Die Presse: Для аўстрыйскага адпачынку Лукашэнкі маглі адмыць 200 тысяч еўра
26.04.2010 00:24
—
Новости Мира
|
Хто аплачваў шыкоўны адпачынак Лукашэнкі ў Аўстрыі? Такое пытаньне на старонках уплывовага венскага выданьня задае аўстрыйскі спартовы журналіст Эрвін Рот. У сваёй публікацыі Рот выказвае меркаваньне, што звышкамфартабэльныя тырольскія канікулы беларускага кіраўніка і ягонай сям’і ў 2002 годзе маглі быць аплачаныя праз сакрэтны рахунак.
Нагадаем, што на пачатку 2002 году беларускі кіраўнік адпачываў у Аўстрыі паводле запрашэньня тагачаснага старшыні Алімпійскага камітэту краіны і ўладальніка сеткі казіно (Casinos Austria) Леа Вальнэра. Пазьней Вальнэр наведаў Менск у адказ на запрашэньне старшыні беларускага НАК, прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Эрвіна Рота, да журналісцкага расьсьледаваньня яго падштурхнулі матэрыялы пра рэвізію ў аўстрыйскім НАК, зьмешчаныя пару тыдняў таму ў штотыднёвіку «Format». Днямі Рот перадаў нядзельнаму выданьню Die Presse — штотыднёвіку Presse am Sonntag — сваю так званую «чырвоную папку» з квіткамі, расьпіскамі, даведкамі. Гэтыя дакумэнты даюць уяўленьне пра гісторыю шыкоўнай паездкі беларускага кіраўніка ў аўстрыйскія Альпы, а таксама пацьвярджаюць, што аўстрыйскі НАК сапраўды стварыў сумнеўны сакрэтны рахунак у Raiffeisen Bank’у (тым самым, які адзіны з еўрапейскіх банкаў быў дапушчаны на беларускі рынак). Гэта адбылося ў 2001 годзе з ініцыятывы Леа Вальнэра. Ужо 3 сакавіка 2002 году ў Аўстрыю прыляцеў беларускі кіраўнік са шматлікай сьвітай. Як вынікае з журналісцкага дасье, на два тыдні адпачынку беларускіх гасьцей была пералічаная сума 200 тысяч эўра.У «чырвонай папцы» можна знайсьці разнастайныя гатэльныя квіткі, а таксама квіткі на пракат лыжнай амуніцыі ды арэнду адмысловых бунгала для гарналыжнікаў. Як вынікае з дакумэнтаў, Лукашэнка і ягоная сьвіта жылі ў двух дарагіх альпійскіх гатэлях. Вось, напрыклад, адна з аплатаў на курорце ў Rosskopfhütte ад 16.03.2002. Дакладны час — 15 гадзін 28 хвілін, дакладная сума — 1006,40 эўра. Зафіксаванае набыцьцё 70 пляшак алькагольных напояў. Аплата зроблена (напісана ад рукі) «Аўстрыйскімі казіно» і аўстрыйскім НАК.Паводле дасье Рота, розныя буйныя кампаніі кшталту гатэляў, аўтобусных перавозчыкаў, авіякампаніяў звычайна дасылалі рахункі на аплату сваіх паслугаў непасрэдна ў «Аўстрыйскія казіно» тагачаснаму выканаўчаму дырэктару, «правай руцэ» Леа Вальнэра — Герхарду Скофу. Ці была нейкая выгада для аўстрыйскага НАК у тым, каб запрасіць у Альпы Лукашэнку? Журналіст Эрвін Рот лічыць, што ніякай. На яго думку, НАК увогуле ня меў дачыненьня да арганізацыі гэтай паездкі. Іншая справа — «Аўстрыйскія казіно», афіцыйны спонсар НАК і, паводле журналіста, «неафіцыйная каса беларускага дыктатара».Дзякуючы таму, мяркуе Рот, што Леа Вальнэр адначасна быў і старшынёй НАК, і ўладальнікам казіно, была вырашаная даволі складаная на той час дылема. У 2002 годзе кіраўніцтвам ЭЗ, як вядома, былі забароненыя афіцыйныя кантакты зь беларускім прэзыдэнтам Лукашэнкам. У Аўстрыю яго ўдалося запрасіць у якасьці прэзыдэнта беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Ініцыятарам такога неафіцыйнага запрашэньня быў ніхто іншы, як Леа Вальнэр. У размове з «Presse am Sonntag», адказваючы на пытаньне, хто быў зацікаўлены ў падобным запрашэньні, Вальнэр адзначыў: «Мы дзейнічалі ў інтарэсах аўстрыйскай эканомікі». Маўляў, аўстрыйскаму бізнэсу патрабавалася пашырэньне дзелавых кантактаў з Усходняй Эўропай. Як заявіў падначалены Вальнэра Скоф, і казіно, і шэраг іншых аўстрыйскіх фірмаў былі зацікаўленыя ў вядзеньні бізнэсу з 10-мільённай Беларусьсю, а таму паездка Лукашэнкі была ў гэтым сэнсе вельмі карыснай і патрэбнай для пэўных аўстрыйскіх прадпрыемстваў. Зацікаўленыя ў эканамічным супрацоўніцтве зь Беларусьсю бізнэсоўцы якраз і аплачвалі адпачынак Лукашэнкі і ягонай сям’і. На пытаньне «Хто гэта?» Вальнэр адказаў: «Мы ня хочам абмяркоўваць гэта публічна». Аднак чаму ж такая зацікаўленая ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю кампанія, як «Аўстрыйскія казіно», не адкрыла ніводнага казіно ані ў Менску, ані ў іншых гарадах гэтай усходнеэўрапейскай краіны? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, Эрвін Рот мае намер перадаць сваю чырвоную папку аўстрыйскай пракуратуры. Журналіст не выключае, што грошы маглі адмывацца.Скандальныя публікацыі адносна адпачынку прэзыдэнта Лукашэнкі ў Аўстрыі ў сакавіку 2002 году і яго фінансаваньня зьявіліся сёньня і ў іншых вядучых выданьнях гэтай краіны. Як піша выданьне Kurier, на створаны Леа Вальнэрам у 2001 годзе сакрэтны рахунак НАК цягам некалькіх гадоў былі пераведзеныя мільёны эўра. Сёньня гэтым рахункам шчыльна зацікавілася аўстрыйская пракуратура. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Скандальныя публікацыі адносна адпачынку прэзідэнта Лукашэнкі ў Аўстрыі ў сакавіку 2002 году і яго фінансавання з'явіліся ў нядзелю і ў іншых вядучых выданнях гэтай... |
|