Расійскі характар: гуляць дык гуляць
14.05.2010
—
Новости Спорта
|
Спецыяльны карэспандэнт перадае з Германіі Матч зборных Беларусі і Расіі, які завяршыўся ўчора ўвечары на лядовай пляцоўцы Кёльна, стаў чарговай вяхой у супрацьстаянні дзвюх славянскіх каманд. Нягледзячы на тое, што ён не ўплываў на выхад у кваліфікацыйны раўнд ЧС-2010, з пункта гледжання турнірнай сітуацыі ён меў стратэгічнае значэнне. Перамога беларусаў у асноўны час фактычна гарантавала ім першае месца ў групе і запаветныя заліковыя ачкі, з якімі наша каманда будзе выступаць далей. Паражэнне ў асноўны час пакідала дружыну Эдуарда Занкаўца з чыстым нулём, бо за перамогу над казахамі ў выпадку іх пройгрышу славакам бонусныя балы не налічваліся. Зрэшты, казахстанская зборная, якая стала раздражняльнікам для зборнай Беларусі ў стартавым матчы, для каманды Расіі выступіла не толькі ў якасці трэніровачнага спарынг-партнёра, але і стала падставай загуляць. Учора ў кулуарах прэс-цэнтра Lanxess Arena—Cologne бурна абмяркоўваўся паход Аляксандра Авечкіна і кампаніі ў адзін з рэстаранаў старога горада Кёльна. Мэта выхаду "ў людзі" была больш чым банальная — адзначыць першы гол форварда зборнай і "Вашынгтон кэпіталз" Аляксандра Сёміна. Крыніца інфармацыі, якая зараз гуляе па інтэрнэце, выклала фотаздымкі, дзе "імяніннік" зацягваецца цыгарэтай і пускае дым у вочы. Ці ўжывалі зоркі НХЛ алкаголь — невядома. Праўда, ціхі паход у горад цёплай кампаніяй не стаў перашкодай для выхаду на ранішнюю трэніроўку-раскатку амаль у поўным складзе. Пры гэтым чарговы дзень для расіян адзначыўся чарговым россыпам хакейных зорак. Учора ў стартавы склад быў заяўлены форвард "Дэтройта" Павел Дацюк, а таксама, але ўжо на другі этап турніру, нападаючыя "Пітсбурга" Яўген Малкін і Сяргей Ганчар. Пройгрыш "пінгвінаў" заклятаму суперніку па Кубку Стэнлі "Манрэаль канадзіенс" з агульным лікам 3:4 азначаў для беларускай зборнай толькі тое, што разлічваць на дапамогу братоў Андрэя і Сяргея Касціцыных не прыйдзецца. Яны ў складзе сваёй каманды будуць працягваць барацьбу за ганаровы трафей далей, а з кандыдатамі на два вакантныя месцы Эдуард Занкавец пакуль яшчэ не вызначыўся. Між тым беларуская каманда ўчора праводзіла трэніроўку мінімальнымі сіламі. На лёд выйшлі толькі варатары Віталь Коваль і Сяргей Шабанаў, а таксама Міхаіл Сцефановіч, Кірыл Гатавец і Уладзімір Дзянісаў. Астатнія адпачывалі. Без уліку ўчарашняга матча статыстыка матчаў Беларусь — Расія ў рамках чэмпіянатаў свету была на баку расіян. Адметна, што першымі перамогу атрымалі беларусы з мінімальным лікам 1:0. Прычым адбылося гэта на чэмпіянаце свету-2001 у Санкт-Пецярбургу. А вось потым пайшлі рэваншы расійскай зборнай: на ЧС-2005 у Вене — 2:0, на ЧС-2006 у Рызе — 3:2, на ЧС-2008 у Квебеку — 4:3 (у овертайме), на ЧС-2009 у Берне — 4:3. Арганізатары хакейнага турніру ўчора былі ў чаканні вялікага наплыву расійскіх балельшчыкаў, якія традыцыйна вызначаюцца вялікай шчодрасцю пры пакупцы сувеніраў і пеністага нямецкага піва. Паціралі рукі перад пачаткам учарашняга паядынку і перакупшчыкі білетаў на хакей. Найбольшы "навар" яны змаглі атрымаць з нядаўняга матча Данія — Германія, калі трыбуны былі запоўненыя пад завязку — амаль 19 тысяч чалавек. Пытанне наконт лішняга білеціка было даволі актуальным і ў паядынку ЗША — Фінляндыя. Амерыканцы на пляцоўцы былі ў меншасці ужо з-за таго, што і ў наваколлі спартыўнай арэны, і ўнутры не бачна ніводнага зорна-паласатага сцяга. Мабыць таму зборная ЗША і прайграла скандынавам 2:3, і цяпер сярэбраным прызёрам алімпійскіх гульняў у Ванкуверы прыйдзецца адстойваць права застацца ў групе мацнейшым разам у суцяшальных матчах. У адрозненне ад амерыканцаў, беларускі дэсант фанаў з кожным днём становіцца ўсё больш прадстаўнічым. Незалежна ад выніку ўчарашняга матча нашымі супернікамі ў кваліфікацыйнай групе сталі зборныя Фінляндыі, Германіі і Даніі. Адзін стары знаёмы, які два гады таму змог нават прыляцець у Квебек, каб падтрымаць каманду, сказаў, што беларусаў не пужаюць ні еўрапейскія цэны, ні прахалоднае нямецкае надвор'е. Галоўнае, каб у душы быў добры настрой. А гэта ўжо залежыць і ад гарачай падтрымкі балельшчыкаў, і ад адпаведнай гульні хакеістаў. Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт перадае з Германіі Матч зборных Беларусі і Расіі, які завяршыўся ўчора ўвечары на лядовай пляцоўцы Кёльна, стаў чарговай вяхой у...
|
|