Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па футзале Сяргей Сафонаў: "Усе хатнія міжнародныя турніры мы абавязаны выйграваць". 21.by

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па футзале Сяргей Сафонаў: "Усе хатнія міжнародныя турніры мы абавязаны выйграваць"

23.09.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У маі наступнага года Беларусь прыме чэмпіянат Еўропы

Налета ў Беларусь пройдзе чэмпіянат Еўропы па футзале. Як рыхтуецца беларуская федэрацыя футзала да гэтага міжнароднага турніру і як удалося нам яго атрымаць, а таксама на што можа разлічваць наша зборная і чаму менавіта Беларусь апошнім часам разглядаецца як плацдарм развіцця ўсяго еўрапейскага футзала, мы гутарым з першым намеснікам беларускай федэрацыі, галоўным трэнерам нацыянальных каманд Сяргеем Сафонавым.

— Вось ужо амаль год Сяргей Буйноўскі, кіраўнік Дэпартамента аховы МУС, узначальвае федэрацыю футзала, якая праз год адзначыць дваццацігоддзе. За гэтыя амаль дваццаць гадоў мы дасягнулі вялікіх вынікаў — спартыўных і арганізацыйных. А ў апошні год змаглі рэалізаваць шэраг задумак, якія раней ажыццявіць не ўдавалася. Акрамя таго, што правялі чэмпіянат і кубак краіны, нам удалося арганізаваць і некалькі міжнародных турніраў, у межах якіх мы прымалі і кіраўніцтва еўрапейскага саюза футзала на чале з прэзідэнтам Валерыем Ахумянам — у студзені, напярэдадні чэмпіянату свету ў Калумбіі ў нас праходзіў еўрапейскі кангрэс. Дарэчы, у мінулыя выхадныя прэзідэнт еўрапейскага саюза таксама знаходзіўся ў Беларусі, на Кубку Еўропы "50+".

З прыходам новага кіраўніка федэрацыі Беларусь разглядаецца еўрапейкім саюзам футзала як асноўны плацдарм развіцця гэтага віду спорту ў Еўропе. У нас ёсць вопыт правядзення вялікіх міжнародных спаборніцтваў — чэмпіянат Еўропы-2004, Кубак УЕФС у 2006-м, Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў, у студзені гэтага года мы правялі Кубак "Белая Русь". Акрамя таго, пачынаючы з гэтага года мы будзем праводзіць адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па футзале з удзелам лепшых каманд Расіі. Сёлета на ўдзел у ім падалі заяўкі тры расійскія клубы: чэмпіён Расіі-2010, яраслаўскі "Падводнік", маскоўскія "Спартак" і "Пятроўскі замак". першыя два калектывы — наймацнейшыя каманды Еўропы, уладальнікі кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў двух апошніх розыгрышаў.

— Як вы лічыце, што прыцягвае іх ў Беларусь?

— Мяркую, найперш — наша прадуманая да дробязяў арганізацыя, узровень правядзення, у тым ліку ўзровень гульні нашых каманд, сур'ёзная спартыўная база (мы выкарыстоўваем самыя лепшыя спартыўныя збудаванні — брэсцкую "Вікторыю", магілёўскі "Алімпіец", Гомельскі палац гульнявых відаў спорту, сталічны комплекс "Дынама"). Цікавасць да нашых турніраў праяўляюць і прыбалты, і ўкраінцы. Гэты сезон стартуе ў канцы кастрычніка — у Гомелі пройдзе першы тур Адкрытага чэмпіянату, а з лістапада-снежня пачнецца Кубак Беларусі. Магчыма, з часам мы замахнёмся на правядзенне ўсходнееўрапейскай лігі футзала з прыцягненнем заходніх каманд — з Чэхіі, Славакіі, Польшчы.

Акрамя таго, з прыходам у федэрацыю Сяргея Буйноўскага мы змаглі рэалізаваць праект Універсіяды сумесна з міністэрствам адукацыі, якія праводзіць Цэнтр моладзі і студэнтаў. Летась у ім удзельнічала 26 мужчынскіх каманд з 26-ці ВНУ. Сёлета ўжо заявілася 32 каманды, плюс — жаночыя спаборніцтвы з удзелам 8-10 каманд.

— У Беларусі футзал яшчэ непрафесійны від спорту. Хто ім займаецца?

— Пакуль футзал можна назваць паўпрафесійным. Выдаткі на спаборніцтвы не вельмі значныя, і гэта дазваляе гуляць самым розным структурам, у тым ліку не самым багатым. Гэта і ВНУ (у чэмпіянаце выступаў і Віцебскі дзяржаўны педінстытут, і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт), прадпрыемствы ("Белкамунмаш", "Гомельскі вагонарамонтны завод", "Гарадзейскі цукровы завод"), а таксама каманды Дэпартамента аховы і Дзяржаўнага мытнага камітэта. Ёсць каманды, якія прадстаўляюць камерцыйныя структуры. Удзел самых розных каманд магчымы таму, што футзал — дэмакратычны від спорту.

— Як фарміруецца нацыянальная зборная?

— З лепшых гульцоў клубаў, як і ва ўсіх гульнявых відах спорту. Я рыхтую нацыянальную зборную з 1993-га. У 2004-м яна стала чэмпіёнам Еўропы, шмат разоў была прызёрам. Апошні раз яна станавілася бронзавым прызёрам у 2008-м у Бельгіі. Летась на еўрапейскім першынстве мы занялі чацвёртае месца, прайграўшы ў серыі пасляматчавых пенальці чэхам.

— Зборная на 30 адсоткаў складаецца з гульцоў каманды Дэпартамента аховы МУС Беларусі...

— Гэта сапраўды так. У зборнай 12-14 гульцоў, і адна чацвёрка — гульцы каманды Дэпартамента аховы. Сёлета на чэмпіянаце свету ў Калумбіі ў камандзе была чацвёрка з гульцоў названай каманды, а таксама адзін з варатароў.

— Як заахвочваюцца гульцы нацыянальнай зборнай?

— Гэтае пытанне хвалюе не толькі прэсу, але і саміх гульцоў. Нядаўна мы распрацавалі палажэнне, згодна з якім зможам заахвочваць гульцоў нацыянальнай каманды ў выніку паспяховага выступлення.

— Чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы лічыцца паспяховым?

— Не. Бо стаяла задача быць на п'едэстале. А вось калі мы сёлета сталі пятай камандай на чэмпіянаце свету ў Калумбіі, гэта быў сур'ёзны вынік. Наперад мы прапусцілі толькі былых чэмпіёнаў свету і Еўропы. Усе першыя тры месцы занялі лацінаамерыканцы, якія гуляюць у футзал, толькі паспеўшы нарадзіцца. Расія стала чацвёртай, мы — пятымі. Турнір праходзіў у складаных умовах: высакагор'е, нам не хапала кіслароду, не паспелі прайсці акліматызацыю. Гуляць было складана. Але мы прайгралі толькі два матчы — калумбійцам, якія сталі чэмпіёнамі свету, і парагвайцам, якія былі на той момант чэмпіёнамі. І тое толькі з-за агіднага судзейства.

— У чым сакрэт поспеху нашай зборнай і беларускага футзала?

— У нас вялікі вопыт развіцця гэтага віду спорту, выступленняў на міжнароднай арэне. Акрамя таго, развіццё футзала падтрымліваюць многія дзяржаўныя структуры, напрыклад, кіраўніцтва міністэрстваў юстыцыі, адукацыі, МУС, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Нацыянальны алімпійскі камітэт, МЗС і, безумоўна, міністэрства спорту і яго абласныя ўпраўленні, а таксама кіраўніцтва рэгіёнаў. У нас і сапраўды шмат адметных клубных вынікаў, а не толькі поспехі нацыянальнай каманды. Каманда Дэпартамента аховы двойчы запар станавілася прызёрам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў і Кубка УЕФС. Гэта адна з самых вопытных каманд.

— Сакрэт яе поспеху, напэўна, і ў асаблівай дысцыплінаванасці гульцоў...

— Адназначна, гэта яе "канёк". Парадак, дысцыпліна, як правіла, б'е клас.

— Зусім нядаўна Беларусь прымала Кубак Еўропы "50+". Што ўяўляе гэты турнір?

— Гэта новыя спаборніцтвы, якія еўрапейскі саюз футзала праводзіць у другі раз. Летась ён праходзіў у Расіі, наша каманда не вельмі добра выступіла, заняла пятае месца. Сёлета еўрапейскі саюз прапанаваў правесці гэты турнір нам, і Беларуская федэрацыя вырашыла зрабіць унёсак у развіццё ветэранскага футзала. Турнір прайшоў у Лагойску. Арганізацыяй, парадкам, чысцінёй задаволены ўсе каманды, і таму яны з захапленнем пацвярджаюць свае намеры прыязджаць у Беларусь зноў. Турнір унікальны тым, што людзі дарослыя, у якіх склалася кар'ера, працягваюць падтрымліваць сябе ў форме, гуляючы ў футзал.

— Чаму вы так пільна сачылі за гульнямі турніру?

— Я сам як гулец (бо мне таксама 50+) выступаў за адну з каманд — "Еўрасцяг Лагойск". Наша каманда, дарэчы, найменш прафесійная з усіх прадстаўленых. Там гуляюць мае сябры, якія са мной па жыцці: я запрасіў іх паўдзельнічаць, і яны пагадзіліся. І мы атрымліваем задавальненне ад кантактавання і ад футбола.

— У маі Беларусь прыме чэмпіянат Еўропы. У якім горадзе ён будзе праходзіць?

— Літаральна на днях было вызначана, што ён пройдзе 13-20 мая ў спартыўным комплексе "Вікторыя" ў Брэсце. Гэтыя тэрміны нам зацвердзіў прэзідэнт еўрапейскага саюза футзала.

— Як Беларусі ўдалося атрымаць права правядзення такога значнага міжнароднага турніру?

— Гэтае права мы атрымалі год таму, на кангрэсе ў Бельгіі. Я там прысутнічаў і сам быў прыемна здзіўлены, што падчас абмеркавання кандыдатуры Беларусі ўсе еўрапейскія краіны прагаласавалі "за". Еўропа ведае, што мы ўмеем арганізоўваць такія турніры, што ў нас спартыўная краіна. І правядзенне папярэдніх спаборніцтваў запэўніла Еўропу, што да нас можна ехаць.

— Да нас прыедзе 11 каманд, беларуская зборная будзе 12-й. Як выглядае расстаноўка сіл на гэтым хатнім для нас турніры?

— Усё, што праводзіцца ў Беларусі, мы павінны выйграваць. Задача стаіць — паказаць максімальны вынік. Асноўнымі супернікамі будуць, як заўсёды, Расія, Бельгія, Чэхія, Каталонія, Францыя. Але больш за ўсё прэтэндаваць на золата будзе Расія, Бельгія, Чэхія. І мы, безумоўна.

Гутарыла Алена АЎЧЫННІКАВА.

У суботу, 17 верасня, заўчасна пайшоў з жыцця выканаўчы дырэктар мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі "Беларуская федэрацыя футзала" Уладзімір Цімафеевіч Дрыга. Кіраўніцтва федэрацыі глыбока смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім памерлага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У маі наступнага года Беларусь прыме чэмпіянат Еўропы Налета ў Беларусь пройдзе чэмпіянат Еўропы па футзале. Як рыхтуецца беларуская федэрацыя футзала да гэтага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика