Бернд Штанге: "Наконт Карніленкі я застаюся пры сваім меркаванні". 21.by

Бернд Штанге: "Наконт Карніленкі я застаюся пры сваім меркаванні"

04.02.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кантракт з "Блэкпулам" трэнер назваў сенсацыяй, але ад папярэдніх крытычных ацэнак футбаліста не адмовіўся

— Месяц я правёў у адпачынку, тры тыдні — у Катары на Кубку Азіі, а зараз нас чакае гульня ў Антальі, — пахваліўся ўчора перад журналістамі Бернд Штанге. Беларускі футбол пачынае выходзіць з адпачынку, і матч у Турцыі супраць зборнай Казахстана 9 лютага — першы ў новым сезоне, у якім нас і нашу зборную чакае працяг адборачнага шляху на Еўра-2012. Нагадаем, што ў групе Е Беларусь займае пакуль 2-е месца, на адно ачко адстаючы ад каманды Францыі.

Мы спецыяльна абралі ў супернікі Казахстан. Па-першае, кіраваліся эканамічнымі падыходамі. Па-другое, гульцы толькі рыхтуюцца да новага сезону, і ў Антальі мы згуляем тэставы матч. Згодна з рэгламентам ФІФА ў нас будзе 48 гадзін — гэта мінімальны час, які мы пастараемся выкарыстаць аптымальна. Наша задача — зрабіць моцную каманду на сёлетні сезон. Мы хочам выйграць у Албаніі, а пасля нас чакаюць тры хатнія гульні. На гэтым этапе і вырашыцца, наколькі мы цудоўныя. Я чуў шмат крытыкі наконт выбару цяперашняга суперніка. Маўляў, чаму нельга было згуляць з Аргенцінай, Бразіліяй, Англіяй? Але 9 лютага — няўдалы час для гульні з моцным супернікам. Ды ў гэты час і складана адхапіць моцнага праціўніка. Мы доўга кантактавалі са зборнай Расіі, але яны ўрэшце адмовіліся, выбраўшы больш слабую каманду, — растлумачыў Бернд Штанге свой выбар.

Задачы на гэты матч таксама простыя. Першая — дасягнуць станоўчага выніку.

— Любяць журналісты і балельшчыкі галоўнага трэнера ці не, але галоўным лічыцца вынік. Другая наша задача — стварыць, палепшыць каманду. І для гэтага мы выкарыстаем кожную хвіліну з 48 гадзін, якія ў нас будуць.

Бернд Штанге пацвердзіў, што праблем у гульцоў, а адпаведна і ў трэнера, хапае:

У Кульчыя, які год таму быў гульцом года ў Беларусі, сёння няма клуба. І цяпер узнікае пытанне, у якой ён форме? З Кутузавым тое самае: у якой ён форме, што ў яго з клубам? У якой форме Юрый Жаўноў, найважнейшы для нас гулец? Хто заменіць Калачова, які не можа гуляць з-за перабору картак? Калі вернецца ў каманду Сяргей Карніленка? — на гэтыя пытанні і сам галоўны трэнер пакуль не ведае адказаў. Будзем спадзявацца, што збор у Турцыі ўнясе хоць якую-небудзь яснасць.

Пытанне Сяргея Карніленкі надзвычай цікавіла журналістаў. Як вядома, днямі нападаючы падпісаў кантракт з клубам англійскай прэм'ер-лігі "Блэкпул". Падзея зусім не радавая для нашага футбола, дзе і кантракт з расійскай прэм'ер-лігай лічыцца поспехам. У той жа час яшчэ пару месяцаў таму Сяргей Карніленка быў няшчадна крытыкаваны Берндам Штанге. "Назавіце мне за апошнія 15 месяцаў хоць адзін матч, які цудоўна правёў Карніленка?" Магчыма, крытыка была несправядлівай, спыталі ў Штанге.

— Найперш я крытыкаваў яго за чырвоную картку. Калі гулец атрымлівае чырвоную картку ў гульні з Люксембургам, яго трэба крытыкаваць. Цяпер ён вымушаны тры матчы адсутнічаць. Тое, што ён атрымаў у Англіі кантракт, — гэта сенсацыя. Там увогуле 5 ці 6 выхадцаў з постсавецкай прасторы. Гэта самая цікавая ліга. Калі яму ўдасца там замацавацца, гэта будзе выдатна. Я ўчора з ім размаўляў і сказаў, чаго чакаю ад яго, даў некалькі рэкамендацый наконт прэм'ер-лігі. У нас усё з Карніленкам чыста і адкрыта, ніякай праблемы няма.

І калі трэнер "Блэкпула" лічыць, што Карніленка — супергулец, я рады, што ён атрымаў такі кантракт. Я спытаў у Сяргея, чаму ён не гуляў у "Рубіне". Там занадта шмат легіянераў. Але іншыя легіянеры застаюцца, а Карніленка чамусьці выпадае. Я застаюся пры сваім меркаванні наконт Сяргея. Яму 28 гадоў, самы футбольны ўзрост. Калі можа штосьці паказаць, няхай пакажа. У нас з нападаючымі ў камандзе складана. Ёсць Радзівонаў, а дзе астатнія? Я шчаслівы, што ў Карніленкі ёсць гэты кантракт, я да яго не маю ніякага дачынення, я яго туды не пасылаў. І я лічу, што меў права крытыкаваць яго, — рэзюмаваў Штанге. 

Ці ўдасца замацавацца ў "Блэкпуле" Сяргею Карніленку, дзе і без яго з дзясятак нападаючых, — пытанне, на якое адкажа час. А вось у іншага нашага прадстаўніка ў англійскай прэм'ер-лізе, Аляксандра Глеба, справы пакуль не вельмі. У апошнім матчы свайго клуба на поле ён не выходзіў. Бернд Штанге пракаментаваў сітуацыю:

— Я з калегам наведваў "Бірмінгем", размаўляў з Глебам, з трэнерам Маклішам. Трэнер сказаў, што Глеб не ў добрай фізічнай форме. І Аляксандр сам гэта пацвердзіў. Ён папрасіў не браць яго ў Аман, хацеў больш патрэніравацца там. Ён сапраўды мала гуляе. Я дагэтуль веру, што ён можа нам дапамагчы. Але калі будзе ў добрай форме. Я бачыў гульні "Бірмінгема" — яны іншыя, чым у "Барселоны" ці "Арсенала". Каманда выкарыстоўвае доўгія, высокія перадачы. Там гульцы з ростам 1,98 ці 2,03. А Глеб стаіць у цэнтры поля і хоча атрымаць мяч... Але я спадзяюся, што ён прыедзе ў стан зборнай у добрым настроі.

Расказаў Бернд Штанге і пра перспектывы астатніх гульцоў у зборнай на гэты сезон, узгадаўшы таксама Філіпа Рудзіка, цяперашняга гульца БАТЭ, за якога яго калісьці крытыкавалі:

— Віталь Булыга — прыемны, старанны футбаліст. Хоць апошнім часам ён знік у першай расійскай лізе з нашага поля зроку. Ён не надта добра выглядаў у БАТЭ, але зараз ёсць сігналы, што ён добра гуляе. У яго вялікае сэрца, як і ў Карніленкі, яны жывуць для Беларусі. Карніленка адмовіўся ад расійскага пашпарта, і гэта запала мне ў сэрца. У нас 25-26 кандыдатаў у каманду на гэты год. У нас з'явіцца Жаўнерчык, Бычанок. Пару гадоў таму, калі я выклікаў у зборную Рудзіка, мяне крытыкавалі і пыталі, адкуль гэты Рудзік. А ўчора Віктар Ганчарэнка мне сказаў, што Філіп надзвычай добра гуляе ў футбол. Так што нашы дзверы ў зборную адчыненыя, важна толькі, каб захоўваўся дух і дысцыпліна.

І напрыканцы Бернд Штанге расказаў пра прыемнае — тры тыдні ён правёў на Кубку Азіі ў Катары і нават каментаваў матчы для аднаго з каналаў:

— Я ўпершыню быў вашым калегам. Гэта выдатна — я 90 хвілін гаварыў пра футбол, расказваў што добра, што дрэнна, каго б я замяніў і чаму гэтага не робіць трэнер. Ведаеце, наша каманда была б у фінале.Там толькі 2-3 нядрэнныя зборныя — Карэйская рэспубліка, Японія і Аўстралія. Ну, магчыма, Іран і Ірак. Усе астатнія так сабе. Дзіўна, што столькі грошай і такі слабы футбол...

Алена АЎЧЫННІКАВА. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кантракт з "Блэкпулам" трэнер назваў сенсацыяй, але ад папярэдніх крытычных ацэнак футбаліста не адмовіўся — Месяц я правёў у адпачынку, тры тыдні — у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика