Дырэктар спартыўнай школы ў Палачанах: коней на скаку могуць спыніць толькі жанчыны. 21.by

Дырэктар спартыўнай школы ў Палачанах: коней на скаку могуць спыніць толькі жанчыны

15.01.2014 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


27 снежня ў конна-спартыўным комплексе “Палачаны” адбыліся ўнутрышкольныя спаборніцтвы па канкуры. 

Такія спаборніцтвы праходзяць у школе традыцыйна. Праводзім мы іх для дзяцей, якія першы раз выходзяць на старт, і для маладых коней, каб паспрабаваць іх у справе,  − распавядае дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 Наталля Шаліма.

У маленькім канкуры, у якім трэба пераадольваць бар’еры вышынёй 80-90 сантыметраў, удзельнічалі 15 пар ( вершнік + конь). Першае месца заняў Сяргей Казлоў на кані Лавелі. Другое – Вольга Юха на Ланфеолі і трэцяе – маладая спартсменка дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Вікторыя Ганецкая на Лапісе-Лазулі.


У канкуры, дзе бар’еры былі вышынёй да 110 сантыметраў, прымалі ўдзел 13 пар, лепшым таксама стала пара Сяргей Казлоў і кабыла Калумбія, другімі сталі Вольга Магуленка і Бярэта, трэцяе месца заняла таксама маладая спартсменка, 15-гадовая Паліна Міхайлоўская і конь Валіф.

− Наталля Барысаўна, а чаму сярод наезнікаў пераважна дзяўчаты? З коньмі, здаецца, не так проста абыходзіцца?

− Гэта атрымалася гістарычна. Хто каня на скаку спыніць? І ў хату, якая гарыць, увойдзе? Жанчына! А калі сур’ёзна, то гэта па ўсёй Беларусі так, дзяўчат-наезніц нашмат больш. Я мяркую, таму, што дзяўчаты больш баявыя і, як гэта не дзіўна, больш вынослівыя. Хлопцы выбіраюць цяпер футбол, хакей. Ну што клюшка? Паставіў у кут пасля гульні і вольны. А тут трэба клапаціцца пра свайго партнёра ўвесь час. І карміць, і чысціць, і песціць, і размаўляць.



Коні адбіраюць шмат часу?

− Не шмат, а проста ўвесь! Нават выхадныя, але інакш я і жыць бы не змагла. У мяне тут сярод коней ёсць і свая дачушка. У маленькага жарабя загінула мама-кабыла. Таму я мусіла нават пайсці ў “дэкрэт”, каб выкарміць яе.

Тут, на конным комплексе ў Палачанах, я з 1987 года, з 11-гадовага ўзросту. Лёс звязаў мяне з коньмі назаўжды. І два інстытуты закончыла, каб працаваць з імі. Раней днявалі і начавала ў канюшні, ведала ўсіх коней і па клічках, і як выглядаюць. Цяпер у нас шмат моладзі, але і іх хутка ўсіх запомню.

− А сярод коней ёсць свае любімчыкі?

− У наезніка той любімы конь, з якім ён працуе. Калі паміж канём і чалавекам ёсць узаемапаразуменне, то дробныя недахопы адно аднаму можна дараваць. Коні – гэта вельмі чулыя істоты. І яны адчуваюць, калі іх любяць. Што датычыцца мяне, за характар вельмі люблю нашага Валнаграфа, ёсць і коні-прыгажуны, якіх таксама нельга не любіць.


− А як вы лічыце, ці ёсць перспектывы ў коннага спорту ў Беларусі?

− Конны спорт – гэта вельмі дарагі спорт. Напрыклад, коні алімпійскага ўзроўню каштуюць каля 500 тысяч долараў. Неверагодная сума для спорту! Да таго ж, ва ўсёй нашай краіне столькі коней, колькі ў, скажам, Вялікабрытаніі нараджаецца за адзін год.


Таму давайце будзем рэалістамі. Са сваёй задачай мы спраўляемся. Коннікі з Палачанаў закрываюць каманду Мінскай вобласці. Патлумачу: з трох спартсменаў, што прадстаўлялі Мінскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах па канкуры, двое з іх былі нашы, палачанскія.

− А іншыя віды коннага спорту: выездкі ці трохбор’е не плануеце аднавіць?

− Каб жа гэта было так проста. І выездка, і тым больш трохбор’е патрабуюць нашмат большай прасторы, чым мы можам забяспечыць у сваім манежы. Таму толькі канкур. У прынцыпе, цяпер нас усё задавальняе. Харчаваннем коні забяспечаныя на ўвесь год, яны атрымоўваюць поўны рацыён. Пасля нядаўняй нарады з удзелам віцэ-прэм’ера, нам абяцалі закупіць спартыўны інвентар. Канешне, ад дапамогі мы не адмаўляемся, у тым ліку і ад спонсарскай. Але ў нас жыве надзея, што ўсё будзе добра. Цяпер час такі, пераднавагодні, калі забываецца благое, а думаць хочацца толькі пра лепшае. Чаго ўсім і жадаю: конскага здароўя і хай кожны ў Новым годзе знойдзе сваю падкову на шчасце!


Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР і забяспечана Святланай ДЗЕМЕШ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
27 снежня ў конна-спартыўным комплексе “Палачаны” адбыліся ўнутрышкольныя спаборніцтвы па канкуры. 
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика