Агрэсiўных балельшчыкаў — на спаборнiцтвы па боксе
04.09.2009
—
Новости Спорта
|
Беларуская мiлiцыя гатовая арганiзаваць спаборнiцтвы па боксе сярод агрэсiўных футбольных "балельшчыкаў". "Вядома, што ў некаторых гарадах Беларусi iснуюць групы агрэсiўна настроеных маладых людзей, якiя вызначаюцца добрай спартыўнай падрыхтоўкай i захапляюцца баявымi адзiнаборствамi. Як правiла, непасрэдна на футбольных матчах яны не прысутнiчаюць, iх мэта — арганiзацыя сiлавога высвятлення адносiнаў", — адзначылi ў МУС. Паводле слоў начальнiка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку i прафiлактыкi МУС Беларусi Вiталя Сiнякова, падобныя iнцыдэнты не носяць сiстэмнага характару. У мэтах папярэджання такой з'явы зроблены захады па выяўленнi агрэсiўна настроеных груп i пераарыентацыi iнтарэсаў iх удзельнiкаў. У прыватнасцi, вартавыя правапарадку гатовыя выступiць у ролi арганiзатараў спартыўных спаборнiцтваў (напрыклад, па боксе) з удзелам iлжэбалельшчыкаў. Як паведамлялася, 30 жнiўня каля Дома мiласэрнасцi па вул. Францыскi Скарыны ў Мiнску адбылася масавая бойка з удзелам каля 80 чалавек. На працягу пяцi хвiлiн да азначанага месца прыбылi супрацоўнiкi праваахоўных органаў. У вынiку зладжаных дзеянняў вартавыя правапарадку затрымалi практычна ўсiх удзельнiкаў iнцыдэнту (56 чалавек, у тым лiку 10 няпоўнагадовых). Сярод iх былi жыхары Мiнска, Брэста, Кобрына, Барысава, Жодзiна i Масквы (1 чалавек). Дзевяцярых з iх машыны хуткай дапамогi прывезлi ва ўстановы аховы здароўя з нязначнымi траўмамi. Астатнiя былi дастаўленыя ў Першамайскае РУУС сталiцы для правядзення разбору. Са слоў затрыманых, пра месца i час бойкi яны папярэдне дамовiлiся па тэлефоне. Прычыну здарэння нiхто з iх тлумачыць не стаў. У панядзелак, 31 жнiўня, суд Першамайскага раёна Мiнска прызначыў 20 правапарушальнiкам пакаранне ў выглядзе адмiнiстрацыйнага арышту ад 2 да 7 сутак, яшчэ 24 "балельшчыкi" заплацяць штраф у памеры ад 3 да 25 базавых велiчыняў. Кацярына НЯЧАЕВА, БЕЛТА. |