Джорджыа Петрасян, найлепшы баец-ударнік свету: "Гэты беларус аказаўся фантастычным супернікам!"
06.10.2010
—
Новости Спорта
|
У фінальных спаборніцтвах K-1 дзейны чэмпіён свету не змог накаўтаваць беларускага дэбютанта. Хоць за відавочную перамогу італьянскага накаўцёра напярэдадні двубоя прагаласавала 96 % рэспандэнтаў. У нядзелю, 3 кастрычніка карэйскі Сеул прымаў так званае фінальнае Гран-пры К-1 (самыя папулярныя ўдарныя адзінаборствы на планеце пасля прафесійнага бокса). У лік 16 найлепшых сярэдневагавікоў свету (кікбаксёраў, каратыстаў, таэквандыстаў, тайбаксёраў і гэтак далей) увайшоў і беларус Віталь Гуркоў (70 кг). Гэта быў першы выступ нашага байца на такім высокім узроўні: перад шматмільённай тэлеаўдыторыяй, у такой зорнай кампаніі. Нягледзячы на гэта, беларуса адразу ж паставілі з чэмпіёнам свету па К-1 італьянцам Джорджыа Петрасянам. Трэба сказаць, што апошнія чатыры гады Джорджыа ўвогуле не прайграе. А год таму гэты чалавек лёгка перамог усю эліту К-1: легендарных Альберта Краўса, Эндзі Саўэра. І вось "на з'ядзенне" італьянцу кінулі нашага хлопца. "Як думаеце, калі Джорджыа яго накаўтуе: у сярэдзіне першага раўнда ці на першых секундах?" — кпілі фанаты К-1 на байцоўскіх форумах. Але двубой для многіх стаў нечаканасцю. Гуркоў не зламаўся маральна і выйшаў біцца, як у апошні раз — даў чэмпіёну нечаканы адлуп. У другім раўндзе італьянец змог некалькі разоў моцна трапіць па Віталю з рук, здавалася, можа здарыцца накдаўн, але беларус трымаўся і кідаўся ў атаку. Джорджыа таксама даставалася — ён прапусціў некалькі моцных удараў нагой па печані. Гуркоў, нейтралізуючы "смяротныя" атакі чэмпіёна, хапаў таго за шыю, пачынаў дужацца. І за гэта быў некалькі разоў папярэджаны і нават пакараны жоўтай карткай. Цягам трэцяга раўнда Джорджыа Петрасян так і не змог зламаць байцоўскі дух беларуса. Двубой праходзіў вязка, няўклюдна, чэмпіёну прыйшлося складана, увесь свой патэнцыял паказаць ён не змог, хоць і перамог па ачках. На пасляматчавую прэс-канферэнцыю беларус прыйшоў з моцна падбітым правым вокам. Карэйскія і японскія спартыўныя журналісты павіншавалі Віталя Гуркова з "цудоўным дэбютам". На іх здзіўленне, беларус адмовіўся ад перакладчыцы і адказваў на пытанні па-англійску. Гэта выклікала да нашага байца яшчэ большую прыязнасць. — Мы разумеем, што правілы К-1 для вас нязручныя. Але ці пагодзіцеся вы і далей выступаць у гэтых спаборніцтвах? — спыталіся журналісты. — Безумоўна, пагаджуся. Гэта самыя прэстыжныя спаборніцтвы, тут — уся байцоўская эліта. Я люблю біць локцем і дужацца, але за гэта ў К-1 даюць папярэджанні. Паспрабую падкарэктаваць стыль сваёй работы. Джорджыа Петрасян прыйшоў да журналістаў таксама "размаляваным": гематомы пад вачыма і на лбе. — Фанаты чакалі накаўту, чаму гэтага не здарылася? — Ён (Віталь Гуркоў. — "Звязда") аказаўся фантастычным байцом, не чакаў, што двубой працягнецца да канца, — адказаў чэмпіён. Пра тое, што наш хлопец — "вельмі моцны баец", Джорджыа Петрасян паўтарыў падчас прэс-канферэнцыі некалькі разоў. Журналісты зрабілі выснову, што Віталь Гуркоў мае ўсе шанцы, каб стаць зоркай К-1. Нягледзячы на паразу, ён будзе запрошаны на рэйтынгавы двубой у адным з фінальных шоу гэтага года. Канчаткова чэмпіён К-1 MАХ 2010 года вызначыцца ў снежні. Р.S.Як стала вядома "Звяздзе", днямі да Віталя Гуркова звярнуліся прамоўтары з Тайланда і прапанавалі двубой з Печманконгам — чэмпіёнам гэтай краіны. Вядома, што Печманконг займаецца тайскім боксам з 4-гадовага ўзросту, правёў больш як 150 прафесійных двубояў, стаў чэмпіёнам стадыёнаў "Лімпіні" і "Раджадамнэн" (вяршыня кар'еры ў тайскім боксе). Сапраўдная машына для забойстваў. Беларус прыняў выклік і ў хуткім часе пачне падрыхтоўку да двубою. Яўген ВАЛОШЫН. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У фінальных спаборніцтвах K-1 дзейны чэмпіён свету не змог накаўтаваць беларускага дэбютанта. Хоць за відавочную перамогу італьянскага накаўцёра напярэдадні...
|
|