Мішэль Плаціні: "Беларусь абыграла французаў, калі ў вас не было Цэнтра, а што ж будзе, калі ён у вас з'явіцца?"
06.10.2011
—
Новости Спорта
|
Фота БЕЛТА. У чарговы раз прэзідэнт саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый Мішэль Плаціні наведаў Беларусь. Нагодай на гэты раз стала святкаванне 100-годдзя беларускага футбола і у межах гэтай значнай падзеі — закладка падмурка Цэнтра падрыхтоўкі нацыянальных каманд. Цэнтр з'явіцца ў раёне футбольнага манежа побач з праспектам Пераможцаў гады праз тры і будзе ўяўляць тры штучныя палі з падагрэвам, а таксама так званы тэхнічны комплекс, у які будзе ўваходзіць гасцініца, саўны, басейн і трэнажорныя залы, кавярня і нават зімовы сад. І калі зараз зборная па футболе жыве звычайна ў гасцініцы "Вікторыя", а трэніруецца на палях за футбольным манежам, то ў будучым зборы будуць праходзіць кампактна, у выключна футбольным асяродку і без лішняй мітусні. Будаўніцтва цэнтра пачало свой адлік з таго моманту, калі Мішэль Плаціні разам з кіраўніком беларускай федэрацыі футбола, віцэ-прэм'ерам краіны Сяргеем Румасам заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам і надзейна яе зацэментавалі. Сяргей Румас адводзіць на будаўніцтва тры — тры з паловай гады і прызнаецца, што частку сродкаў мы атрымаем ад ФІФА і УЕФА. Мішэль Плаціні, дыпламат і жартаўнік, тым часам заявіў: — Беларусь абыграла французаў, калі ў вас не было Цэнтра, а што ж будзе, калі ён у вас з'явіцца? Моц наша, спадар Мішэль, у пераадоленні цяжкасцяў, а калі іх няма, то не так і цікава. Журналісты вырашылі спытаць у кіраўніка еўрапейскага футбола якраз пра набалелае: у прыватнасці, як ставіцца нам да пройгрышу нашага БАТЭ "Барселоне"? Ды і ўвогуле наколькі справядлівы цяперашні прынцып адбору ў Лігу чэмпіёнаў? Ці месца там БАТЭ? На ўсе такія непатрыятычныя пытанні нашых журналістаў Плаціні адказаў коратка: — Я бачыў гульні, дзе "Барселона" выйгравала з лікам 8:0. Так што цяперашні прынцып адбору мне падабаецца. У Лігу чэмпіёнаў трапляюць чэмпіёны сваіх краін. Я — за чэмпіёнаў. Гэтым я падтрымліваю такія краіны, як Беларусь. Фота Пятра Фаміна. І мы — за чэмпіёнаў, і за Лігу чэмпіёнаў у Мінску. Але зноў пра набалелае: журналісты спыталі, як ставіцца да выступлення нашай зборнай у адборачным цыкле да Еўра-2012. Некалькі дзён таму на прэс-канферэнцыі Бернд Штанге папярэджваў, што Плаціні пасмяецца з таго, што мы не здолелі прайсці ў плэй-оф, і падкрэсліваў, што на шчасце, падчас візіту Плаціні будзе заняты з камандай падрыхтоўкай да Румыніі. Маўляў, сорам такі і абмяркоўваць няма чаго. Але лепшы футбаліст XX стагоддзя толькі дыпламатычна заўважыў: — Трэба перамагаць не толькі Францыю, але і іншыя каманды. Мішэль Плаціні раздаваў аўтографы дзецям, якія непадалёк ад месца закладкі капсулы праводзілі міні-турнір, і прызнаваўся, што бываць у Беларусі яму падабаецца: — Я быў тут шмат разоў, і ведаю, што ў гэтай краіне робіцца для футбола. Хачу сказаць вам і прадстаўнікам усіх нацыянальных асацыяцый: вы не адзінокія, ФІФА і УЕФА заўсёды будуць з вамі. Футбол — гэта бясконцая гісторыя. Калі члены выканкама УЕФА перастануць імі быць, мы зможам сабой ганарыцца, бо пакінем вялікую спадчыну — шмат палёў. І сапраўды, апошні раз легенда еўрапейскага футбола наведваў Беларусь якраз год таму: у кастрычніку 2010-га ён старшынстваваў на пасяджэнні выканкама УЕФА, якое праходзіла ў Мінску. Відавочна, што гэта не апошні праект, які рэалізуецца ў нас пры падтрымцы кіраўніцтва еўрапейскага футбола. Магчымыя планы абмяркоўваліся на сустрэчы Сяргея Румаса з Мішэлем Плаціні, якая папярэднічала ўрачыстай цырымоніі, а таксама не выключана, што і падчас вялікага банкета, арганізаванага ўвечары ў гарналыжным комплексе "Лагойск", куды былі запрошаны каля 200 гасцей. Культурную праграму адкрываў ансамбль народнай песні "Церніца", які яшчэ летась упадабаў высокі французскі госць. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У чарговы раз прэзідэнт саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый Мішэль Плаціні наведаў Беларусь. Нагодай на гэты раз стала святкаванне 100-годдзя беларускага... |
|