Пазітыўны "прафесар" Радзівонаў. 21.by

Пазітыўны "прафесар" Радзівонаў

26.03.2013 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У анкеце на афіцыйным сайце роднага клуба ў разделе пра ўласныя "добрыя якасці" гэты футбаліст адзначыў "жыццярадаснасць і пазітыўны настрой". У спартыўным жа асяроддзі яго даўно называюць "прафесарам" ці проста "профі". Гулец БАТЭ ўжо не раз пацвярджаў сваю гучную мянушку, забіваючы ў вароты "Андэрлехта", "Ліля" і "Баварыі". Пра барацьбу з уласнай эмацыянальнасцю і любоў да рыбалкі і жаданне "адкруціць" час на пачатак ХХ стагоддзя ў эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту "Звязды" паведаміў форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў.

"Хочацца ўсяго і адразу, але..."

— Перамога БАТЭ ў Суперкубку Беларусі парадавала пасля не вельмі ўдалага выступлення ў Лізе Еўропы?

— Так, безумоўна. Увогуле любыя перамогі радуюць. А тыя, што здабыты на апошніх хвілінах, асабліва запамінаюцца. Такі эмацыянальны ўсплеск!.. Думаю, гэта добры знак у пачатку новага сезона. Шчыра спадзяюся, што гэты год для каманды стане яшчэ больш удалым.

— А калі зараз з халоднай галавой ацэньваць леташняе выступленне БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, якую б адзнаку паставілі камандзе?

— Калі не лунаць у надхмар'і, а цвяроза ацэньваць наш вынік, то, думаю, на чацвёрачку мы нагулялі. Зразумела, што заўсёды хочацца ўсяго і адразу, але так не бывае. Мы паступова ідзём да сваёй мэты, кожны новы сезон лепшы за папярэдні... Мне падабаецца такое планавае развіццё. Леташняе выступленне ў Лізе чэмпіёнаў выклікае толькі пазітыўныя эмоцыі. Як мінімум зразумелі, што клубу пад сілу абыгрываць топавыя каманды. А гэта ўжо нямала!

— Кажуць, паражэнні робяць чалавека мацнейшым. Падзяляеце такі пункт гледжання?


— Так. Раней я асабліва не разважаў над няўдачамі, прайгралі і прайгралі. А зараз разумею, што ўсе выпрабаванні для таго і даюцца, каб рабіць цябе мацнейшым, гартаваць характар. І галоўным чынам гэта дапамагае менавіта ў жыцці.

— Вельмі злуяцеся на сябе, калі не атрымліваецца рэалізаваць галявыя сітуацыі ў матчы?

— Так, так... лаюся (смяецца). Калі побач трыбуны, напэўна, бывае чуваць нешта не зусім прыемнае. Часам на эмоцыях раблю тое, пра што потым шкадую. Памятаю, як у 2007-м за адмашку на эмоцыях зарабіў выдаленне. Але ад гэтага трэба адыходзіць. Стараюся... Стараюся сябе кантраляваць, але бываюць яшчэ зрывы.

— Колькі часу вам трэба, каб "скінуць" эмоцыі, назапашаныя за матч?

— Звычайна сустрэчы праводзяцца вечарам. Зразумела, што пасля гульні пры любым раскладзе я буду ва ўзбуджаным стане. А вось раніцай ужо можна спакойна разважаць, аналізаваць праведзены матч... Увогуле, калі вяртаюся дадому, бачу любімых людзей — жонку, дачку — усе часовыя цяжкасці здаюцца такімі неістотнымі. Сям'я дапамагае прыйсці ў эмацыянальную раўнавагу.

— Часта даводзіцца выходзіць на поле з асаблівай цікавасцю, у чаканні канкрэтнага матча? Ці звычайна гэта адбываецца па інэрцыі?

— Я заўсёды чакаю еўракубкавых і міжнародных матчаў за нацыянальную зборную. На такім узроўні ў саперніках каманды толькі экстра-класа, гуляць з якімі ганарова і прыемна. Што датычыцца гульняў чэмпіянату, Кубка краіны, то за шмат гадоў ужо прывык адчуваць адны і тыя ж эмоцыі. А ў матчах на міжнароднай арэне заўсёды ёсць штосьці ў навіну.

Пра страту Гутара і Брэсана

— Пераход Аляксандра Гутара ў мінскае "Дынама" суправаджаўся павышанай увагай. Вам, напэўна, не раз прыходзілася адказваць на пытанне, як вы да гэтага ставіцеся?

— Так, асабліва ў канферэнцыі, якую вяду на адным са спартыўных сайтаў, часта чытаю падобныя пытанні. Але цяпер ужо не хочацца кранаць гэты эпізод, тым больш што ён датычыцца жыцця іншага чалавека. Гэта рашэнне Сашы, і вельмі цікавае, дарэчы, рашэнне. На нашы з ім адносіны яно ніяк не паўплывала. Мы як сябравалі, так і працягваем сябраваць. Спадзяюся, што на зборах нацыянальнай каманды зноў будзем жыць у адным нумары.

— Як думаеце, гэты факт надасць асаблівы статус супрацьстаянню БАТЭ і "Дынама"?

— Так. Дабавіць перцу (усміхаецца).

— На фоне гэтай шуміхі нават сыход з каманды Рэнана Брэсана адбыўся зусім спакойна...

— Насамрэч, амаль штогод клуб пакідаюць вядучыя гульцы. І кожны раз здаецца: усё, канец! Не будзе клеіцца ў нападзенні ці абароне... Аднак знаходзім выйсце. Як я ўжо казаў, кожны новы сезон у каманды атрымліваецца лепшым за папярэдні. Прадаючы вядучых гульцоў, такога дасягнуць няпроста.

— На вашу думку, дзякуючы чаму гэта магчыма?

— Добрая трансферная работа. І талент трэнерскага штаба. Нашы трэнеры сапраўды ўмеюць раскрываць патэнцыял футбалістаў. А гэта, у сваю чаргу, магчыма дзякуючы граматнаму кіраўніцтву, якое стварае выдатныя ўмовы і для трэнераў, і для гульцоў, каб ніхто не думаў ні пра што старонняе. Толькі футбол.

Заўзятар БАТЭ — фанат, "глор" ці "сектант"?

— Заўзятар БАТЭ — які ён?

— Сапраўдны фанат сваёй любімай каманды. Удзячны, у той жа час патрабавальны... аптымістычны і жыццярадасны.

— Многія негатыўна ставяцца да прыхільнікаў БАТЭ. Як толькі не называюць іх у сеціве — "глоры", секта...

— Гэта ўнутраныя справы заўзятараў. Фанаты адной каманды адкрыта не любяць фанатаў каманды-саперніка — звычайная справа. Я стараюся не звяртаць увагі на гэтыя звады. Галоўнае — якасна рабіць сваю справу. Дарэчы, гэта датычыцца і заўзятараў. Мне здаецца, нашы фанаты могуць даць фору многім сваім апанентам.

— Мабыць, тады ўзгадаеце якую-небудзь запамінальную акцыю заўзятараў жоўта-сініх?

— Зусім нядаўна прадстаўнікі клуба з нашымі фанатамі наведвалі Дом малюткі. Гэта нідзе не афішавалася... Думаю, такая ініцыятыва заўзятараў заслугоўвае павагі.

На полі — з мячом, на рэчцы — з вудай

— Сямейнае жыццё дужа вас змяніла?

— Не адразу, але змяніла. Давялося прывыкаць, што свабоды ў дзеяннях стала менш. Напрыклад, калі раней можна было разглядаць варыянты, як бавіць вечар, то зараз варыянтаў няма — іду дамоў да жонкі і дачкі.

— Ад чаго яшчэ прыйшлося адмовіцца?

— Ад рыбалкі. Не магу сабе дазволіць кудысьці выехаць. А як бы хацелася! З дзяцінства люблю рыбачыць. Мой тата родам з Урала, там такія рыбныя мясціны — у-у-у-х! Бывалі вельмі значныя ўловы. Вядома, не такія, як у тэлеперадачах з "Дыскаверы", — гіганцкіх рыбін не выцягваў. Але некалькі неблагіх экзэмпляраў запар — папросту.

— У такім выпадку, як цяпер праводзіце вольны час?

— З жонкай і сябрамі можам схадзіць у рэстаран ці кіно. Радзей — у тэатр ці на канцэрт. На прыроду, як і на рыбалку, выбрацца больш праблематычна.

— Даводзілася глядзець кінафільмы пра футбол?

— Так. З апошніх прагледжаных — брытанская стужка "Гол". Бачыў ці то першую, ці то другую частку. Мне здаецца, такія фільмы вельмі цікавыя для заўзятараў. Вядома, нешта перабольшваецца — некаторыя спартыўныя дэталі: як праводзіцца футбольны матч, якія адносіны паміж агентам і спартсменам. Але ў цэлым усё вытрымана дакладна — сюжэт цікавы і футбольнае жыццё паказана досыць рэалістычна.

— Гісторыю вы называлі адным з самых любімых школьных прадметаў. Калі зараз у вас была б магчымасць пажыць у іншай эпосе, які б час гэта быў?

— Хацеў бы апынуцца ў самым пачатку дваццатага стагоддзя.

— А як жа шматлікія рэвалюцыі і войны?

— Вось таму б і хацелася пажыць у тыя часы, каб адчуць усё гэта на сабе і, магчыма, зразумець, што прывяло да такой колькасці катастроф і як нашы продкі з гэтым спраўляліся. Карацей, цікава было б убачыць тое, пра што не напішуць у кнігах.

— Напэўна, у дзяцінстве любілі гуляць "у вайнушку"?

— А як жа! Хлопцу без гэтага ніяк (смяецца). З рагаткамі бегаў і лук сам рабіў. Яшчэ і нядрэнна страляў. У школе нават ездзіў на спаборніцтвы па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

— І ў цір заглядвалі?

— Так. Толькі там чамусьці не давалі цацкі за перамогу (смяецца). Гэта, напэўна, характэрна толькі для забаўляльных кірмашоў.

Дзіцячы футбол

— Глабальнае пытанне, знянацку адказаць на якое, мабыць, і не так проста: у беларускага футбола шмат праблем?

— Та-а-ак! Іх куча. Мне здаецца, гэта разумеюць усе. Іншая справа, што рана ці позна іх давядзецца вырашаць. Хаця ўжо і зараз ёсць зрухі ў гэтым кірунку. Так што ў дачыненні да гэтага я — аптыміст.

— А якая самая істотная праблема, на ваш погляд?

— Дзіцячы футбол. Трэба рабіць усё магчымае, каб на пасадах дзіцячых трэнераў аказваліся добрыя спецыялісты, якія за сваю працу атрымлівалі б адэкватную зарплату. Упэўнены, што тады ў нас будуць з'яўляцца выдатныя маладыя футбалісты. І, безумоўна, патрэбны прафесійныя спартыўныя кіраўнікі, без гэтага нікуды.

— Ваш першы трэнер шмат у чым паўплываў на ваша станаўленне?

— Амаль ва ўсім. Мне не толькі далі добрую спартыўную адукацыю, а яшчэ і выгадавалі ўсебакова развітым хлопцам, што немалаважна. Гэта ўжо цяпер з вышыні пражытых гадоў і вопыту я разумею, наколькі неабходнымі былі тыя заняткі, асветныя гутаркі, усемагчымыя спартландыі. Бязмерна ўдзячны сваім першым трэнерам — Валерыю Яўгенавічу Новікаву і Уладзіміру Паўлавічу Вайцяховічу — за праведзеную каласальную работу.

— А як маленькі Віталік выбраў футбол?

— Банальная гісторыя. Проста пасярод урокаў у школьны клас зайшоў трэнер і аб'явіў пра набор у секцыю. На першы занятак, памятаю, прыйшло амаль паўкласа. Паступова "футбалісты" адсейваліся: хтосьці не вытрымліваў жорсткіх трэніровак і сам сыходзіў, камусьці трэнеры раілі паспрабаваць нешта іншае. А я вось з усіх сіл "зачапіўся" за футбол і дагэтуль трымаюся (усміхаецца).

— Напэўна, задумваліся, кім маглі б стаць, калі б не спорт?

— Безумоўна. Думаю, адукацыю б атрымліваў з ухілам у матэматыку ці фізіку. Гэтыя прадметы даваліся мне лёгка... Праўда, класа да восьмага, пакуль не пачаліся выезды на спаборніцтвы. Потым, зразумела, стаў прапускаць сур'ёзную частку школьнай праграмы. Бывала, пасля двухтыднёвай адлучкі прыязджаў адразу на кантрольную і, не ведаючы нічога, штосьці там прыдумляў, адкрываў уласныя тэарэмы (усміхаецца). Тым не менш упэўнены, што калі б цалкам аддаваўся вучобе, у мяне б была нядрэнная агульнапрадметная паспяховасць.

— У адным з нядаўніх інтэрв'ю на пытанне пра галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнку вы адказалі, што адной з самых характэрных яго рыс з'ўляецца пастаяннае самаразвіццё і цяга да ведаў. Вам гэта таксама ўласціва?

— Вой, нават не ведаю. Безумоўна, прысутнічае жаданне даведвацца пра нешта новае, самаўдасканальвацца. Але аб'ектыўна сказаць, наколькі ў мяне гэта атрымліваецца, не вазьмуся. Няхай ацэньваюць іншыя.

БЛІЦ

Лепшы футбаліст сучаснасці? — Іх два — Месі і Раналду. Але калі выбіраць аднаго, выберу аргенцінца. Ён больш засяроджаны на футболе.

Любімы горад? — Віцебск. Таму што родны.

Любімае свята? — Каляды.

Любімы музыкант, выканаўца? — Ігар Талькоў.

Любімы фільм? — Шмат добрых, але "Джэнтэльмены ўдачы" — адзін з самых-самых.

Любімая кухня? — Італьянская, іспанская... ды і нашы дранікі люблю. Увогуле смачна паесці — гэта святое.

Любімы напой? — У апошні час проста вада падабаецца.

Самы вялікі страх? — Страціць любімых людзей.

Што такое шчасце? — Здароўе блізкіх і родных.

  Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У анкеце на афіцыйным сайце роднага клуба ў разделе пра ўласныя "добрыя якасці" гэты футбаліст адзначыў "жыццярадаснасць і пазітыўны настрой". У...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика