Гісторыя маладзечанскага футбола. 1996-1999 гады. Паступовы спад. 21.by

Гісторыя маладзечанскага футбола. 1996-1999 гады. Паступовы спад

19.01.2013 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Футбольны трэнер Леанід Кучук паспяхова працаваў з камандамі Украіны і Малдавіі. Сваю трэнерскую кар’еру пачынаў у Маладзечне ў 1998 годзе, калі выратаваў нашу каманду ад “вылету” з вышэйшай лігі.

Пасля поспехаў 1994 і 1995 гадоў выступленне футбольнага клуба “Маладзечна” ў вышэйшай лізе чэмпіянату краіны пайшло на спад. Звязана гэта было, зразумела, з недахопам фінансавых сродкаў. Утрымліваць клуб на такім узроўні вельмі складана, і, як паказаў час, наогул немагчыма.

На працягу 1996 і 1997 гадоў галоўным трэнерам каманды працаваў Ігар Бялоў, былы абаронца мінскага “Дынама”, бронзавы прызёр чэмпіянату СССР. “Маладзечна” стала яго лепшым трэнерскім часам, бо, акрамя нашай каманды, зусім мала трэніраваў. Затое плённа дзейнічае ў якасці супрацоўніка федэрацыі футбола.

На працягу 1998 і 1999 гадоў сітуацыя ў клубе была зусім нестабільная, змяніліся пяць галоўных трэнераў. Сярод іх мясцовы спецыяліст Уладзімір Галубко, які двойчы закрываў амбразуру ў самыя складаныя моманты.

У 1996 годзе каманда заняла восьмае месца, маючы 11 перамог, 8 нічыіх, 11 паражэнняў, розніцу мячоў 42-33. Гэта вельмі добры вынік у параўнанні з тымі, якія будуць у наступных сезонах. Ён дасягнуты па інерцыі ад мінулых поспехаў, хаця некаторыя футбалісты пакінулі каманду. Затое вельмі добра сябе праявіў нападаючы Аляксандр Вяжэвіч, які забіў за гэты чэмпіянат 20 мячоў.

У 1997 годзе каманда заняла трынаццатае месца, маючы 7 перамог, 9 нічыіх, 14 паражэнняў, розніцу мячоў 28-44. З гэтага сезона і пачалася барацьба “за выжыванне”. Дапамагло тое, што па ходу сезона склад папоўнілі некалькі дасведчаных футбалістаў. Дзякуючы перамогам у двух апошніх турах апярэдзілі канкурэнтаў з няўдачлівага пятнаццатага месца толькі на два ачкі.

У 1998 годзе каманда заняла чатырнаццатае месца, маючы 4 перамогі, 4 нічые, 20 паражэнняў, розніцу мячоў 21-51. Каб выратавацца ад “вылету” з вышэйшай лігі, у чатырох апошніх турах здолелі набраць сем ачкоў, тады як асноўны канкурэнт, слонімскі “Камунальнік”, – ніводнага. Заслуга ў гэтым поспеху належыць галоўнаму трэнеру Леаніду Кучуку, які папрацаваў усяго тры месяцы. Між іншым, у першых суверэнных чэмпіянатах ён сам гуляў за “Маладзечна”, правёў каля шасцідзесяці матчаў.

У 1999 годзе каманда заняла апошняе, шаснаццатае месца, маючы 2 перамогі, 5 нічыіх, 23 паражэнні, розніцу мячоў 21-71. На той момант у Маладзечне ўсе проста стаміліся ад цяжкасцяў жыцця ў вышэйшай лізе. Гаварылі пра тое, што нашай камандзе лепш выступаць у першай лізе. Час паказаў – гэта было правільнае меркаванне.

Калі паспрабаваць скласці сімвалічную зборную тых чатырох сезонаў, то яе склад можа быць наступным. Варатар Мікалай Абрамовіч, абаронцы Аляксандр Андросік, Генадзь Лясун, Сяргей Каўтуноўскі, Аляксандр Клімовіч, паўабаронцы Сяргей Кабельскі, Дзмітры Каўтовіч, Аляксей Крывіцкі, Сяргей Федаровіч, нападаючыя Сяргей Дзямідчык і Віталь Казяк.

Кубкавыя поспехі

Абавязкова трэба ўспомніць выступленні нашай каманды ў розыгрышах Кубка Беларусі. На працягу ўсіх дзевяностых гадоў “Маладзечна” дэманстравала тут стабільна высокія вынікі. З 1992 года па 2000 каманда прыняла ўдзел у дзевяці розыгрышах. Двойчы даходзіла да паўфінала, пяць разоў спынялася ў чвэрцьфінале, і толькі два разы не пераадолела стадыю 1/8 фіналу. У гульнявы час 16 перамог і 9 паражэнняў.

У дзвюх сустрэчах справа даходзіла да прабівання пасляматчавых пенальці, дарэчы, са шчаслівымі зыходамі для маладзечанцаў. Адна з іх прайшла на сваім стадыёне. 1998 год, 23 верасня, 1/8 фіналу, сапернік – “Шахцёр” (Салігорск). Госці адкрылі лік на шостай хвіліне, але ўжо на 10-й нашы футбалісты аднавілі раўнавагу на табло. Той вечар атрымаўся надзвычай эмацыйным, балельшчыкі атрымалі сапраўдную асалоду ад падзей на полі. У пасляматчавых пенальці ніводная з камандаў не хацела саступаць. Вынік на карысць гаспадароў быў даволі рэдкі, ажно 8:7.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.

Фота sport-xl.net.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля поспехаў 1994 і 1995 гадоў выступленне футбольнага клуба “Маладзечна” ў вышэйшай лізе чэмпіянату краіны пайшло на спад. Звязана гэта было, зразумела, з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика