У мінулую суботу адбыўся раённы кірмаш. Пра гэта было аб’яўлена і ў нашай газеце.
— Мне патрэбна набыць не адзін мех збожжа, прыкупіць ячменю, ды няма куды, — кажа пажылая жанчына, якая прыехала з няблізкай вёскі.
— Ды няма праблем, некаторыя прадаўцы рэалізуюць збожжа разам з мяхамі, з тарай, так бы мовіць, — падказваю ёй.
— Першыя прадаўцы і пакупнікі прыехалі прыблізна а сёмай гадзіне раніцы, — сказаў старшы інспектар АДАІ маёр міліцыі Валерый Лянкоўскі. — Нам было загадана забяспечыць, каб на старой базарнай плошчы не паркаваліся, яна выдзелена пад гандаль.
Асабіста я прыбыў а дзявятай гадзіне раніцы. Гандаль ішоў шпарка, ля некаторых машын выстройваліся чэргі, а іншыя ўжо нават і распрадаліся. Адразу ля ўваходу на пляцоўку стаяў МАЗ ад СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Да аўтамабіля сабралася чарга каля дваццаці чалавек. Вяду размову са старым знаёмым, старшынёй прафкама СВФ “Заазер’е” Вячаславам Ляйко.
— Сёння ў вас, бачу, вельмі бойкі гандаль…
— З самай раніцы продаж ішоў не вельмі актыўна. Прыехаўшы, мы арыентаваліся на цэны базару, планавалі прадаваць збожжа па пяць рублёў за вядро. Аднак людзі не набывалі зусім. Параіўся з дырэктарам па тэлефоне, вырашылі знізіць цану — і вось вынік.
— Колькі чаго прывезлі і па якой цане прадаеце?
— Прывезлі па тры тоны ячменю і пшаніцы. Ячмень прадаём па тры рублі за вядро, пшаніцу — па чатыры. Яшчэ прывезлі па пяць мяхоў жыта і гароху. Гарох прадаецца па пяць рублёў, жыта — па тры.
— Памятаю, на леташні кірмаш вы яшчэ прывозілі кукурузу…
— Гэту культуру пакуль што ўбіраем на корм, на зерне яшчэ не малацілі.
Гандаль ішоў бойка, інспектар па кадрах Юлія Барысенка ледзьве паспявала разлічваць пакупнікоў і прымаць выручку.
Побач была размешчана кропка КУВСГП “Лепельскае”. Гаспадарка ў звычайныя базарныя дні прадае збожжа на сельгаспляцоўцы, таму яе спецыялісты маюць багаты досвед у продажы. Акрамя прывычных ячменю і пшаніцы, яны прывезлі рапс і насенне цімафееўкі.
Другі тавар, які лепяльчане традыцыйна шукаюць на кірмашы, — бульба. Аднак за апошнія гады пад яе пасадку ў сельгасарганізацыях плошча не выдзяляецца: зусім нявыгадная гэта культура ў нашых прыродна-кліматычных умовах, цяжка яе захоўваць, праблемы з рэалізацыяй. Сёлета па дзесяць гектараў бульбы былі пасаджаны толькі ў ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя і ААТ “Чарэйшчына”. Апошняя, дарэчы, і прывезла некалькі тон бульбы. Падышоў да аўтамабіля а палове дзясятай гадзіны, у кузаве заставалася каля пяці сетак. Клубні чыстыя, прыгожыя, бачна, што ўсе работнікі гаспадаркі пашчыравалі, каб вырасціць ураджай.
— Што за сорт? — пытаюся ў вадзіцеля Аляксандра Чарныша.
— “Скарб”, самы знакаміты ў Беларусі. Бачыце, як ён сёлета ўрадзіў.
— Па якой цане прадаеце?
— 50 капеек за кілаграм. Калі лічыць, што дзесяцілітровае вядро ўмяшчае восем кілаграмаў клубняў, атрымліваецца па чатыры рублі за вядро — стандартная цана на базары.
Ад сортавыпрабавальнай станцыі бульба не прапаноўвалася. Затое “другі хлеб” прапаноўвалі працаўнікі ААТ “Лядна”. Вадзіцель Аляксандр Лукін і работнік бухгалтэрыі Анастасія Галенка да дзясятай гадзіны амаль распрадалі дастаўлены з ранку тавар.
— Раскажыце, што і як прадаецца?
— Пшаніцу ўжо прадалі, — адказвае Аляксандр.
— Аднак жа вунь у кузаве ляжаць чатыры мяхі…
— Яны ўжо прададзены, ляжаць, пакуль новы гаспадар транспарт арганізуе.
— Бульбу прадаём па дзесяць-дванаццаць рублёў за сетку, у залежнасці ад велічыні, атрымліваецца па тры рублі за вядро, — далучаецца да размовы Анастасія, — засталіся толькі тры сеткі.
— Бачу мех гароху.
