СТЭФАН ЭРЫКСАН: «МНЕ ВЕЛЬМI ПАДАБАЕЦЦА БЕЛАРУСКАЯ МОВА!». 21.by

СТЭФАН ЭРЫКСАН: «МНЕ ВЕЛЬМI ПАДАБАЕЦЦА БЕЛАРУСКАЯ МОВА!»

16.12.2010 — Новости Мира |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Нягледзячы на тое, что дыпламатычныя адносіны паміж нашай краінай і Шведскім Каралеўствам былі наладжаны яшчэ на заранку беларускай незалежнасці (у 1992 годзе), адкрываць паўнавартасную дыпмісію шведы не спяшаліся. Палітычнае рашэнне аб павышэнні ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі і адкрыцці паўнавартаснага Пасольства Швецыі было прынята толькі ў снежні 2007 года. Скептыкі з іроніяй бачылі ў гэтым дыпламатычным нюансе прыкмету адсутнасці зацікаўленасці з боку Стакгольма ў развіцці двухбаковых кантактаў. Маўляў, дзе Швецыя, а дзе мы. Яны пралічыліся. Менавіта шведы сталі ініцыятарамі далучэння Беларусі да праграмы ЕС «Усходняе партнёрства». Што стымулявала шведскі бок прыняць такое рашэнне? Чым абумоўлена пазіцыя гэтай краіны? Ці верыць яна ў перспектывы беларуска-шведскіх адносін? Пра гэта наша размова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Швецыі ў Беларусі Стэфанам Эрыксанам.
— Пан Пасол, Швецыя выступіла ініцыятарам удзелу Беларусі ў праграме Еўрапейскага саюза «Усходняе партнёрства». Чым абумоўлена такая актыўная пазіцыя?
— Гэта невыпадкова. Мы традыцыйна займаем актыўную пазiцыю ў знешняй палiтыцы не толькi ў дачыненнi сваiх сусе-дзяў, але i іншых краiн па ўсім свеце. Што тычыцца блiжэйшага суседства — рэгiёна краін Балтыйскага мора (лiчым, што Беларусь таксама па праву належыць да яго), то шведскі бок вельмi зацiкаўлены ў развiццi гэтай прасторы. Напрыклад, у экалагiчнай сферы, таму што шмат рэк упадае ў Балтыйскае мора. Мы хочам, каб яно было больш чыстым. Швецыя — на-дзейны сябар Еўрасаюза, таму iмкнецца мець добрыя адносiны з краiнамi ўздоўж мяжы ЕС. Цяпер шмат что робiцца, каб паглыбiць таксама нашы стасункi з балканскімі краiнамi, з краінамі Міжземнамор’я. Аднак да гэтага часу не хапала iнструментаў, каб iнтэграваць у гэты працэс усходнееўрапейскiя краiны. З нашым добрым суседам — Польшчай — мы выступiлi з iнiцiятывай «Усходняга партнёрства», якое затым стала важнай часткай палітыкі ўсяго Еўрапейскага Саюза.
— Але ж iншы раз можна пачуць меркаванне, што ў адносiнах да Беларусi праграма «Усходняе партнёрства» працуе не на поўную моц.
— Сапраўды, так часам гавораць. Я не згодны з гэтым пунктам гледжання. Праграма накiравана на перспектыву. Прайшло мала часу, каб рабiць песiмiстычныя высновы. Нельга сказаць, што для развiцця стасункаў памiж Беларуссю i ЕС не было зроблена нiчого добрага. Iснавалi i раней удалыя праекты супрацоўнiцтва. Iнiцыятыва «Усходняе партнёрства» — дадатковы iнструмент для стварэння ўмоў, у якіх можна будзе паскорыць гэты працэс. Я лiчу, што пакуль мы маем пазiтыўныя зрухі. Вы ведаеце, што працу-юць шматбаковыя, двухбаковыя вектары гэтай праграмы. Дынамiка развiцця адносiн з рознымi краiнамi не аднолькавая, яна залежыць ад гатоўнасці і жадання саміх краін прыняць гэту праграму ў поўнай меры, улічваючы і прызнанне агульных каштоўнасцей. Аднак гэта iнiцыятыва дэманструе, што Еўрапейскi саюз адкрыты для паглыблення сувязей са сваiмi партнёрамi.
— Нядаўна Беларусь наведала Малена Морд, кіраўнік Дэпартамента Усходняй Еўропы i Цэнтральнай Азіі Міністэрства замежных спраў Швецыі. Што можна сказаць пра вынікі візіту? Ці змаглі бакі аб чымсьці дамовіцца?
— У апошнiя гады такiя перамовы праводзяцца рэгулярна. Iх мэта — не заключыць нейкiя дамовы, а абмеркаваць пытаннi двухбаковага, рэгiянальнага супрацоўнiцтва i, вядома, узаемадзеяння Беларусi з Еўрапейскiм саюзам. Перамовы прайшлі, на маю думку, вельмі добра. У нашых двухбаковых адносiнах ёсць пазітыўныя зрухі. Вядома, пытаннi, у якiх пакуль няма поўнага ўзаемаразумення, застаюцца, але ж дыялог паміж намі працягваецца.
— Якія сферы ўзаемадзеяння развіваюцца найбольш дынамічна?
— Апошнiя амаль дваццаць гадоў стасункі паміж Швецыяй і Беларуссю паступова развіваюцца. І тут ёсць шэраг прычын. Да таго часу, пакуль Беларусь не набыла дзяржаўную незалежнасць, нiякiх адносiн памiж намi наогул не было. Шведы не ведалi, што такая краiна iснуе.
Цяпер кантакты ўсталявалiся ў многiх сферах. Гэта датычыцца, напрыклад, гандлёвых адносiн. У гэтай сферы сапраўды ёсць станоўчыя тэндэнцыi. Гандлёвы абарот, можа, i невялiкi, але ж ён расце. Гэта важна. Шведы iмкнуцца нарошчваць сваю эканамiчную прысутнасць у Беларусi. Цiкавасць да краiны праяўляюць не толькі такія буйныя шведскiя кампанii, як «Эрыксан», «Вольва», IKEA, АББ, але і прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, якія часам працу-юць наўпрост, а часам праз свае даччыныя кампаніі ў Прыбалтыцы, Польшчы. Шведскi бок выказвае гатоўнасць паглыбляць супрацоўнiцтва ў сферы лясной гаспадаркi, вытворчасцi торфабрыкету, у энергетыцы, у тым лiку ў галiне выкарыстання альтэрнатыўных крынiц энергii. Швецыя разглядае магчымасць удзелу ў праекце будаўніцтва водаачышчальных збудаванняў у Слоніме, Баранавічах і Віцебску. У ім маюць намер узяць удзел такія буйныя міжнародныя фінансавыя арганізацыі, як Паўночны банк інвестыцый і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Захоўваецца таксама практыка аказання Беларусi тэхнiчнай дапамогi па лiнii Шведскага агенцтва мiжнароднага развiцця, якое падтрымлівае праекты, накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці, культуры, адукацыі і навукі, прыватнага прадпрымальніцтва, экалогіі, аховы здароўя, сацыяльнай сферы і іншыя.
Актывізуюцца стасункi памiж людзьмi, прадстаўнікамі розных прафесiйных колаў: журналiстамi, дзеячамi культуры, сябрамі палiтычных партый. Шведскi бок iмкнецца нала-дзiць шматбаковыя сувязi з усiм грамадствам i ўжо дасягнуў на гэтым шляху пэўных поспехаў. Пасольства Швецыi ў Беларусi працуе толькi трэцi год, бо да гэтага iснавала Аддзяленне ў Мінску Пасольства Швецыі ў Маскве. І тое, што мы пашырылі сваю прысутнасць у Беларусi, паказвае нашу шчырую цікавасць да вашай краіны.
— Ёсць сферы, у якiх хацелася б усталявать рабочыя адносiны, але не атрымлiваецца?
— Мяркую, што такiх галiн, дзе зусiм не атрымлiвалася б наладзiць узаемадзеянне, не iснуе. У чымсцi, можа, i хацелася б бачыць большую дынамiку, але гэта толькi падстава для таго, каб рухацца далей, супольна шукаць выйсце. Хацелася б, каб Беларусь больш актыўна наведвалi прадстаўнiкi шведскiх кампаній, а беларусы са свайго боку таксама ездзілі ў Швецыю пазнаёміцца з досведам сваіх паўночных калег. Але, як вы разумееце, пасольству ўплываць на рашэнні фірм складана. Існуюць аб’ектыўныя абставiны, якiя не залежаць ад нас.
— Якія абставiны вы маеце на ўвазе?
— Павiнна быць не толькi цікавасць, але i ўмовы. Каб рэалiзаваць усе задумы, патрэбен час i пэўныя намаганнi. Спаборнiцтва паміж краiнамi за прыцягненне iнвестараў — справа нармальная. Канкурэнцыя прымушае людзей напружвацца, рухацца наперад. Няма канкурэнцыі — няма развiцця. Iнвестары глядзяць на Беларусь, Расiю, Украiну, краіны Балтыi i параўноўваюць умовы. А каб стварыць прывабныя ўмовы, неабходна папрацаваць. Швецыя таксама зацiкаўлена ў прыцягненнi замежных iнвестараў. Таму мы шмат робiм для таго, каб яны бачылi перспектыву ўкладання сродкаў у нашу краiну. Але я ўпэўнены, што i гэтыя стасункі памiж Швецыей i Беларуссю будуць развiвацца.
— Прэзідэнцкія выбары, якія павінны адбыцца ў Беларусі, — аб’ект вялікай увагі многіх еўрапейскiх экспертаў. Шведскія назіральнікі будуць прымаць удзел у маніторынгу электаральнай кампаніі?
— Швецыя сапраўды цiкавiцца тым, якiя працэсы адбываюцца ў Беларусi на палiтычным узроўні. Наша краіна бярэ ўдзел у назiраннi за выбарчай кампанiяй. Нашы эксперты-назiральнiкi, як доўгатэрмiновыя, так i кароткатэрмiновыя, увайшлi ў склад мiсii БДIПЧ АБСЕ. У манiторынгу таксама возьмуць удзел шведскiя парламентарыi ў складзе дэлегацыii Парламенцкай асамблеi АБСЕ.
— З боку шведскага пасольства будуць сачыць за выбарчым працэсам?
— Так. Я не першы год працую ў Беларусi і таму меў магчымасць сачыць за шэрагам выбарчых кампанiй. Увогуле, назiраць за палiтычнымi працэсамi ў краiне знаходжання — мой абавязак як пасла. Зразумела, я не буду ўваходзіць у склад афiцыйных мiсiй назiральнiкаў АБСЕ, але ж на сваім узроўні таксама буду сачыць за тым, як будзе праходзiць датэрмiновае галасаванне, а потым галасаванне ў дзень выбараў.
Швецыя надае вялiкае значэнне таму, як ва ўсім свеце ідзе дэмакратычны працэс. Мы шчыра верым у тое, што ў кожнай краіне грамадства павiнна мець магчымасць браць удзел у свабодным волевыяўленні. Калi грамадзяне актыўна, асэнсавана ўплываюць на выбар кiраўніцтва дзяржавы, гэта ў першую чаргу павышае асабiстую адказнасць людзей за свой лёс, за лёс сваёй краіны. Досвед паказвае, што найвышэйшага ўзроўню эканамічнага і сацыяльнага развiцця дасягаюць адкрытыя, дэмакратычныя краiны, у якіх выбарчы працэс праходзіць свабодна.
— Ці можна меркаваць, якое будзе напаўненне шведска-беларускіх адносін на бліжэйшую перспектыву?
— Для таго каб эфектыўна выкарыстоўваць той патэнцыял, якi мы маем, неабходна выпрацаваць узаемаразуменне ў такіх пытаннях, як правы чалавека, свабода слова, свабода сходаў, свабодныя выбары. Мы можам выкарыстоўваць аднолькавыя тэрмiны, але ўкладваць у iх розны сэнс, а гэта не спрыяе дыялогу. Адсутнасць узаемаразумення хоць i не спыняе, але стрымлiвае развiццё. Гэтага можна было б пазбегнуць.
— Ваша каманда была няўмольнай, падкрэсліўшы, што ў час інтэрв’ю гутарка павінна весціся выключна па-беларуску. Чаму?
— Мне вельмi падабаецца беларуская мова! Калi я прыехаў сюды, мне было цiкава вывучыць яе. Са мной працавала выкладчыца, i я атрымліваў сапраўдную асалоду ад навучання. Мяне таксама натхняла рэакцыя людзей, якiя ставіліся вельмi станоўча да маiх на той момант сцiплых спроб размаўляць па-беларуску. Зараз у мяне атрымлiваецца трошкi лепш, але ж i гэтага недастаткова. Буду працягваць навучанне!
На маю думку, у беларускiм грамадстве беларускай мовы не хапае. Я разумею, што так склалася гiстарычна, што на гэта
ёсць свае прычыны. Але калi ў мяне з,яўляецца магчымасць, заўсёды карыстаюся беларускай мовай, у тым лiку ў крамах, у рэстаранах. Распытваю, чаму беларусы не размаўляюць на роднай мове, чаму няма беларускамоўнаго меню. Тым самым я iмкнуся паказаць, што гэта мова вартая ўвагi. Яна мае глыбокiя каранi — Бiблiя была перакладзена на беларускую мову раней, чым на рускую або шведскую. Мне вельмi хочацца паспрыяць таму, каб беларусы не забывалі пра гэта. Ваш народ мае такое багацце — вельмi прыгожую, мілагучную мову! Можна спрачацца пра тое, чаму яна не распаўсюджана, і вінаваціць у гэтым іншых. Але, на маю думку, вельмі важна, каб жаданне гаварыць на роднай мове ішло ў першую чаргу ад саміх людзей. Гэта частка iх гiсторыi, культуры. Без беларускай мовы Беларусь не будзе Беларуссю.

Палiна ПАШКОЎСКАЯ
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на тое, что дыпламатычныя адносіны паміж нашай краінай і Шведскім Каралеўствам былі наладжаны яшчэ на заранку беларускай незалежнасці (у 1992 годзе),...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Мира)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика