Хроніка Алімпіяды: 13 — 20 лютага. 21.by

Хроніка Алімпіяды: 13 — 20 лютага

20.02.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ужо тыдзень у канадзкім Ванкувэры ідуць ХХІ зімовыя Алімпійскія гульні. Адрозна ад папярэдніх Алімпіядаў, калі беларускім заўзятарам трэба было чакаць ледзьве не канца спаборніцтваў, каб зачапіцца за апошні мэдалёвы шанец традыцыйна моцных фрыстайлістаў, сёлета ўдача «стрэліла» дуплетам біятляністаў.
І калі бронзавы посьпех Дар’і Домрачавай збольшага прагназаваўся, то срэбра Сяргея Новікава стала поўнай нечаканасьцю нават для самых вялікіх аптымістаў.

Чакаць мэдалёвага прарыву беларускім спартовым спэцыялістам і заўзятарам давялося пяць дзён. Да таго часу навіны з алімпійскіх франтоў прыходзілі выключна сумныя.

Дар’я Домрачава
У спрынце — першым біятлённым практыкаваньні — лепшы вынік паказала Дар’я Домрачава, якая замкнула васьмёрку мацнейшых. Роскід іншых вынікаў не даваў падставаў казаць пра агульнакамандную стабільнасьць. У гонках перасьледу да лідэраў наблізіцца не ўдалося: Домрачава страціла 7 пазыцыяў у параўнаньні з спрынтам. Правал спасьціг беларусаў на лыжных гонках, дзе стаўка рабілася на Сяргея Далідовіча. Але ён фінішаваў толькі 35-м. У чацьвёртым дзясятку дабегла да фінішу канькабежка Сьвятлана Радкевіч. Лыжніцы ня здолелі трапіць нават у 1/4 спрынтэрскіх гонак, а хакеісты зборнай Беларусі паказалі няўцямную гульню ў першых сустрэчах: бязвольная параза зь лікам 1:5 ад фінаў і 2:4 — ад швэдаў.

Аднак два мэдалі, пакладзеныя ў агульную скарбонку Новікавым і Домрачавай, адсунулі на задні плян няўдачы ў іншых дысцыплінах. Праўда, многія пасьпяшаліся заявіць пра выпадковасьць дасягненьняў — маўляў, папросту падфарціла з надвор’ем, да якога не прыстасаваліся іншыя. Аднак бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Нагана Аляксей Айдараў лічыць, што нараканьні на нябесную канцылярыю безгрунтоўныя, паколькі ад пачатку ўсе былі пастаўленыя ў роўныя умовы. А вось праява сапраўднага майстэрства — пераўтварыць недахопы ў перавагу над іншымі:

«Ну што значыць надвор’е? Што, Новікаў адзін бег ў такое надвор’е? Іх у такое надвор’е бегла 89 чалавек. Іншая справа, што толькі Сяргей і расеец Мікалай Круглоў здолелі адстраляцца пад нуль — і гэта ўжо праява псыхалягічнай вытрымкі. Таму размовы пра нейкае экстрэмальнае надвор’е прыдуманыя, як мне падаецца, каб хоць неяк апраўдаць няўдалыя выступы. Усе біятляністы, у тым ліку і вялікія майстры, яшчэ ў горшых умовах надвор’я бегалі і дэманстравалі высокія вынікі. І асабіста для мяне нічога асаблівага ў выніках Новікава і Домрачавай няма — людзі старанна рыхтаваліся і дабіліся адпаведных посьпехаў. Алімпійскія гульні паказваюць, што нічога нечакана не здараецца, да ўсяго трэба прыкласьці намаганьні. Але ў любым выпадку гэта вельмі прыемна, з чым я вас таксама віншую».

На афіцыйным сайце Міжнароднай фэдэрацыі біятлёну па гарачых сьлядох зьявілася інтэрвію зь Сяргеем Новікавым, у якім ён падзяліўся ўражаньнямі ад свайго новага статусу. Дарэчы, спартовец паказаў абсалютна аднолькавы час з нарвэжцам Оле Эйнарам Б’ёрндаленам і на подыюме стаяў побач з самім «каралём» біятлёну:

Сяргей Новікаў: «Такога дня ў мяне яшчэ дакладна ніколі не было».

«Перад стартам я настройваўся, сілы былі. На першае ўзвышша ўвогуле заляцеў на нейкім эмацыйным пад’ёме. Пры гэтым разумеў, што ўся гонка вырашыцца ў нейкіх сэкундах; навокал усе крычалі, што я іду побач з найлепшым вынікам. Канечне, думка праскоквала, што іду на той вынік, дзеля якога ўсё жыцьцё стараўся, усё жыцьцё трэніраваўся. Ну і ў канцы ўжо пастараўся выкласьціся на ўсе 100%. Канечне, я вельмі задаволены апынуцца на п’едэстале з такімі гранамі біятлёну як Б’ёрндален. Прызнаюся, такога дня ў мяне яшчэ дакладна ніколі не было і, пэўна, я да канца яшчэ не асэнсоўваю, якое шчасьце на мяне звалілася. Магчыма, я адчуў бы гэта ў большай ступені, каб Алімпіяда заканчвалася — тады, канечне, і радаваўся б, і скакаў. Але цяпер трэба рыхтавацца, настройвацца на астатнія гонкі».

Нагадаем, што спартовыя подзьвігі атлетаў беларуская дзяржава абяцае падтрымаць матэрыяльна. Залаты мэдаль ацэнены ў 100 тысяч даляраў, за срэбны той жа Сяргей Новікаў атрымае ўдвая менш, а бронза Дар’і Домрачавай прынясе ёй 30 тысяч даляраў. Ці варта казаць, што маральная падтрымка заўзятараў увогуле бясцэнная.

Адчуўшы алімпійскі апэтыт, цяпер аматары спорту не беспадстаўна разьлічваюць на рэкорд, які атлетам не ўдаецца скарыць ад пачатку выступаў самастойнай камандай у 1994 годзе ў нарвэскім Лілехамэры — яшчэ ніводнага разу не ўдалося здабыць на зімовых Гульнях больш за два мэдалі. Пры тым, што фрыстайлісты, якія спраўна адзначаліся на трох папярэдніх Алімпіядах, на старты выйдуць толькі на наступным тыдні, такія чаканьні цалкам лягічныя. Дый лыжнікі-стралкі свайго апошняга слова таксама яшчэ не сказалі.

Натуральна, што за Алімпійскімі гульнямі ў Ванкувэры ўважліва сочаць ня толькі спартовыя адмыслоўцы, але і людзі, якіх больш звыкла бачыць ў іншай іпастасі. Цягам тыдня мы давалі некаторым зь іх магчымасьць выказаць сваё стаўленьне да гэтай глябальнай падзеі ў рубрыцы «Толькі мая Алімпіяда». Старшыня праўленьня няўрадавага Фонду імя Льва Сапегі, заўзятар са стажам Міраслаў Кобаса, насуперак пэсымізму многіх, у наклад сьпісваць землячкоў не сьпяшаўся адпачатку. І лічыць, што заваяваць яшчэ некалькі мэдалёў беларусам цалкам па сілах:

«Маё стаўленьне да Алімпіяды надзвычай станоўчае, я сам калісьці актыўна займаўся спортам — футболам, боксам. На жаль, пакуль што ў некаторых дысцыплінах, якія ўжо прайшлі, мы ня самыя моцныя, ня маем перадавых пазыцый. Як у мяне дык пэўныя чаканьні былі ад лыжных гонак: лічу, што можна было выступіць куды лепш, але месцы ў чацьвёртым дзясятку і далей — трошкі ня тое. Разам з тым, наперадзе яшчэ нямала розных відаў. Фрыстайл, безумоўна, у хакеі яшчэ нічога ня страчана, чакаем большых дасягненьняў. Я ўсё ж спадзяюся, што нашы прывязуць яшчэ некалькі мэдалёў да ўжо атрыманых. Калі, зноў жа, надвор’е ўсё не заблытае».

Карэспандэнт: «Лічыце, што ў гэтым сэнсе Алімпіяда экстрэмальная?»

«З надвор’ем увогуле нешта дзіўнае адбываецца. Тут у нас халады, а там — адліга. Хоць не самая паўднёвая кропка, дый увогуле Канада ўспрымаецца як краіна з досыць суровым кліматам. Але вось як ўсё перавярнулася — ну, не пашэнціла мусіць. Што ж зробіш? Нябеснай канцылярыі нічога не загадаеш. Я паглядзеў некаторыя лыжныя гонкі, дык адчувальна, што якасьць сьнегу істотна ўплывае на вынікі. Камэнтатары таксама адзначаюць, што асабліва дрэнна тым, хто стартуе ў ліку апошніх. Але тут папросту элемэнт нешанцаваньня, бо ніяк не адмовіш гаспадарам у жаданьні зрабіць усё як мага лепш. Але ёсьць рэчы, якія чалавеку выправіць яшчэ не дадзена».

Сёньня ў алімпійскім Ванкувэры пачынаюцца кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў жаночым фрыстайле. Таксама на старт выйдуць лыжнікі. У нядзелю яшчэ раз выпрабуюць лёс біятляністы. Тым часам канчаткова стануць зразумелыя і амбіцыі беларускіх хакеістаў, якім, дзеля справядлівасьці, па такой гульні наўрад ці ўдасца паўтарыць дасягненьне 8-гадовай даўнасьці ў Солт-Лэйк Сыці, дзе алімпійская каманда заняла 4 месца.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо тыдзень у канадзкім Ванкувэры ідуць ХХІ зімовыя Алімпійскія гульні. Адрозна ад папярэдніх Алімпіядаў, калі беларускім заўзятарам трэба было чакаць ледзьве не канца спаборніцтваў, каб зачапіцца за апошні мэдалёвы шанец традыцыйна моцных фрыстайлістаў, сёлета ўдача
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика