санаторыі, прафілакторыі.
Другі накірунак работы – патрыятычнае выхаванне маладога пакалення ў духу патрыятызму і любові да Радзімы, вернасці традыцыям беларускага народа. Актывісты раённай арганізацыі – частыя госці ва ўстановах адукацыі раёна. Наладжана цесная сувязь с вучнямі Любоніцкай і Баравіцкай школ, СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, іншымі.
Таксама ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з іншымі грамадскімі арганізацыямі – РГА “Белая Русь”, ГА “БРСМ”, Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў.
Воіны-інтэрнацыяналісты ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах да памятных і святочных дат – Дня абаронцаў Айчыны, Дня Перамогі, дня вызвалення раёна ад нямецкафашысцкіх захопнікаў і іншых.
Воіны-афганцы прымаюць актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях. Падчас правядзення парламенцкіх выбараў-2019 яны ажыццяўлялі функцыі назіральнікаў на ўчастках для галасавання, былі членамі выбарчых камісій, збіралі галасы і подпісы за кандыдатаў, праводзілі агітацыйную работу.
У нас шмат ініцыятыўных людзей, якім можна даверыць любую справу. Хачу адзначыць Анатоля Ткачова, Мікалая Пад’ялоўскага, Барыса Карпенку, Уладзіміра Перадню, Уладзіміра Ляскова, Юрыя Кагана, Вадзіма Смірнова. У кожнага за плячыма – нялёгкі шлях на вайне. Цяпер яны на мірнай перадавой патрыятычнага выхавання моладзі.
Запісала Аляксандра КАЛІНІНА.