Чэмпіянат паставілі на колы
27.04.2013
—
Новости Спорта
|
Дырэкцыя чэмпіянату свету па хакеі атрымала першыя аўтамабілі ад прадпрыемства "ФелОкт-сервис", імпарцёра кампаніі "Шкода" ў Беларусі Пакуль хакеісты Андрэя Скабелкі актыўна рыхтуюцца да чарговага планетарнага першынства, якое сёлета пройдзе ў Стакгольме і Хельсінкі, беларускія арганізатары будучага турніру таксама ў працы. На днях, між іншым, атрымалі першыя ключы ад аўтамабіляў, якімі на час чэмпіянату свету ў Мінску скарыстаюцца прадстаўнікі міжнароднай хакейнай федэрацыі, арганізатары, ганаровыя госці і кіраўнікі зборных. — З 1993 года "Шкода" з'яўляецца спонсарам чэмпіянатаў свету па хакеі, — адзначыў у прамове Георгій Каленчыц, генеральны дырэктар "ФелОкт-сервис". — Гэтае ўзаемадзеянне аўтакампаніі праяўляецца ў супрацоўніцтве мясцовых імпарцёраў з дырэкцыяй па правядзенні чэмпіянату свету. Наша задача — закупіць аўтамабілі, растаможыць, усталяваць нумары, застрахаваць і перадаць іх у арэнду. "Шкода", дарэчы, апошнім часам актыўна ўдзельнічае ў спонсарскіх праектах, звязаных са спортам. І гэта не толькі тычыцца хакея, сочынскай Алімпіяды, але і іншых спаборніцтваў. Як адзначыў у асабістай размове Янэк Раўн, рэгіянальны сэрвісны менеджар "Шкоды", чэшскі аўтагігант аказвае дапамогу спаборніцтвам па веласпорце, а таксама футбольнаму клубу "Млада Балеслаў", які базіруецца ў аднайменным горадзе, кроўна звязаным з вытворчасцю славутых аўтамабіляў. — Згодна з дамовай, заключанай Міжнароднай федэрацыяй хакея з аўтакампаніяй "Шкода", яна прадаставіць арганізатарам 45 аўтамабіляў, — адказвае на пытанні журналістаў Аляксандр Шэвель, намеснік генеральнага дырэктара дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі. — Усе машыны паставяць да нас у часовае выкарыстанне. — Аляксандр Аляксандравіч, а ці супрацоўнічаеце вы з Мінскім аўтамабільным заводам у падрыхтоўцы да чэмпіянату свету? — Безумоўна, хочацца, каб Беларусь таксама была прадстаўлена належным чынам. Зараз мы працуем з МАЗам, які да першынства свету павінен выпусціць аўтобусы павышанай камфортнасці. Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дырэкцыя чэмпіянату свету па хакеі атрымала першыя аўтамабілі ад прадпрыемства "ФелОкт-сервис", імпарцёра кампаніі "Шкода" ў Беларусі |
|