У футбол гуляць — не язык аб зубы біць
31.08.2012
—
Новости Спорта
|
Апошні тур футбольнага першынства, які адбыўся на выхадных, не нарадзіў буйных сенсацый, не стаў бенефісам таленавітых нападаючых. Ён прынёс у каляфутбольны асяродак інфармацыю пра (нібы) учынак, які напалмам трэба выпальваць, выкараняць з розумаў людзей. Інакш мы проста не людзі, інакш мы — варвары. У Жодзіне мясцовы клуб "Тарпеда" сустракаўся з салігорскім "Шахцёрам". Каманды на супрацьлеглых палюсах табліцы: "аўтазаводцы" непадалёк ад аўтсайдараў, а "гарнякі" актыўна змагаюцца за медалі. Але матч атрымаўся ўпартым і скончыўся баявой перамогай гасцей — 3:2. Здавалася б, кіно пасля фінальнага свістка арбітра Аляксандра Яўневіча павінна было скончыцца, але драма ператварылася ў баявік, а фільм — у серыял. Жодзінскі паўабаронца Паскаль Мендзі ўдарыў нагой салігарчаніна Аляксея Рыаса і атрымаў чырвоную картку. Прычына? Пасля гульні Мендзі прызнаўся, што падчас сустрэчы, у барацьбе, "гарняк" Дзмітрый Камароўскі нібы папрасіў, каб ён, "чорная малпа", не чапаў яго. А пасля сустрэчы Паскаля нібыта абразілі два футбалісты гасцей, за што ён і адмахнуўся нагой. Самі ўдзельнікі сітуацыі віну адмаўляюць. Рыас сказаў, што "мы не расісты — мы нармальныя людзі" і сенегалец нагаворвае, а Дзмітрый Камароўскі адзначыў: Паскаль "магчыма расхваляваўся і зладзіў нейкі цырк". У сваю чаргу, мы далі права выказацца і галоўнаму трэнеру "Тарпеда" Вадзіму Бразоўскаму, які востра ўспрыняў гэты інцыдэнт. "Хлопцы, па-чалавечы так нельга" — Гульня была роўнай. Мы не заслугоўвалі перамогі, але не заслугоўвалі і паражэння, — пачынае гутарку Вадзім Міхайлавіч. — А на разуменне сітуацыі паўплывала рашэнне арбітра па заканчэнні матча. Я праглядаў відэафрагменты, не заўважыў нічога, што прымяняецца да Паскаля. Бачыў, што падчас гульні яму двойчы аказвалі дапамогу. Калі спартыўныя журналісты каментуюць сустрэчы з удзелам клубаў былой Югаславіі, яны часам тамтэйшых футбалістаў называюць правакатарамі. Але Мендзі да падобнай катэгорыі людзей не адносіцца. Я ведаю гэтага чалавека вельмі добра. Ён, як і Арцём Чалядзінскі, годны быць капітанам нашай каманды. Так, Паскаль часам памыляецца, але выконвае на полі каласальны аб'ём працы. Пасля прэс-канферэнцыі я не заспеў яго ў каманднай раздзявальні. Патэлефанаваў, каб падтрымаць, а ў адказ пачуў: "Дзякуй, трэнер!" і плач...Футбалісту 33 гады. Гэта ж трэба да такога давесці чалавека! Вадзім Бразоўскі (справа) за Паскаля Мендзі стаіць гарой. — Падчас гульні вы бачылі, каб нехта да Паскаля ставіўся з непавагай? — Калі так адбылося насамрэч, як кажа Мендзі, паводзіны сапернікаў можна растлумачыць высокім градусам матча? — Я асабіста не ведаю гэтых хлопцаў, і прэтэнзіі да суддзі не па гульні, а па тым, што здарылася пасля таго эпізоду. Яўневіч — былы галкіпер, футбаліст, павінен разумець, што падобнае магло быць прамоўлена. І калі сапернік кажа, што ён гэтага не рабіў, ты павінен разумець, што падобнае магло здарыцца. Дарэчы, чаму Мендзі атрымаў чырвоную картку, а гулец "Шахцёра" застаўся непакараны? Пакажы карткі абодвум. Альбо наогул пакліч футбалістаў і скажы: "Хлопцы, па-чалавечы так нельга". І я не памятаю, каб нехта з сапернікаў калісьці пакрыўдзіўся на Паскаля. Яны добра бачаць, хто сімулянт, а хто баец. Я прыйшоў дадому, і ў мяне быў такі непрыемны асадак. Паражэнне забылася, але гэты выпадак... Я часам іду па Мінску, бачу людзей іншых нацыянальнасцяў. Стаўлюся да іх з павагай. У нас добры народ, краіна. І я не разумею: з-за чаго гэта ўсё адбылося? Для якой мэты? Няўжо мы самі прыдумляем, каб хлопец плакаў? — Вадзім Міхайлавіч, а за што вашага памочніка Ігара Тарлоўскага ўнеслі ў пратакол, выкарыстоўваючы фармулёўку "рукапрыкладства"? — Ён пасля гульні прыабняў Яўневіча. А што далей? Тарлоўскі яму сказаў тое, што, відаць, не спадабалася, што ён і адлюстраваў у пратаколе, як рука-прыкладства. — Футбалісты "Тарпеда" спрабавалі пагаварыць пасля з гульцамі "Шахцёра"? — Калі я сыходзіў з прэс-цэнтра, праз вокны, якія выходзяць на наш парк адпачынку, заўважыў, што там амаль бойка. Там — амаль усе нашы хлопцы. І на вастрыні, як Чапаеў, быў наш абаронца Валера Каршакевіч. Калі выпадае заступіцца за свайго таварыша — гэта правільна. Горш, калі глядзіш збоку за ўсім, што адбываецца. "У Латвіі адказалі на беларускую мову" — У свой час вы паспелі пагуляць у Латвіі і Германіі, служылі ў Туркменіі. Ці сутыкаліся там з дыскрымінацыяй на нацыянальнай глебе? — Нідзе, акрамя Латвіі, калі яна атрымала незалежнасць, падобнага я не бачыў. Але гэта было не ў камандзе, а сярод пэўных людзей. Памятаю, заходзіў у краму, пытаў па-руску, а ён, чалавек майго пакалення, які вывучаў гэтую мову ў школе, проста маўчаў. Але мы разам з Алегам Дулубам (сёння памочнік Алега Кубарава ў ФК "Гомель". — аўт.) гулялі за "Вайграс" (Рэзэкнэ), неяк зрабілі эксперымент. У адной краме спыталі па-руску — зноў маўчанне, а ў іншым месцы Дулуб спытаў па-беларуску — і з намі загаварылі! Вось такая гісторыя. А ў Германіі гуляў за каманду горада Рыза і быў адзіным легіянерам на ўсю каманду, але ніякага ціску не адчуваў. Стаўленне было вельмі добрым. Між іншым, Вадзім Бразоўскі ўспрыняў інцыдэнт вельмі блізка да сэрца. Аказваецца, у яго ў Конга жывуць родныя пляменніцы Джульета і Галя. — Пасля сітуацыі з Паскалем я адразу сеў і дзве цыгарэты выкурыў, у мяне закалаціліся рукі, — не сунімаецца Вадзім Міхайлавіч. — Нават не хацеў ісці на прэс-канферэнцыю, проста нічога не хацеў у той момант... Мая сястра Ірына, якая, на жаль памерла, вучылася ў наргасе (зараз Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. — аўт.), пазнаёмілася са сваім будучым мужам Альфонсам Мбума, добрым чалавекам. У іх нарадзіліся дзве добрыя дзяўчынкі. Між іншым, і зараз размаўляюць па-руску, ведаюць французскую мову, італьянскую і англійскую. Пра Альфонса Мбума спадар Вадзім кажа з уласцівай яму шчырай усмешкай: "Добразычлівы, просты чалавек. Не п'е і не курыць". Кажа, што і да Мендзі ў клубе самае добрае стаўленне: — Ведаеце, ён вельмі любіць слухаць музыку. І ён неяк папрасіў Алега Чарнуху, нашага адміністратара, каб яго аднаго засялілі ў нумар мясцовай гасцініцы. Пытаюся: чаму? "А ў мяне ж музыка!" Гляджу, а ў яго калонкі вялікія, такі вялізны "бумбокс", што і партнёру па камандзе няма куды сесці. Памятаю, на зборах у Новалукомлі ён жыў за сцяной, дык я паспеў увесь яго рэпертуар вывучыць". Дарэчы, дысцыплінарны камітэт нашай федэрацыі футбола не пакінуў без увагі сутычку Рыаса і Мендзі пасля гульні, а таксама паводзіны Ігара Тарлоўскага ў дачыненні да суддзі. І прыняў рашэнне дыскваліфікаваць Паскаля Мендзі на тры матчы. Ён атрымаў сваё пакаранне заслужана, за тое, што сапраўды здзейсніў — ударыў саперніка нагой. Аднак дзеянні футбалістаў, якія нібы правакавалі гульца крыўднымі словамі засталіся без заўвагі. А якія доказы неабходны ў гэтай далікатнай справе? Чарговы банан на полі? Дыктафонны запіс крыўдных слоў? Між іншым, газета "Прессбол" на сваім сайце сярод заўзятараў правяла апытанне "Каму вы верыце па матывах скандалу ў Жодзіне?". Больш за 50 працэнтаў рэспандэнтаў узялі бок легіянера, а толькі 9.9% — футбалістаў "Шахцёра". Так, балельшчык — не трэнер, не суддзя. Толькі падмануць яго насамрэч складана. Погляд удзельніка гульні Сяргей БАЛАНОВІЧ, паўабаронца "Шахцёра": — Пачатак гэтага інцыдэнту я не бачыў (быў каля фанатаў), але адзначу, што ў нашым чэмпіянаце гуляе і гуляла шмат афрыканскіх футбалістаў і ні з кім пытанняў не ўзнікала. Так, гулялі плячо ў плячо, але пасля паядынкаў ціснулі рукі і разыходзіліся. І толькі ў гэтага хлопца ёсць незадаволенасць у дачыненні "Шахцёра". На маю думку, ён паводзіць сябе неадэкватна. А можа, проста хоча на гэтым прапіярыцца. Не ведаю, але скажу дакладна: "Шахцёр" — самая дысцыплінаваная каманда ў чэмпіянаце. Матч доўжыцца 90 хвілін. І высвятляць адносіны, выяўляць мацнейшага трэба падчас яго, а не махаць рукамі пасля сустрэчы. Тарас ШЧЫРЫ
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошні тур футбольнага першынства, які адбыўся на выхадных, не нарадзіў буйных сенсацый, не стаў бенефісам таленавітых нападаючых. Ён прынёс у каляфутбольны...
|
|