Першы беларускі кiкбаксёр: Днём мы вучылiся ва ўнiверсiтэтах, вечарам - удзельнiчалi ў падпольных баях
28.01.2010 13:25
—
Новости Спорта
|
У гэтым месяцы беларускаму кiкбоксiнгу споўнiлася 20 гадоў. Карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з першым савецкiм чэмпiёнам свету сярод прафесiяналаў Уладзiмiрам Задзiранам. Майстар распавёў, чаму беларускiя байцы лiчацца аднымi з наймацнейшых у свеце i чаму першыя чэмпiёны мелi па дзве вышэйшыя адукацыi.
Калiсьцi iмя Уладзiмiра Задзiрана грымела на ўвесь былы Савецкi Саюз. Верагодна, што ў хуткiм часе пра беларускага майстра зноў загаворыць уся спартыўная планета: менавiта Уладзiмiр Задзiран трэнiруе галоўную надзею сусветнага прафесiйнага бокса Аляксандра Усцiнава, якi хутка можа пазмагацца за пояс чэмпiёна. - Ён вельмi жорсткi баец i трэнер, прымушае сваiх вучняў чытаць сусветную класiку i паступаць ва ўнiверсiтэты, - расказаў мне пра Уладзiмiра Задзiрана адзiн з удзельнiкаў зборнай Беларусi па тайскiм боксе. Пра гэтага майстра ходзiць шмат чутак i расповедаў, у беларускiм спорце ён адыгрывае ролю Усяслава Чарадзея. Еду на ранiшнюю трэнiроўку ў залу бокса "Алiмп", што на плошчы Якуба Коласа ў Мiнску, каб на свае вочы пабачыць жывую байцоўскую легенду i даведацца, з чаго пачалося развiццё кiкбоксiнга ў нашай краiне. Перад баямi мы пiсалi распiскi - Я займаўся поўнакантактным каратэ, але ў пачатку 80-х гадоў у СССР яно трапiла пад забарону. Я не мог з гэтым пагадзiцца. Калi ўжо спасцiгаць байцоўскае мастацтва, то двубой павiнен быць рэальны, - узгадвае Уладзiмiр Паўлавiч савецкiя часы. - Мы шукалi такiх жа аднадумцаў, ездзiлi па ўсiм Савецкiм Саюзе (у Прыбалтыку, Маскву, Пецярбург, ляталi ў Ташкент i гэтак далей) i праводзiлi так званыя баi без правiлаў. Хто заставаўся стаяць - той перамагаў, хто ляжаў - прайграваў. На ўсялякi выпадак перад спарынгамi рыхтавалi распiскi, i толькi пасля гэтага выходзiлi на рынг. - Цi праўда, што ў той час вы працавалi iнжынерам на заводзе? Кажуць, у вас дзве вышэйшыя адукацыi... - Я перакананы, што ў байцоўскiх адзiнаборствах, на самым высокiм узроўнi, перамагае той чалавек, якi добра развiты iнтэлектуальна i фiзiчна. Кiкбоксiнг i тайскi бокс найперш развiваюць гарманiчную асобу. Таму многiя чэмпiёны сапраўды маюць дыпломы прэстыжных ВНУ. Я скончыў полiтэхнiчны iнстытут, тры гады працаваў iнжынерам на заводзе, а пазней зразумеў, што шчаслiвы чалавек - гэта той, якому i праца падабаецца, i ў сям'i ўсё iдзе ладна. Мая кар'ера развiвалася надзвычай паспяхова, таму шмат для каго стала нечаканасцю тое, што я вырашыў прысвяцiць жыццё спорту i пакiнуў iнжынерскую пасаду. Пазней мне давялося скончыць Акадэмiю фiзiчнай культуры. - Чаму вы пачалi развiваць менавiта кiкбоксiнг i тайскi бокс? - У 1989 годзе я перамог на чэмпiянаце СССР па каратэ-до. На працягу турнiру мне ўвесь час рабiлi заўвагi: "Вельмi жорстка працуеш, усе паядынкi заканчваеш накаўтамi". I я пачаў шукаць новы, поўнакантактны вiд спорту. Нехта прынёс артыкул з газеты пра кiкбоксiнг. У той час украiнец Андрэй Чыстоў ужо спрабаваў развiваць кiкбоксiнг у сябе на радзiме. Мы стэлефанавалiся. Я i два мае сябры, Аляксандр Андрыеўскi i Аляксандр Кеда, паехалi ва Украiну, пазнаёмiлiся з правiламi, узялi неабходныя дакументы. А калi