Глеб супраць абароны. 21.by

Глеб супраць абароны

21.08.2012 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёлетні чэмпіянат узбагаціўся яшчэ адным матчам, у прадчуванні якога балельшчыкі БАТЭ і "Гомеля" жылі апошнія месяцы. У 19-м туры айчыннага першынства Барысаў прымаў паядынак, дзеля якога трэба было не толькі загадзя замаўляць квіткі, але і прыехаць са сталіцы.

Барысаўскі вечар хаваў у прыцемках футбалістаў абедзвюх каманд. Каля трыбуны яны размаўлялі са знаёмымі ці проста чакалі, калі аўтобусы крануцца са сваіх месцаў. Для іх матч сапраўды стаў цяжкім, завяршыўся безгалявой нічыёй, але падарыў заўзятарам цудоўны паядынак. Так, галоў яны не заўважылі, але сталі сведкамі выдатнай гульні Аляксандра Глеба, упэўненых дзеянняў варатароў і арыгінальнай тактычнай задумы. Як адзначыў пасля гульні галоўны трэнер "Гомеля" Алег Кубараў, клуб згуляў супраць чэмпіёнаў па тым тактычным малюнку, які ў чэмпіянаце каманда выкарыстоўваць пакуль больш не збіраецца.


Безумоўна, гэты матч чакалі не толькі з-за лідарства клубаў Ганчарэнкі і Кубарава ў першынстве. Усе добра памятаюць, якім рэзанансным стала спатканне ў Гомелі, дзе БАТЭ перамог гаспадароў, завочную трэнерскую дуэль, у якой вельмі шчыра выказаўся трэнер "Гомеля". У выніку дыскваліфікацыю тады атрымаў Алег Кубараў і імпульсіўны форвард гасцей Арцём Канцавы. Пра тую гісторыю ніхто не забыўся. Па вялікім рахунку, чакалі працягу. Аднак другой часткі гомельскага баевіка паглядзець не атрымалася. На полі ніхто брудна не штурхаўся, шмат жоўтых картак не атрымоўваў, а Алег Міхайлавіч хоць калісьці і абяцаў не ехаць у Барысаў, але паступіў разумна і заняў сваё месца на трэнерскай лаве.

— Час лечыць, — па-філасофску заўважыў на прэс-канферэнцыі Кубараў. — Расстаўлена ўсё па сваіх месцах. Таму ніякіх праблем наогул не бачу. Вырашыў — і прыехаў.


Матч прайшоў у мужчынскай барацьбе. І пасля фінальнага свістка было прыемна бачыць, як стомленыя футбалісты дзякуюць адзін аднаму за гульню. Адзінае, што накаліла прадматчавую атмасферу, — дык гэта рашэнне федэрацыі дыскваліфікаваць на адзін матч гульца "Гомеля" Ілью Алексіевіча. Нядаўна хлопец з-за траўмы не прыехаў на зборы. Гэта, зразумела, не спадабалася трэнерскаму штабу зборнай, аднак рашэнне пра дыскваліфікацыю хоць і заснавана на заканадаўстве, але па-чалавечы жудаснае. Хлопца проста пакінулі без жадання, магчымасці згуляць супраць БАТЭ! Вось і цікава, у якім настроі ён цяпер будзе гуляць за "маладзёжку"?

— Адчуванне, быццам Ільі спалохаліся, — здзіўляецца Мікалай Кашэўскі, капітан "Гомеля". — Няхай бы згуляў хлопец! Ён не заслугоўваў падобнага пакарання. Нашу гульню ён бы ўзмацніў, але вырашылі так, як вырашылі.

У выніку Алексіевіч назіраў з трыбуны, як востра спрабуе атакаваць БАТЭ, а яго таварышы ўпэўнена абараняюцца і як цудоўна, нетрывіяльна ў гэты вечар выглядаў Аляксандр Глеб. Відавочна, што б ні казалі крытыканы, гэта ўзмацненне, якое было неабходна камандзе. Ён хоць і не вызначыўся ў гэтым безгалявым паядынку, але паказаў класны футбол. З'яўленне Глеба перад заўзятарамі ўбачыў і вядомы расійскі футбаліст Вадзім Яўсееў, які прыехаў у Беларусь, каб паўдзельнічаць у турніры па пляжным футболе.

— Годная гульня, — коратка рэзюмуе Яўсееў, які ў мінулым годзе гуляў за жодзінскае "Тарпеда". — Як Глеб? Бачна, што яшчэ не хапае кандыцый. Але, калі фізічна ён будзе добра падрыхтаваны (а сёння Аляксандр і так быў на галаву мацнейшы за ўсіх), то стане вялікім памочнікам для БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, куды барысаўчане, спадзяюся, трапяць. Вы павінны радавацца, што ў ваш чэмпіянат вярнуўся такі гулец.

— Цяжка перамагчы саперніка, які ўвесь матч дзейнічае ад абароны, — размаўляў з журналістамі ў фае старэйшы Глеб. — Калі б забілі, напэўна, проста бы разарвалі. Не атрымалася. Раскрыць абарону амаль было немагчыма.

Пасля нічыёй у барысаўчан 42 балы, і БАТЭ працягвае лідзіраваць у чэмпіянаце. У "Шахцёра" 38 ачкоў, а ў "Гомеля" — 32 і тры матчы ў запасе.

***

Дарэчы, пра балельшчыкаў. Яны ў флагмана найноўшага айчыннага футбола таксама асаблівыя. Падтрымлівае мясцовую каманду і стары, і малады, б'юць у барабаны і арганізоўваюць пераклічку паміж трыбунамі. Вынаходлівыя спецыялісты клуба на месцы былой хакейнай пляцоўкі стварылі фан-зону, дзе дарослы можа і келіх піва выпіць, а малому зробяць якасны "мэйк-ап" у выглядзе эмблемы любімай каманды.

У гэты пятнічны вечар БАТЭ падтрымлівалі цудоўна. Праўда, папала ад балельшчыкаў і Алегу Кубараву, за майскія падзеі і выступленні. Усё гэта, у прынцыпе, дзіцячыя жарты, на якія сур'ёзны чалавек закрые вушы. Але, калі пачынае ліцца лаянка ў адрас суддзі, што чуў і на іншых стадыёнах, робіцца крыху ніякавата. Тым больш, калі ўдзельнічаюць у гэтым і падлеткі. Для многіх гасцей барысаўскі стадыён стаў тым месцам, дзе сем'ямі падтрымліваюць любімую каманду. Няхай так будзе надалей, але без славеснага вычварэнства. Лес не сякуць языкамі...

Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара.

г. Барысаў

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлетні чэмпіянат узбагаціўся яшчэ адным матчам, у прадчуванні якога балельшчыкі БАТЭ і "Гомеля" жылі апошнія месяцы. У 19-м туры айчыннага першынства Барысаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика