З атакай Сычова і надзейнасцю Гутара. 21.by

З атакай Сычова і надзейнасцю Гутара

20.03.2013 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінскае "Дынама" ідзе ва-банк. Каманда Юрыя Чыжа, кіраўніка кампаніі "Трайпл", імкнецца сёлета пацясніць БАТЭ ў чэмпіёнскім крэсле. Зразумела, усе кропкі над "і" павінна расставіць заканчэнне першынства, але ўзбраенне сведчыць пра рашучаць намераў дружыны Алега Пратасава. Сярод навічкоў мінчан ёсць два гульцы, пра якіх і ў Расіі, і ў Беларусі гэтай зімой гавораць апантана, не шкадуючы ні слоў, ні эмоцый. Каб убачыць іх у дзеянні, карэспандэнт "Звязды" адправіўся ў сталічны футбольны манеж на матч 1/4 розыгрышу Кубка Беларусі, у якім новы калектыў Дзмітрыя Сычова і Аляксандра Гутара сустракаўся з салігорскім "Шахцёрам".

"За перамогу над БАТЭ шэсць балаў не даюць"

<І>Гісторыя Гутара вельмі простая ва ўспрыманні балельшчыкаў. Звычайна ўсе абмеркаванні заканчваліся ацэнкамі "дрэнны — добры". А вось вырашэнне праблемы, звязанай з варатаром, патрабавала доўгіх размоў кампетэнтых у гэтай справе людзей. Рэч у тым, што вядомы галкіпер, удзельнік Алімпійскіх гульняў, з-за невялічкай гульнявой практыкі вырашыў пакінуць БАТЭ ў статусе свабоднага агента. У чэмпіёнаў гэта выклікала абурэнне, аднак Гутар цяпер у "Дынама" і абараняе колеры новай дружыны ў кубкавым супрацьстаянні з "гарнякамі". У гэтым, найперш, псіхалагічна цяжкім паядынку ў Аляксандра працы на полі не так шмат, але ў патрэбных момантах ён зычна падказвае аднаклубнікам, выдатна гуляе нагамі. Па-сапраўднаму праявіць сябе галкіперу выпадае толькі напрыканцы вельмі цяжкай сустрэчы. Матч скончыўся безгалявой нічыёй, а таму пераможцу будучага ўдзельніка паўфіналу прыйшлося вырашаць у серыі пенальці. У двух бліскучых кідках варатар "Дынама" і перакрывае "Шахцёру" шлях у паўфінал. Пасля гульні ён патанае ў абдымках партнёраў, фанатаў, якія паспелі павесіць на яго шыю традыцыйны "бела-блакітны" шалік.

— Мы перамаглі цалкам заслужана, — адказвае на нашыя пытанні Аляксандр. — Стварылі больш момантаў, чым "Шахцёр". Але я не скажу, што сапернік гуляў дрэнна. Ён выглядаў таксама годна.

— "Дынама" ставіць перад сабой высокія задачы. Здаецца, што саступіць "Шахцёру", аднаму з будучых канкурэнтаў за ўзнагароды, было б для каманды няшчасцем.

— Мяркую, што так лічыць і "Шахцёр". Яшчэ на сустрэчы з балельшчыкамі і кіраўніцтва, і трэнерскі штаб казалі, што перад намі стаіць задача перамагаць у кожным матчы.

— Адкрываць сезон прыйшлося матчам з моцнай камандай. Для цябе гэта была першая афіцыйная гульня пасля доўгага перапынку. Не паверу, што не хваляваўся напярэдадні такога адказнага паядынку.

— У мяне хваляванне прысутнічае перад кожнай гульнёй: і перад афіцыйнай, і перад таварыскай. На кожны матч настройваешся, бо заўжды імкнешся перамагаць. А тым больш, калі такая неверагодная атмасфера на трыбунах! І сёння, безумоўна, хацелася, каб каманда праявіла сябе з лепшага боку.

— Тваім бенефісам стала серыя пасляматчавых пенальці, калі ты двойчы парыраваў удары гульцоў саперніка. Між іншым, многія не любяць нават глядзець падобную латарэю. Ты сярод іх?

— Чаму? Нядаўна ў Лізе Еўропы між сабой гулялі англійскі "Ньюкасл" і расійскі "Анжы", дык мне вельмі хацелася, каб матч завяршыўся серыяй пенальці. Шкада, але не атрымалася. Пенальці — гэта відовішчна, вельмі цікавая драматычная канцоўка, якая цікавіць гледача.

— Падчас гульні цябе актыўна падтрымліваў фан-сектар "Дынама", а пасля хлопцы наогул кінуліся на поле святкаваць перамогу разам з камандай.

— Мне здаецца, для футбаліста і балельшчыка падобныя моманты самыя прыемныя. Вікторыю чакалі і заўзятары, і каманда. А тое, што радаваліся ўсе разам, таксама паказвае, што мы — усе разам, мы — адна каманда.

— Дарэчы, а хто за цябе сёння асабіста перажываў на трыбунах?

— Маці і брат.

— Пасля твайго пераходу ў каманду Алега Пратасава супрацьстаянне БАТЭ — "Дынама" застракоча новымі фарбамі. Пытанне крыху недарэчнае, але ці будзе яно для цябе прынцыповым?

— Я ўжо выказваўся ў прэсе, што за перамогу над БАТЭ шэсць балаў не даюць. Таму будзем змагацца за перамогу, нягледзячы на тое, супраць каго трэба гуляць. Аднак у любым выпадку падобная падаплёка выклікае вялікі рэзананс. Усё ж такі гэтае супрацьстаянне ўжо шмат гадоў выклікае бурныя эмоцыі і ў балельшчыкаў "Дынама", і ў балельшчыкаў БАТЭ. Ці падтрымліваю стасункі з былымі аднаклубнікамі? Безу- моўна, мы размаўляем па тэлефоне, сустракаемся. З гэтым усё нармальна. Ніхто ў мяне камянямі не шпурляе.

— Матч атрымаўся цяжкім найперш псіхалагічна. Доўга будзеш сёння засынаць?

— А колькі там часу? — пытаецца Аляксандр і паглядае на гадзіннік, які падказвае, што хутка будзе восем гадзін вечара. — Не, у мяне з гэтым добра. Я магу і павячэраць пасля гульні. Справа ў тым, што варатары не так шмат бегаюць па полі, як гэта робяць астатнія футбалісты. Я нават заўважаў, як нехта адмаўляецца есці пасля матчаў. Хлопцы так стамляюцца, што не могуць нават паесці.

"Убачыць на футбольным полі балельшчыкаў у Расіі немагчыма"

29-гадовы нападаючы Дзмітрый Сычоў, за плячамі якога выступленні за маскоўскі "Спартак", "Лакаматыў", французскі "Марсэль", зборную Расіі, яшчэ амаль нічога не ведае пра беларускі футбол, але ўжо адзначыўся дэбютам за "Дынама". "Зорны" футбаліст выйшаў на штучны манежны газон пад дзіўным нумарам "55" і правёў на ім усе 120 хвілін. Зразумела, на яго асобе канцэнтруецца шмат увагі, спецыялістамі робяцца розныя супярэчлівыя каментарыі, а журналістамі пішуцца дзіўныя прагнозы. Маўляў, пераезд у Беларусь — гэта крок, які не мае светлай будучыні. Аднак Сычоў пасля доўгага перапынку хоча вярнуцца ў вялікі футбол, а таму і згадзіўся на часовы пераезд з маскоўскага "Лакаматыва" ў мінскае "Дынама". Між іншым, дзейнічаў ён актыўна і перажываў тое, што не атрымлівалася, але адзіны свой цудоўны момант загубіў.

— Нечаканае ў вас надвор'е, — пасля паядынку кажа Дзмітрый. — Даўно падобнага не назіраў.

— А як вам паводзіны дынамаўскіх фанатаў?

— Неяк сапраўды нязвыкла. Па вялікім рахунку, убачыць на футболным полі балельшчыкаў у Расіі немагчыма. А падчас гэтай гульні была сапраўды душэўная атмасфера. Фанаты каманду энергіяй падмацоўвалі, а яна змагалася да апошняй хвіліны. Падтрымка была надзвычайная.

— Такое адчуванне, што вы вельмі нерваваліся, перажывалі за кожны момант. Вельмі хацелася забіць у першым матчы?

— Проста хацелася рэалізоўваць кожны момант. А перажываю я заўжды, бо без эмоцый гульня зусім не гульня.

— Між іншым, Алег Пратасаў, трэнер "Дынама", сказаў, што вы самі захацелі прабіваць пенальці пятым — апошнім.

— Адчувалася, што заб'ю менавіта апошнім. Пад авацыі? Ды не. Проста напрыканцы прасцей. Можна падумаць, прааналізаваць, у які кут пасля ўдараў падаў галкіпер.

— Дарэчы, а чаму вы абралі сабе такі дзіўны нумар?

— Гэта вельмі простая гісторыя. Я сам паходжу з Сібіры, з Омска. А лічба 55 — гэта федэральны нумар Омскай вобласці. І кожны раз, калі гляджу на гэты нумар, трохі адчуваю пачуццё настальгіі па родным краі, па сваім горадзе.

— Помніцца, вядомы чыліец Іван Самарана любіў гуляць пад 9-м нумарам. Але, калі перайшоў у міланскі "Інтэр", яго любімы нумар быў ужо заняты. Таму паміж лічбамі 1 і 8 вынаходлівы футбаліст паставіў знак "+". А калі скласці вашы пяцёркі, атрымаецца таксама добры нумар для нападаючага.

— Ды не. Гэта зусім не магія лічбаў, а проста даніна павагі роднаму гораду.

— Беларускім футболам, напэўна, ужо цікавіліся ў прэсе.

— Я не чытаю ні газеты, ні інтэрнэт. Шчыра кажучы, мне гэта зараз не так цікава. Перада мной стаіць мэта гуляць і не звяртаць увагі на іншае. А з таго, чаго я не ведаю, наўрад ці ёсць нешта новае.

— Але чулі, што ў Беларусі хакей любяць?

— Безумоўна. І я не супраць у будучыні пагуляць у вас. Чаму б і не?

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота Дар'і БУРАКІНАЙ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінскае "Дынама" ідзе ва-банк. Каманда Юрыя Чыжа, кіраўніка кампаніі "Трайпл", імкнецца сёлета пацясніць БАТЭ ў чэмпіёнскім крэсле. Зразумела, усе кропкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика