Іспанскія балельшчыкі засталіся без футбола
12.10.2012
—
Новости Спорта
|
Перадматчавая прэс-канферэнцыя Вінсэнтэ дэль Боске, галоўнага трэнера зборнай Іспаніі, сабрала аншлаг. Фатографы шчоўкалі затворамі, рэпарцёры працягвалі дыктафоны, а аператары скрупулёзна запісвалі выступ сівога пірэнейскага патрыярха. Вось ён, перад намі, той, хто двойчы прыводзіў "Рэал" да залатых медалёў у нацыянальным першынстве, а іспанскую каманду — да галоўных узнагарод чэмпіянату свету. Да "коўча" "чырвонай фурыі" было блізка, але ніякай зорнасці не адчувалася. Наогул, дэль Боске рабіў уражанне простага чалавека, які этычна, сур'ёзна, без эмоцый адказваў на кожнае пытанне. Відаць, што за жыццё ён пабачыў многае, а таму здзівіць яго складана. Аднак, як адзначыў сам спадар Вінсэнтэ, ад зборнай Грузіі, якую перамаглі 1:0, іспанцы чакалі аднаго, але ўбачылі іншае. Спадзяемся, і Беларусь іспанцаў здзівіць. Прыклад БАТЭ ў гульні з "Баварыяй" пацвярджае тое, што кожны можа дасягнуць таго, чаго вельмі хоча. Толькі вось як гэта зрабіць, калі супрацьстаяць табе будзе амаль зборная свету? Зразумела, дэль Боске прызнаўся, што яго каманда будзе змагацца за перамогу, гуляць першым нумарам, а яшчэ дадаў, што невысокай тэмпературы ўдзень сустрэчы ніхто не баіцца. "У зборнай Беларусі добры склад футбалістаў. Мы бачылі матчы нацыянальнай зборнай і, безумоўна, праглядалі сустрэчу БАТЭ з Баварыяй. Ведаем беларускіх футбалістаў і ў індывідуальным, і ў калектыўным плане". А вось Альвара Арбелоа, які трымаў слова перад журналістамі разам з Фернанда Торэсам, прызнаўся, што ў беларусаў патэнцыял большы, чым у грузінаў, і выказаў упэўненасць у добрай падрыхтоўцы саперніка. Цікава, але самую нечаканую навіну мы пачулі не ад футбалістаў і трэнера, а ад іспанскага журналіста, да якога звярнуліся таксама па каментар. Аказваецца, мінскі матч у Іспаніі трансляваць не будуць! А мы думалі, што толькі ў нас збоі з трансляцыямі бываюць. — Нямецкая кампанія SроrtFіvе набыла правы на трансляцыю матча ў беларускай федэрацыі, — кажа Хаакін Марота, журналіст, аўтар кнігі "Метад дэль Боске". — А зараз збіраецца прадаць іспанскім тэлеканалам прыкладна за 3 мільёны еўра. Цяпер цана ўжо 1 мільён, але федэрацыя вырашыла не набываць правы, каб наступным разам не паўтараліся падобныя сітуацыі і не прасілі завоблачных коштаў. Марота кажа, гэта першы выпадак з 50-ых, калі ў Іспаніі не будуць трансляваць матч. Тады была крыху іншая гісторыя. У 1983-м тэлевізійнікі не паказалі гульню з Мальтай з-за тэхнічных хібаў. Але іспанскае тэлебачанне запісала сустрэчу і прадэманстравала ўжо потым. — А ці стала гэта трагедыяй для тамтэйшых балельшчыкаў? — Для іспанцаў больш значная праблема — гэта крызіс: знайсці працу, утрымліваць сям'ю. А падобнае пытанне ўжо адыходзіць на другі план. Добра, што хоць у нашых праграмах усё без змен. Трансляваць гульню будзе канал "Беларусь-2". Пачатак — 20:50. Тарас ШЧЫРЫ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перадматчавая прэс-канферэнцыя Вінсэнтэ дэль Боске, галоўнага трэнера зборнай Іспаніі, сабрала аншлаг. Фатографы шчоўкалі затворамі, рэпарцёры працягвалі... |
|