— Гэты тавар з ахвотай набываюць рыбаловы на прынаду. Цана — чатыры рублі за вядро.
— А які тавар самы папулярны і выгадны для гаспадаркі?
— Гной, — нечакана адказала Анастасія. — Ён патрэбен многім агароднікам, а жывёлу вяскоўцы трымаюць усё менш і менш, не кажучы ўжо пра гараджан. Вось і рэалізуем яго па цане 60 рублёў за дзесяцітонны МАЗ, да таго ж дзесяць рублёў за дастаўку. Пры заказе двух МАЗаў — дастаўка бясплатная.
— І які попыт?
— Сем МАЗаў ужо заказаны.
На трактары прывезлі збожжа працаўнікі УП “Пражэктар-агра”. Якраз патрапіў у кадр мужчына, які набыў мех. Папрасіў прадставіцца прадаўца і пакупніка.
— Аксана Піскунова, — адказала работніца УП “Пражэктар-агра”.
— Віктар Сазанавец, пенсіянер, жыву ў Старым Лепелі.
— Аднак чаму не набывалі тавар у землякоў, з машыны СВФ “Заазер’е”?
— У іх няма таго тавару, які мне патрэбен, — аўсу. Авёс “Заазер’е”, наколькі ведаю, сёлета не сеяла і на продаж не прывезла, а я трымаю гаспадарку: карову, цялушку і бычка. Я тут набыў зернесумесь, у асноўным у ёй авёс. Дома здрабню — і буду дадаваць у ячменную муку, атрымаецца пажыўны корм.
Увагу на галоўнай пляцоўцы прыцягнулі яшчэ тры гандлёвыя кропкі. Першай была ГАЗэль ад філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” (былога камбікормавага завода), дзе былі выстаўлены на продаж камбікармы. На мяшках было падрабязна распісана, для якой жывёлы корм. Аднак кошты яго былі даволі высокія, ад 10 да 16 рублёў за дзесяцікілаграмовы мяшок, таму асабліва зацікаўленых пакупнікоў ля ГАЗэлі не бачыў.
Зусім іншая карціна назіралася ля кропкі ДЛГУ “Лепельскі лясгас”. Інжынеры Ліна Ляшук і Наталля Пярэдня не стаялі без справы. Прадукцыю лясгаса можна было раздзяліць на тры катэгорыі. Першая — піламатэрыялы. Калі раней на кірмаш прыязджаў КамАЗ, загружаны дошкамі, рэйкамі і брусамі, то сёлета жанчыны павесілі ліст з пералікам піламатэрыялаў і цэнамі — можна прыехаць на базу лясгаса і набыць тое, што патрэбна. Калі няма ў наяўнасці — напілуюць.
Другая катэгорыя — саджанцы дэкаратыўных раслін. Зноў жа, жанчыны на кірмаш прывезлі толькі каля 20 узораў, каб абазначыць гэты накірунак працы. Калі першай катэгорыяй тавараў цікавіліся ў асноўным мужчыны, то другой — жанчыны.
— Як правіла, саджанцы набываюць у нашым гадавальніку, — тлумачыць Наталля Пярэдня. — На працягу года прыязджаюць і выбіраюць. Там і выбар нашмат большы, чым мы маглі сёння прывезці ў Лепель.
Трэці від тавару — мёд — цікавы для розных катэгорый пакупнікоў. Магчыма, толькі акрамя тых, у каго на яго алергія.
— Лясгас мае пчальнік у глухім кутку, у выселенай вёсцы, таму гарантавана, што прапаноўваецца экалагічна чысты тавар — лясны мёд, — кажа Ліна Ляшук.
Яшчэ ДЛГУ “Лепельскі лясгас” прадаваліся венікі для лазні па цане два рублі сорак капеек.
Трэцяй кропкай, якая заслугоўвае асаблівай увагі, стала палатка прадпрымальнікаў, якія прывезлі абутак фірмы “Marko”. Яны распавялі, што звычайна прадаюць па выхадных у Талачыне, але нядаўна даведаліся пра кірмаш у Лепелі, і завіталі.
Апошняй кропкай на кірмашы стаў мясны павільён, дзе работнікі ААТ “Лядна” прадавалі цяляціну. Распавядае галоўны заатэхнік гаспадаркі Людміла Верташонак:
— Учора на забойнай пляцоўцы райспажыўтаварыства забілі і раздзелалі бычка жывой вагой 230 кілаграмаў. За ўсё заплацілі 58 рублёў.
— Аднак звычайна забойная вага пачынаецца ад 400 кілаграмаў…
— Мы турбаваліся, што попыт будзе слабы, аднак, на дзіва, мяса набываецца вельмі ахвотна. Прычым, заўважу, што самыя дарагія кавалкі — выразка па 15 рублёў за кілаграм — была прададзена ў ліку першых.
Прагуляўшыся яшчэ крыху і пагутарыўшы з сябрамі і знаёмымі, завяршыў абход.
Васіль МАТЫРКА.