"Шэрыф" атакаваў, дамінаваў, але выйграць не здолеў
23.10.2010
—
Новости Спорта
|
Барысаўскі клуб БАТЭ атрымаў чарговую перамогу ў групавым раўндзе Лігі Еўропы і працягвае ўзначальваць турнірную табліцу. Увечары 21 кастрычніка каманду Віктара Ганчарэнкі праэкзаменаваў малдаўскі "Шэрыф", каманда, якая, дарэчы, у папярэднім туры адолела кіеўскае "Дынама" (2:0). З таго тура ў групе Е ўсё канчаткова заблыталася — хто фаварыт, хто аўтсайдар? І як цяпер ставіцца да "Шэрыфа"? На каманду з Тыраспаля, сталіцы непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі, Віктар Ганчарэнка настройваў падапечных і балельшчыкаў больш чым сур'ёзна: "Нашымі ключавымі, а значыць галоўнымі, стануць два спараныя паядынкі з "Шэрыфам", — незадоўга да матча казаў Віктар Ганчарэнка. — Ні пра якую недаацэнку суперніка размовы ісці не можа". На поле тыраспальскага стадыёна, адзінага, дарэчы, у Малдове прыдатнага для міжнародных матчаў такога ўзроўню, выйшаў склад, які перамог два тыдні таму галандскі АЗ. Склад суперніка — пашырана інтэрнацыянальны: па два прадстаўнікі Буркіна-Фасо і Сербіі, грузін, балгарын, басніец, сенегалец, расіянін і латыш. Беларусы не дазволілі ўпэўніцца, што аднесліся да суперніка сур'ёзна: ужо на чацвёртай хвіліне каля нашых варот узнік досыць непрыемны момант. Д'еду меў выдатную магчымасць вызначыцца — праўда, ударыў вышэй варот. Якая ў барысаўчан абарона, убачылі і гледачы, і супернік. Праўда, праз чатыры хвіліны абаронца Сяргей Сасноўскі хоць ускосна, але рэабілітаваў гэтую лінію. Пасля падачы вуглавога Рэнанам Брэсанам ён быў першым, хто дацягнуўся да мяча і пераправіў яго ў вароты — 1:0. З гэтага часу ініцыятыва канчаткова перайшла да гаспадароў. Але футбалісты малдаўскага клуба даказалі, што дрэнная рэалізацыя — бяда не толькі беларускага футбола. Момантаў у падапечных Андрэя Сасніцкага хапала — асабліва ў канцоўцы матча, калі ўся каманда арганізавала атаку на вароты БАТЭ. Мяч трапляў у штангі і перакладзіны і, дарэчы, двойчы пабываў-такі ў варотах Сяргея Верамко, але ні разу так і не быў залічаным. Спачатку Юрэвіч зацягнуў з розыгрышам штрафнога, і нецярплівы Д'еду мяч адабраў і накіраваў у контратаку Баліму, але рэферы прызначыў перабіць штрафны. Праз шэсць хвілін ва ўзяцці варот партугальскі суддзя разгледзеў напад на варатара. Праўда, за гульню рукой паўабаронцу тыраспальцаў арбітр не пакараў... Барысаўчане дацярпелі і ў канцоўцы адбіліся. — Галоўную задачу мы вырашылі — дадому вяртаемся з перамогай, — так падсумаваў вынікі матчу Віктар Ганчарэнка. — Вынікам вельмі задаволеныя. Мы атрымалі перамогу ў складанай і напружанай барацьбе. Забіўшы хуткі гол, мы прымусілі "Шэрыф" ісці наперад вялікімі сіламі. Але нам самім не хапала хуткага пераходу з абароны ў атаку. Перад матчам у адказ трэба падумаць, як выправіць недахопы ў абароне. І наладзіць хуткі пераход з абароны ў атаку. А вось галкіпер малдаван Уладзіслаў Стаянаў лічыць, што перамогу павінна была святкаваць яго каманда: — Мы гулялі лепш за БАТЭ, стваралі добрыя моманты. Іншая справа, што не здолелі іх рэалізаваць, самі ўпусцілі свой шанц. Безумоўна, вельмі расчараваныя ад паражэння. Нам трэба вучыцца забіваць, — наракаў на сваю каманду Стаянаў. У другім матчы гадандскі АЗ прымаў кіеўскае "Дынама" і саступіў — 1:2. Становішча ў групе: БАТЭ — 7 ачкоў "Дынама" — 4 ачкі "Шэрыф" — 3 ачкі АЗ — 3 ачкі. Наступны матч барысаўскі клуб правядзе на сталічным стадыёне "Дынама" зноў супраць малдаўскага "Шэрыфа". Гульня адбудзецца 4 лістапада ў 20 гадзін. Білеты на гэты матч пачалі прадавацца ўчора ў касах стадыёна "Дынама", офісе "АБФФ—Падарожжа" і касах барысаўскага гарадскога стадыёна. Іх кошт — 10, 20 і 30 тысяч рублёў. Тым часам Барысаўскія балельшчыкі вызначыліся тым, што ўчынілі беспарадкі на стадыёне ў Тыраспалі. Пасля таго, як Сяргей Сасноўскі забіў гол, фанаты запалілі на сектары флаеры. Іх давялося тушыць пажарным, якія знаходзіліся на стадыёне. Стычкі заўзятараў з праваахоўнікамі адбываліся на працягу ўсяго матча. Паведамляецца, што некалькі чалавек было затрымана. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Барысаўскі клуб БАТЭ атрымаў чарговую перамогу ў групавым раўндзе Лігі Еўропы і працягвае ўзначальваць турнірную табліцу. Увечары 21 кастрычніка каманду Віктара... |
|