вярнулiся дадому, з'явiўся першы беларускi клуб кiкбоксiнга i тайскага бокса "Атлетык". Для гiсторыi запiшыце, што заснавальнiкамi былi я, Аляксандр Андрыеўскi i Аляксей Церанько. Вельмi хутка пра беларускiх байцоў даведаўся ўвесь свет. Назаўтра ў французскiх газетах напiсалi: "У СССР з'явiўся тайскi бокс". Кiкбоксiнг развiваўся як снежны ком. Быццам беларусы доўга гэтага чакалi. Баксёры i каратысты праходзiлi пераквалiфiкацыю i пачыналi выступаць па правiлах кiкбоксiнга. З'явiлiся моцныя трэнеры высокага ўзроўню - Андрэй Грыдзiн, Яўген Кацельнiкаў. Першая гiстарычная дата - гэта 13-14 студзеня 1990 г. У спарткомплексе СКА, што ў мiнскiм мiкрараёне Уручча, адбыўся першы ўсесаюзны турнiр. З'ехалiся байцы з усяго СССР - каратысты розных стыляў, баксёры. Нехта казаў, што ён тайскi баец, нехта - што яго стыль паходзiць з Карэi, з Кiтая. Змагалiся па правiлах амерыканскага кiкбоксiнга. На нагах былi футы (спецыяльная абарона. - "Звязда"), бiлi толькi ў галаву i тулава. Адразу пасля гэтага турнiру адбыўся выбух папулярнасцi кiкбоксiнга, у нас з'явiлася шмат паслядоўнiкаў. У Беларусь, каб вучыцца, прыязджалi з усяго Саюза. I ўжо летам 1990 года ва ўкраiнскiм Ужгарадзе прайшоў першы чэмпiянат СССР. Я перамагаў, але ў вынiку адмовiўся ад выступленняў па аматарскiх правiлах (са шлемам на галаве i абаронай на нагах. - "Звязда") i перайшоў у жорсткi прафесiйны кiкбоксiнг, дзе без анiякай амунiцыi, апроч пальчатак, можна было прабiваць i па нагах супернiка. Так мы ўпершыню выехалi ў Еўропу, паспрабавалi, што такое сапраўдныя прафесiйныя баi. - Няўжо i сярод прафесiяналаў беларусам не было роўных? - У снежнi 1990 года ў Бельгii адбылася гiстарычная матчавая сустрэча "Беларусь супраць Еўропы". Арганiзаваў яе ўраджэнец нашай краiны Iгар Юшко (сёння адзiн з найбуйнейшых прамоўтараў Старога свету. - "Звязда"). Трое нашых суайчыннiкаў прайгралi накаўтамi па назе, а я сустракаўся з чэмпiёнам Еўропы сярод прафесiяналаў. Прайграў па пунктах, але някепска пабiўся. Пасля гэтага каманда акрыяла. - Сур'ёзныя вынiкi з'явiлiся ўжо праз год, як такое магло атрымацца? - У 1991 годзе мы паехалi ў Галандыю, каб выступiць па правiлах тайскага бокса - самага кантактнага ўдарнага адзiнаборства. Спачатку два байцы з нашай каманды прайгралi. Потым выйшаў я i нечакана для галандцаў накаўтаваў сапернiка, гэта быў фурор. Пасля мяне на рынг выходзiлi Арцём Танаян, Дзмiтрый Сцяпанаў i Валерый Карачун, якiя таксама сенсацыйна пабiлi галандскiх прафесiяналаў. Пасля гэтага нас запрасiлi ў Францыю. Два нашы байцы прайгралi, а супраць мяне выпусцiлi мясцовую зорку, пад якую i ладзiлi ўвесь турнiр. Я зноў жа сенсацыйна перамог накаўтам. Гэта быў шок! Назаўтра ў французскiх газетах напiсалi: "У Савецкiм Саюзе з'явiўся тайскi бокс". Першы пояс чэмпiёна свету выйграў з поўным разрывам звязак - У маi 1992 года ў Парыжы адбывалася так званае гала-года, куды запрасiлi ўдзельнiкаў з 15 краiн - самых лепшых байцоў свету на той час. Ад Савецкага Саюза паехалi я i яшчэ адзiн беларус, Дзмiтрый Сцяпанаў. Там жа мы пабачылi прафесiяналаў з Тайланда, пачынальнiкаў тайскага бокса. Тайцы горача хварэлi за нас. Калi я выступаў, iх трэнер эмацыйна нешта падказваў на сваёй мове. I я перамог. - Цi праўда, што з краiн былога СССР менавiта вы