На мінулым тыдні на Глушчыне ўжо ў трэці раз прайшла народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам”
05.08.2020
—
Новости Общества
|
На мінулым тыдні на глускую зямлю завітала ўжо ў трэці раз народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам”. Як і раней, у цэнтры ўвагі былі людзі, нашы з вамі землякі. “Добрых людзей, сын, усюды шукай — кепскія знойдуцца самі”, — гэтыя словы народнаму артысту Анатолю Ярмоленку падпявалі многія ў зале, і ўсё свята было пра іх і для іх — добрых людзей. Шкада толькі, што ў гэты раз мерапрыемства прайшло не як звычайна, на стадыёне, бо добрых людзей у нашым раёне нашмат болей, чым можа змясціць “Арыён”. У астатнім прафсаюзная акцыя прайшла традыцыйна: канцэрт “За Беларусь!” і ўзнагароджванне жыхароў раёна. Таксама ў рамках акцыі перад глушчанамі выступіла генеральны дырэктар холдынга “Бабруйскаграмаш” давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Надзея Лазарэвіч. У мінулыя гады на сцэну за ўзнагародамі падымаліся прадстаўнікі працоўных дынастый, маладыя спецыялісты з іх вопытнымі калегамі-настаўнікамі, у гэты раз словы дзякавання і падтрымкі гучалі ў адрас тых, хто па сваёй прафесіі непасрэдна дапамагае людзям. Старшыня Глускага раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Леўчанка ўручыў Ганаровыя граматы Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў фельчару брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Глускай ЦРБ Наталлі Жынько і работніцы па мыцці і рамонце спец-адзення Глускага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніне Пінчук. Ганаровыя граматы абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя атрымалі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Глускай ЦРБ старшая медыцынская сястра Галіна Міхайлёнак і санітарка Глускай райбальніцы Алена Кастунова. Такой жа ўзнагароды ўдастоены галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Раман Пускін. У святочным канцэрце ўдзел узялі Вольга Плотнікава, група “ByCity”, шоу-балет “Феерыя” і фіналісты конкурсу “Новыя імёны Беларусі” Мікалай Гамераў, Вольга Любавіна, Руслан Рагалевіч. Хедлайнерам фестывалю стаў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і заслужаны калектыў “Сябры”. Гледачы з задавальненнем слухалі і падпявалі знаёмыя словы вядомых песень — ужо згаданую “Добрыя людзі”, “Вы шуміце, бярозы”, “Каханая”, “Гуляць дык гуляць”, “Салавей спявае”… Многія з гэтых песень напісаны нашым земляком — кампазітарам, заслужаным дзеячам мастацтваў, народным артыстам, ганаровым грамадзянінам Глускага раёна Валерыем Івановым. У гэты дзень ён таксама быў у зале “Арыёна” і, зразумела, выходзіў на сцэну. Валерый Кірылавіч гаварыў пранікнёныя словы пра землякоў і сяброў, пра зямлю, што ў дзяцінстве дала яму крылы і да сённяшняга дня поўніць энергіяй і творчым натхненнем. “Усё, што я выказаў і выказваю ў сваёй музыцы, — гэта Глушчына, яе прырода, якая напаіла мяне сваёй прыгажосцю, гэта сябры і знаёмыя. Нам парою не хапае ў апошні час сяброўства, блізкасці…” — сказаў Валерый Кірылавіч і выканаў адну з найлепшых напісаных ім песень — пра тое, як важна мець сяброў і быць разам — “Ты да я да мы с тобой”. Разам з Валерыем Кірылавічам на яго радзіму прыязджае жонка Алена Бялова — легендарная спартсменка, чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні на рапірах, “каралева перамог” — так яе называлі. Напярэдадні ў Алены Дзмітрыеўны быў дзень нараджэння, і яе з гэтай нагоды павіншавалі ад Федэрацыі прафсаюзаў, а гледачы падтрымалі пажаданні здароўя і аптымізму шчырымі апладысментамі. Адказваючы на гэтыя віншаванні і пажаданні, Алена Дзмітрыеўна расказала, як прыемна ёй бываць на Глушчыне. Сама яна, дачка ваеннага, малой радзімы, можна сказаць, не мае, а наша зямля, яе цудоўная прырода, яе людзі цешаць душу, даюць адпачынак пасля гарадскога тлуму і клопатаў — і ёй, і Валерыю Кірылавічу, бо нідзе яму так добра не пішуцца песні, як дома. Дзякуючы гэтым шчырым выказванням-экспромтам, добрым песням, абаяльным вядучым Вользе Плотнікавай і Дзянісу Каралёву, жывому і эмацыянальнаму водгуку залы на ўсе выступленні вечарына атрымалася па-сапраўднаму дружнай, цёплай, пазітыўнай. Так заўсёды бывае, калі людзі збіраюцца разам, каб зрабіць штосьці добрае. Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ Фота Ганны АЎТУХОВАЙ Больш фота Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні на глускую зямлю завітала ўжо ў трэці раз народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам”. Як і раней, у цэнтры ўвагі былі...
|
|