сталi першым чэмпiёнам свету сярод прафесiяналаў па кiкбоксiнгу? Гэта здарылася 20 мая 1993 г. ў Iталii. Было цiкава, iтальянец, з якiм я павiнен быў змагацца, быў траўмаваны, а шоу адмяняць было ўжо позна. У вынiку знайшоўся iншы моцны супернiк - расiянiн Сяргей Майфат. У шостым раўндзе я зрабiў яму накаўт па назе. - Кажуць, што ў тым гiстарычным паядынку вы змагалiся з цяжкай траўмай... - Так, да гэтага я атрымаў поўны разрыў звязак на правай назе. Трэба было класцiся на аперацыйны стол. Але наперадзе быў не толькi паядынак за пояс чэмпiёна свету, але i Кубак караля ў Тайландзе. Дзеля гэтага турнiру ўжо набылi авiяквiткi. Я вырашыў паляцець, таму што ў жыццi няма межаў, няма нiчога немагчымага. Давялося хаваць траўму ад урачоў. Я перамог. Пазней, калi змагаўся за пояс чэмпiёна свету, рабiў выгляд, што буду прабiваць траўмаванай нагой, а сам падскокваў на левай i ёй жа бiў... Толькi праз пяць гадоў я звярнуўся па дапамогу ў iнстытут траўматалогii. Прафесар быў шчыра здзiўлены: "З такой траўмай некаторыя людзi не ходзяць. Як ты бегаў, як ты займаўся? Медыцына не можа гэтага патлумачыць". Мне зрабiлi аж тры аперацыi. Задняя крыжападобная звязка ў мяне па-ранейшаму не функцыянуе. Але гэта лепш, чым жыць увогуле без звязак. Зараз я магу нармальна займацца спортам, бегаць i трэнiраваць свайго вучня Аляксандра Усцiнава. - Пасля вас адразу некалькi нашых землякоў праславiлiся на ўвесь байцоўскi свет, хоць на Бацькаўшчыне iх ведаюць слаба. Беларускiя байцы - у сусветных лiдарах. Адкуль гэта рыса ўзялася ў "рахманых" беларусаў? - Зямля наша шматпакутная, была ўвесь час уцягнутая ў працэс баявых дзеянняў. Тут заўсёды праходзiлi войны, i дух ваяроў закладзены ў нашых людзях генетычна. Хто з беларускiх байцоў праславiўся на ўвесь свет? Нельга не ўзгадаць iмёны першых спартсменаў, якiя бiлi еўрапейскiх майстроў. Гэта Дзмiтрый Сцяпанаў, Уладзiмiр Смiрноў, Вадзiм Чамякiн, Арцём Танаян, Юрый Крываручка, Андрэй Дудко. Але наступная генерацыя байцоў - гэта ўжо сапраўды шырокая вядомасць i мiльённыя рэйтынгi тэлепраглядаў. Першым чэмпiёнам свету сярод прафесiяналаў па тайскiм боксе з краiн былога СССР стаў Дзмiтрый Пясецкi (клуб "Чынук"). Здарылася гэта ў 1996 годзе. Адным з першых ён цяжка накаўтаваў i сапраўднага тайскага прафесiянала. Пасля двубоя з маладым беларусам Аляксеем Пякарчыкам (клуб "Кiк-файтэр") вядомы тайскi прафесiянал раптоўна памёр. Аляксей пасля гэтага перастаў баксiраваць, з'ехаў у Аўстралiю i стаў працаваць дызайнерам. Пасля высветлiлася, што тайскi прафесiянал утойваў праблемы з сэрцам. Шматлiкiмi чэмпiёнскiмi паясамi валодае Сяргей Iвановiч ("Чынук"), Васiль Шыш ("Кiк-файтэр"). Суперцяжкавагавiк Аляксей Iгнашоў ("Чынук") увогуле быў адным з самых папулярных тайбаксёраў свету за ўсю гiсторыю. Аляксей працягвае выступаць i сёння. Дзмiтрый Шакута (клуб "СК-55") сёння лiчыцца абсалютным чэмпiёнам свету ў вазе 80 кг. Самым папулярным беларускiм байцом (згодна з тэлевiзiйным рэйтынгам) лiчыцца Забiт Самедаў ("Патрыёт"), а яго аднаклубнiк Вiталь Гуркоў выйграў запар аж 7 чэмпiянатаў свету ў Тайландзе (абсалютны рэкорд у гiсторыi правядзення камандных чэмпiянатаў). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтым месяцы беларускаму кiкбоксiнгу споўнiлася 20 гадоў. |
|